Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛА ВЯДОМАЯ ПРЫЧЫНА АВАРЫІ ЎЛАДЗІМЕРА МУЛЯВІНА


Ганна Соусь, Менск

Паводле прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспэкцыі, асноўнай вэрсіяй здарэньня лічылася значнае перавышэньне хуткасьці. Высьветлілася й іншая акалічнасьць. Лябараторны аналіз крыві выявіў утрыманьне алькаголю, але гэтая інфармацыя не агалошвалася. Магчыма, менавіта гэтай акалічнасьцю тлумачыцца атмасфэра сакрэтнасьці вакол стану здароўя і лячэньня Ўладзімера Мулявіна.

Старшы інспэктар аддзелу дазнаньняў ДАІ Менскай вобласьці Канстантын Янушка наведаў Уладзімера Мулявіна ў шпіталі, каб дапытаць яго пра акалічнасьці аварыі.

(Янушка: ) “Нешта канкрэтнае патлумачыць па факце дарожна-транспартнага здарэньня ён ня здолеў. Нічога асаблівага ён ня памятае. Аглядзелі аўтамабіль Мулявіна. Якіх-небудзь мэханічных пашкоджаньняў аўтамабіля, якія маглі бы стаць прычынай дарожна-транспартнага здарэньня, не ўсталявана. Папярэдне магу сказаць толькі адно — няправільна абраная хуткасьць”.

Паводле Канстантына Янушкі, канчатковае заключэньне будзе празь некалькі тыдняў. Нагадаю, што па факце аварыі, у якую трапіў Уладзімер Мулявін, была распачатая крымінальная справа.

Сам кіраўнік “Песьняроў” дагэтуль знаходзіцца ў Менскай лечкамісіі. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік галоўнага лекара Сяргей Сьцепуноў, ягоны стан не выклікае засьцярогі. Больш падрабязную інфармацыю пра здароўе Мулявіна, паводле Сьцепунова, можна атрымаць толькі з асабістага дазволу галоўнай лекаркі лечкамісіі Ірыны Абельскай. Дарэчы, толькі зь яе згоды можна наведаць Уладзімера Мулявіна.

Сьпявак Лявон Барткевіч ня здолеў трапіць у шпіталь да свайго калегі, але пэўнай інфармацыяй пра ягонае здароўяе ён валодае.

(Барткевіч: ) “Цяпер лепей ужо, намнога лепей, таму што ён ужо крыху прыпадымаецца, адчувае ногі й рукі і такі больш вясёлы”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, калі Вы апошні раз бачылі яго?”

(Барткевіч: ) “Я яго ня бачыў, таму што жонка не дазваляе. Толькі жонка там ходзіць. Але ж мы маем усю інфармацыю ад лекараў і ад яе”.

(Карэспандэнтка: ) “Чым выкліканая такая сакрэтнасьць, чаму складана да яго трапіць, даведацца пра стан здароўя?”

(Барткевіч: ) “Я ня ведаю. Многа ўсялякіх карэспандэнтаў, шмат усялякіх плётак. Можа, каб не было нічога лішняга, каб захаваць ягоны маральны стан. Але больш ад жонкі ўсё ідзе”.

Паводле Лявона Барткевіча, “Песьняры” працягваюць працаваць і ў адсутнасьць кіраўніка ансамблю.

(Барткевіч: ) “У нас будуць канцэрты, мы зараз рыхтуемся да фэстывалю “Славянскі базар” 19–20 ліпеня. Запісваемся. Канечне, яго не хапае, але ж ён ведае усё, што мы робім”.

Умовы знаходжаньня Ўладзімера Мулявіна ў лечкамісіі вельмі добрыя, эўрапейскага ўзроўню. Ён ляжыць у вялікай палаце, абсталяванай самай сучаснай мэдычнай тэхнікай. Што да прафэсійнага боку ягонага лячэньня, то варта адзначыць, што штодня да яго прыходзяць на кансультацыі лекары з Інстытуту траўматалёгіі й артапэдыі, дзе ён лячыўся раней. Бо, як сьцьвярджаюць некаторыя пацыэнты лечкамісіі, у гэтай установе добрыя ўмовы знаходжаньня, але ня самыя лепшыя лекары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG