У пошце апошніх тыдняў усё часьцей сустракаецца слова “рэфэрэндум”. Многія нашыя слухачы лічаць, што Аляксандар Лукашэнка, адчуўшы аслабленьне сваёй папулярнасьці й ня маючы вялікіх спадзяваньняў на плён саюзнага будаўніцтва, выкарыстае менавіта гэты ўжо ня раз апрабаваны сродак барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.
Віктар Сінчук з Маладэчанскага раёну з гэтай нагоды піша:
“Пасьля таго, як Лукашэнка пасварыўся з Пуціным, у яго толькі адзін шлях — яшчэ большая ізаляцыя і ўмацаваньне асабістай улады, аж да таго, каб зрабіць яе пажыцьцёвай. Не зьдзіўлюся, калі хутка нам абвесьцяць, што адбудзецца адпаведны рэфэрэндум, так бы мовіць, “па просьбе працоўных”. Дзеля гэтага нават могуць склікаць які-небудзь чарговы “Ўсебеларускі сход”. Баюся, што наша апазыцыя ў гэтых умовах будзе дзейнічаць гэтак жа, як і мінулыя разы — вяла, пасіўна, губляючы ініцыятыву. І Лукашэнка ў выніку зноў даб’ецца свайго — застанецца пры ўладзе да канца сваіх дзён. Няўжо нельга неяк паўплываць на апазыцыю, каб яна зьмяніла стратэгію і тактыку, каб туды прыйшлі іншыя людзі?”
Падобныя меркаваньні выказвае і Ірына Малочка з Магілёва. Яна піша:
“Трэба быць рэалістамі — уладу Лукашэнка, пакуль жыве, нікому не аддасьць. Правядзе яшчэ некалькі рэфэрэндумаў, выбараў, на якіх атрымае такі вынік, які захоча. Улады ў яго цяпер столькі, што зрабіць гэта нескладана. Да таго ж чыноўнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, што аслухацца не адважацца.
Так што Беларусь будзе марудна і доўга загніваць, пакуль Лукашэнка здольны стаяць на каньках і трымаць у руках клюшку. Разумныя людзі даўно гэта зразумелі і ўжо ўладкаваліся — хто ў Амэрыцы, хто ў Нямеччыне, хто ў Польшчы, ці хоць бы ў Маскве... А хто, як я, яшчэ на нешта спадзяваўся, цяпер кусаюць локці й шукаюць шлях за мяжу. Іншага разумнага выйсьця я ня бачу”.
Абодва аўтары цытаваных лістоў, відавочна, памятаючы досьвед 1995 і 1996 гадоў, зыходзяць з таго, што рэфэрэндум — нейкі ўнівэрсальны і бяспройгрышны для ўлады сродак прыняцьця любых выгадных уладзе рашэньняў. Між тым, можна згадаць і іншы прыклад — рэфэрэндум 1991 году пра захаваньне Савецкага Саюзу. Усяго праз паўгода пасьля таго, як КПСС атрымала на тым плебісцыце патрэбны для сябе вынік, Савецкі Саюз перастаў існаваць.
Беларускія рэфэрэндумы сярэдзіны 90-х гадоў адбываліся ў той час, калі Лукашэнка сапраўды меў вялікую ступень падтрымкі насельніцтва. Сёньня сытуацыя істотна зьмянілася. Стаўленьне і да Лукашэнкі, і да ягоных ініцыятываў — зусім іншае. Так, улады ў яго дастаткова, каб галасы на любым рэфэрэндуме палічылі гэтак, як ён загадае. Але гэта зусім не азначае, што прынятыя такім спосабам рашэньні будуць даўгавечныя.
Ліст ад Аляксандра Гудзевіча з Асіповіцкага раёну. Ён піша:
“Паслухаеш вас — дык паўсюль у Беларусі кепска. Але ж кавалак хлеба ўсе маюць, з голаду ніхто ня пухне. Пасьля вайны было яшчэ горш. І даху над галавой не было, і пэнсіі калгасьнікам не плацілі. Я да канца жыцьця буду помніць, як увесну маці пасылала нас на поле, шукаць якую мерзлую бульбу, што засталася на леташнім бульбоўніку. Саладкавата-горкія тыя аладкі з марожанай, падгнілай бульбы памятаю дагэтуль. А цяпер жыць пакуль можна. Канечне, пры Савецкім Саюзе жылося сытней, але хто вінаваты, што развалілі вялікую дзяржаву. Не Лукашэнка ж...”, — напісаў Аляксандар Гудзевіч з Асіповіцкага раёну.
Зразумела, спадар Гудзевіч, на вашае пакаленьне выпала вельмі шмат выпрабаваньняў, і вам ёсьць з чым параўноўваць. Пасьля вайны, аднак, мінула ўжо больш як паўстагодзьдзя. У паваенны час у руінах ды папялішчах ляжала ня толькі Беларусь — і Нямеччына, і Польшча, і Чэхія. Людзям там таксама давялося пачынаць фактычна з нуля — і недаядаць, і будавацца, і цярпець нястачу...
Дык чаму за мінулыя дзесяцігодзьдзі гэтыя краіны дасягнулі высокага ці сярэдняга ўзроўню жыцьця, дынамічна разьвіваюцца, а Беларусь нібы застыла, альбо нават павярнула назад? Ня думаю, што тыя грамадзяне Беларусі, якія нарадзіліся пасьля вайны (а гэта большая частка насельніцтва краіны), задаволяцца вашымі аргумэнтамі й спасылкамі на вайну ды на распад савецкай імпэрыі.
Наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску піша:
“Доўгі час я не дасылаў вам свае лісты і ня слухаў Свабоду. Справа ў тым, што на 21-м годзе працы сапсаваўся мой старэнькі “Акіян”. Але цяпер я зноў са Свабодай. Прашу прабачэньня, але ў гэтым сваім лісьце я жадаю даць вам параду, ці зрабіць заўвагу.
Вы часта запрашаеце ў студыю вядомых асобаў, грамадзкіх дзеячоў, цікавых суразмоўцаў. Але, як кажуць, “жыўцом” можна пачуць толькі тых, хто размаўляе на беларускай мове. Расейскамоўныя субяседнікі церпяць у вас ад дыскрімінацыі. Я лічу, што, робячы сынхронны пераклад з расейскай мовы на беларускую, Радыё Свабода прайграе.
Па-першае, усе беларусы ведаюць расейскую мову, пераклад не патрэбны. Па-другое, гэта — зьнявага расейскамоўнага ўдзельніка перадачы. Для мяне важна, што ён скажа. Беларускай мове ён ужо ніякай шкоды ня зробіць. Самую вялікую шкоду ў гэтай справе ўжо прычынілі беларускія ўлады і мы самі, ня здолеўшы даць адпор гэтай уладзе.
Па-трэцяе, калі ў перадачы ўдзельнічае Андрэй Клімаў, дык дайце ж слухачам магчымасьць паслухаць менавіта Клімава, а не манатонны і, магчыма, недакладны пераклад. Важна, зь якімі эмоцыямі адказвае ён на пытаньні. Такое было і ў іншых перадачах — з Варонежцавым, Зінаідай Ганчар ды іншымі”, — напісаў Ільля Копыл зь Менску.
Мы даволі часта атрымліваем лісты з такімі і падобнымі да іх прапановамі. Натуральна, у многім вы, спадар Ільля, маеце рацыю. Моўная сытуацыя ў выніку адпаведнай палітыкі ўладаў складваецца такім чынам, што беларускамоўных суразмоўцаў (у тым ліку сярод вядомых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў) становіцца ўсё менш.
Не пагаджуся, аднак, з вашым цьверджаньнем наконт таго, што сынхронны пераклад нібыта зьневажае расейскамоўнага суразмоўцу. Калі гэта беларускі палітык альбо грамадзкі дзеяч, калі ён прэтэндуе на ўладу ў гэтай краіне альбо на грамадзкае прызнаньне, ён абавязаны ведаць мову свайго народу.
Беларуская Свабода ад пачатку, зь першых дзён свайго стварэньня, была беларускамоўнай. Гэтым прынцыпам мы кіруемся і сёньня. Хоць прызнаем, што праблема існуе, і з часам, магчыма, нейкія карэктывы ў гэтай справе будуць.
На заканчэньне — новы ліст ад Міхаіла Лекаха з Рыгі, з Латвіі. Гэтым разам ён піша:
“Хачу папрасіць у вас, спадар Жданко, прабачэньня за празьмерна эмацыйныя заўвагі на ваш адрас, якія выказаў у адным са сваіх папярэдніх лістоў. Сучасная журналістыка настолькі палітызаваная і неаб’ектыўная, што часам цяжка ўстрымацца ад рэзкіх выказваньняў. Але, паслухаўшы, як вы цытавалі й камэнтавалі мой ліст пра Галакост, мушу падзякаваць вам за сумленны і аб’ектыўны падыход”.
Далей спадар Леках, які, відавочна, пільна сочыць за ўсімі перадачамі Беларускай Свабоды, зьвяртае ўвагу на травеньскі сюжэт, у якім ішла размова пра падвышэньне камунальных плацяжоў у Беларусі. З заўвагай журналіста пра тое, што ў краінах Балтыі, у адрозьненьне ад Беларусі, рост камунальных тарыфаў суправаджаўся ростам заробкаў, Міхаіл Леках катэгарычна ня згодны. Ён піша:
“На канец 2000 году, у Рызе з кватэраў за нясвоечасовую аплату была выселеная больш як тысяча сем’яў. Паводле апошніх статыстычных зьвестак, 25% усіх работнікаў у Латвіі атрымліваюць штомесяц 70 латаў ці менш (1 даляр — прыблізна 64 латвійскія сантымы). Амаль палова насельніцтва зарабляла меньш як 100 латаў.
Цяпер палічым — колькі павінна была заплаціць, да прыкладу, у студзені 2002 году сямья з трох чалавек за кватэру ў Рызе агульнай плошчай 46 квадратных мэтраў. Ацяпленьне — больш як 27 латаў, гарачая вада — больш як 18, усяго мінімальныя выдаткі складаюць каля 76 латаў — а гэта амаль 119 даляраў. Дык ці можа большасьць жыхароў Латвіі аплаціць камунальныя паслугі? Адказ відавочны. Вось, спадарства, якія ў Латвіі суадносіны паміж ростам камунальных плацяжоў і ростам заробкаў і пэнсіяў”, — напісаў Міхаіл Леках з Рыгі.
Эканамічныя цяжкасьці, спадар Леках, перажываюць усе постсавецкія краіны, краіны Балтыі ў тым ліку. Дзяржава ня здольная цалкам утрымліваць сацыяльную сфэру, фінансаваць за кошт бюджэту марнатраўства тых жа камунальнікаў. Беларускія ўлады паспрабавалі гэта працягваць па старой савецкай завядзёнцы. І што ж — пасьля дзесяці гадоў пакутаў, на працягу якіх камунальныя тарыфы заставаліся нізкімі, але сярэдні заробак пры гэтым вагаўся ў межах 20 даляраў — і ў Беларусі вымушаныя былі пайсьці тым жа шляхам. Заробкі ў пераліку на цьвёрдую валюту ў краіне ўжо амаль год не растуць, і нават зьніжаюцца, а камунальныя тарыфы за гэты ж час вырасьлі на 200–300%.
Відавочна, рынкавыя пераўтварэньні непазьбежныя, як непазьбежныя і цяжкасьці, якія спадарожнічаюць гэтаму пераходу. Пытаньне ў тым, як хутка адбудзецца трансфармацыя і якую цану заплаціць за гэта грамадзтва.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.