Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЭКТАКЛЬ ПА П’ЕСЕ ЯНКІ КУПАЛЫ “ТУТЭЙШЫЯ” ПРОЙДЗЕ НА СЦЭНЕ КУПАЛАЎСКАГА ТЭАТРУ 7–8 ЛІПЕНЯ


Галіна Абакунчык, Менск

За час адсутнасьці на сцэне ў “Тутэйшых” адбыліся некаторыя зьмены ў акторскім складзе. Так, замест памерлага Анатоля Луцэвіча ролю Лявона Гарошкі будзе іграць Генадзь Аўсяньнікаў. Ролю ўсходняга вучонага, якую выконваў цяперашні дырэктар тэатру Генадзь Давыдзька, узяў на сябе Аляксандар Падабед. У астатнім (акрамя адноўленых дэкарацыяў) у пастаноўцы зьменаў не адбылося.

Нагадаю, што паводле афіцыйнай вэрсіі “Тутэйшыя” былі забароненыя з прычыны тэхнічнай зношанасьці абсталяваньня. Спадар Давыдзька сьцьвярджае, што з-за гэтага з рэпэртуару былі зьнятыя й іншыя спэктаклі, у прыватнасьці, “Князь Вітаўт”, хоць ён больш патрыятычны, чым “Тутэйшыя” Гаворыць Генадзь Давыдзька:

(Давыдзька: ) “Цэлы год мы не ігралі “Вітаўта”, і ўсім усё роўна. Вось ён патрыятычны. А “Тутэйшыя” — ён больш горкі, больш абразьлівы для беларусаў: гэтая памяркоўнасьць, сьціпласьць, неабходнасьць пад усіх лезьці — гэта горкая рыса майго народу. А тое, што бальшавікі ўсіх забівалі — для каго гэта навіна? Яны й будуць яшчэ забіваць, бальшавікі, і камуністы ўсіх”.

Іншага меркаваньня прытрымліваецца рэжысэр спэктаклю Мікалай Пінігін. Паводле ягоных словаў, “Тутэйшыя” менавіта таму й былі забароненыя, што праз драматычны лёс галоўнага героя Мікіты Зноска, які хоча дагадзіць заваёўнікам і з Усходу, і з Захаду, Янка Купала дае зразумець, што беларус мусіць бараніць сваю мову, сваю культуру й ва ўласным доме павінны гаспадарыць сам, а не суседзі. Гэтая думка ўзмоцненая сучаснай пастаноўкай, у якой анёлы ўздымаюць сымбалічнае бел-чырвона-белае палотнішча. Гаворыць Мікалай Пінігін:

(Пінігін: ) “Гэты спэктакль раздражняе. І, безумоўна, бел-чырвона-белы сьцяг. Тое, што ён там зламаўся, дэкарацыі не гатовыя — гэта хлусьня, таму што любы спэктакль можна адрамантаваць за месяц–два самае вялікае. Мне абяцалі, што ў наступным сэзоне спэктакль будзе гуляцца. Пабачым”.

Паводле словаў Пінігіна, воклічы й раскідваньне ўлётак падчас спэктаклю вельмі патрэбныя ўладзе, бо гэта ёсьць падставай, каб зьвінаваціць гледачоў у хуліганстве й забараніць спэктакль. Таму ён заклікае моладзь гэтага не рабіць. “Тутэйшыя” на сцэне Купалаўскага тэатру пройдуць 7 і 8 ліпеня. Працяг паказу заплянаваны на новы тэатральны сэзон, які распачнецца 20 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG