Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПАКЛЁП НА КІРАЎНІКА ШВЭЦЫІ КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЬЦІ НЯМА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч зазначыў, што свабода слова — вельмі надзённая ў Беларусі праблема. І судовы працэс над ім і Паўлам Мажэйкам найлепш гэта пацьвярджае — гэты працэс закончыўся ў мінулы панядзелак.

Галоўная рэдактарка гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі” Алена Раўбецкая лічыць, што ўмовы існаваньня недзяржаўных газэтаў і дзяржаўных — не аднолькавыя. За першымі сочаць фінансавыя органы, пільнуе пракуратура. Журналістам незалежных газэтаў цяжэй атрымаць інфармацыю ў афіцыйных установах. Але часам яны могуць значна больш за газэты дзяржаўныя. Гаворыць Алена Раўбецкая:

(Раўбецкая: ) “Але я магу сказаць, што ў нейкай ступені вельмі ганаруся тым, што валодаю гэтай самай свабодай слова. Таму што з 11 газэтаў, якія выходзяць у Горадні, толькі “Біржа інфармацыі” можа падрабязна, цалкам свабодна асьвятляць працэс над газэтай “Пагоня”. Не хаваючы ніякай інфармацыі ад насельніцтва. Гэта падвышае наш рэйтынг і прымушае тыя ж самыя ўлады зьвяртаць на нас увагу, як на адзіную, якая існуе ў Горадні, інфармацыйную сілу.

Перад журналістамі выступіў Нільс Функе, прафэсар унівэрсытэту ў Стакгольме. Ён расказаў пра гісторыю разьвіцьця свабоды слова ў Швэцыі. Унікальны закон аб свабодзе друку там існуе з другой паловы 18 стагодзьдзя. Аднак і ў гэтай краіне ўлады не аднойчы імкнуліся час ад часу абмежаваць свабоду прэсы.

Галоўныя рэдактары швэдзкіх выданьняў у некаторых выпадках нават нясуць крымінальную адказнасьць. Але становішча з гэтым у Швэцыі й Беларусі ўсё ж адрознае. Гаворыць прафэсар Функе:

(Функе: ) “Справа хутчэй ня ў нормах заканадаўства, а ў тым, якім чынам адбываецца судовае разьбіральніцтва. Справа ў практыцы, а не ў заканадаўстве. Наколькі мне вядома, сытуацыя з гэтым у Швэцыі больш дэмакратычная, чым у Беларусі. І пра гэта сьведчыць прыклад зь Міколам Маркевічам”.

У швэдзкім заканадаўстве таксама існуе пункт пра паклёп на першую асобу дзяржавы — аднак не ў разьдзеле крымінальных злачынстваў, і за гэта крымінальнай адказнасьці няма. Працэсы, якія датычаць свабоды слова, лічацца ў Швэцыі вельмі далікатнай справай. Лёс журналіста вырашае ня суд у асобе аднаго судзьдзі, як у нас, а суд прысяжных зь дзевяці асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG