Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАРХІСТЫ АДМОВІЛІСЯ АД УЛАСНАГА ПІКЕТУ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Я зайшоў у рэдакцыю газэты “Навінкі”, калі галоўны рэдактар выданьня й ініцыятар пікету Паўлюк Канавальчык зьбіраўся паведаміць у чэскую амбасаду пра адмову ад акцыі:

(Канавальчык: ) “Алё, добры дзень. Гэта галоўны рэдактар газэты “Навінкі” Паўлюк Канавальчык. Ці магу я пакінуць інфармацыю для спадара Фойціка? Арганізатары пікету прынялі рашэньне пікет не праводзіць у суботу. Увогуле. Дзякуй”.

Упершыню анархісты з “Навінак” адмаўляюцца ад заплянаванае, пагатоў дазволенае, акцыі. Звычайна пэрформансы анархістаў недазволеныя й часьцяком заканчваюцца міліцэйскімі санкцыямі. Якія аргумэнты знайшоў прадстаўнік Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік, каб пераканаць анархістаў? Найперш, ён ня ўпрошваў, а інфармаваў. Кажа Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) “Было сказана, што нашая акцыя можа пашкодзіць беларускім эмігрантам у Чэхіі, у абарону якіх мы зьбіраліся праводзіць гэты пікет”.

Вось як пракамэнтаваў сустрэчу сам спадар Фойцік:

(Фойцік: ) “Асноўны аргумэнт, што пікетаваньне таго, што іх у прынцыпе не датычыць. Горад Прага ў прынцыпе ня браў да ўвагі, што нейкія беларусы распаўсюджваюць улёткі. Гэта ўсё было дзеля захаваньня турыстычнага асяродзьдзя — таму што маецца занадта шмат рэклямных матэрыялаў і гэтак далей”.

Заяўцы на пікет папярэднічала кампанія дасылкі лістоў на адрас чэскае амбасады ў Менску. У лістах прыхільнікі “Навінак” выказвалі абурэньне забаронай на распаўсюд “летакаў” — так па-чэску завецца рэклямная ўлётка.

Па словах Паўлюка Канавальчыка, пляц Бангалёр добра падыходзіць для акцыі, бо яна задуманая як вялікі пэрформанс. Працягвае Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) “Усе ўдзельнікі акцыі мусілі быць пераапранутыя накшталт раздатчыкаў улётак-летакаў. Трымаць рознага кшталту рэкляму на сабе, якая завецца “бутэрброд”, трымаць палку, напрыклад, “Да McDonald’s 10 мэтраў”. Альбо “да Інтэрнэт-кавярні”, альбо “да сэкс-шопу 20 мэтраў”. І гэта мусіла быць свайго кшталту мадэльлю Старамескай плошчы ў Празе, там дзе пераважная бальшыня “ўпырхлікаў” і працуе”.

“Упырхлік” па-чэску значыць уцякач. Мы зьвязаліся зь беларускім уцекачом Міколам, які мае сталы стаж працы раздатчыка ўлётак:

(Мікола: ) “Я знаходжуся зараз у цэнтры Прагі, гэта Старамеская плошча: лобнае месца, куды прыходзяць усе пражакі, усе турысты. Магчыма, працэнтаў сорак людзей, якія робяць гэтую працу, паходзяць менавіта зь Беларусі. Праца прыносіць добрыя грошы — 500 даляраў на месяц”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, тваёй працы засталося літаральна да 1 ліпеня. Куды можна пайсьці шукаць іншую працу?”

(Мікола: ) “Усе людзі застануцца тут у цэнтры, бо ў прынцыпе праца ёсьць. Магчыма, яна ня будзе прыносіць такія вялікія грошы. Напрыклад, продаж карцінаў, альбо продаж сувэніраў, у крамах, альбо ў шапіках, якія тут паўсюль”.

Эмігрант Мікола з сумам кажа, што са зьнікненьнем раздатчыкаў улётак Прага згубіць калярыт. Калісьці Мікола быў адным зь першых распаўсюднікаў газэты “Навінкі”. Пасьля жорсткага зьбіцьця падчас Маршу Свабоды ў 1997 годзе вырашыў эміграваць. З таго часу нямала моладзі выехала ў Эўропу, у тым ліку ў Чэхію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG