Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЁМАСЬЦЬ САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ПРАДАДУЦЬ ПРАЗ КАМІСІЁНКУ


Валянціна Аксак, Менск

Да сёлета Саюз пісьменьнікаў у ліку іншых творчых арганізацыяў фінансаваўся зь дзяржаўнага бюджэту. Аднак з выдзеленых на мінулы год грошай Саюз пісьменьнікаў атрымаў менш за палову, а з 17 ліпеня Міністэрства фінансаў наагул спыніла пералічэньні на рахунак СП.

Старшыня саюзу Вольга Іпатава і пісьменьніцкая рада напісалі з гэтае нагоды больш за дзясятак лістоў і зваротаў да высокіх дзяржаўных асобаў. Некаторая рэакцыя на іх абнадзейвала. Так, 12 студзеня кіраўнік прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўрал Латыпаў у дакладной запісцы на імя спадара Лукашэнкі напісаў: “Лічым неабходным выплаціць гэтаму творчаму саюзу запазычанасьць за 2001 год па заработнай плаце”. Гэтыя намеры былі пацьверджаныя 25 сакавіка на паседжаньні грамадзкіх арганізацыў у віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дражына.

Тым часам, не дачакаўшыся выкананьня абяцанага, амаль усе тэхнічныя работнікі сакратарыяту СП звольніліся. А былая галоўная бугальтарка Сьвятлана Рыбакова падала заяву ў суд аб спагнаньні нявыплачанай ёй за восем месяцаў заработнае платы. Суд яе задаволіў. А паколькі грошай на рахунку няма, то сёньня судовы выканаўца суду Партызанскага раёну Менску Іна Барысевіч правяла вопіс маёмасьці СП. Згодна зь ім, для кампэнсацыі неабходнае сумы – паўтара мільёна рублёў – праз краму камісійных тавараў будуць прададзеныя два старыя пісьменьніцкія кампутары, лядоўня і аўтамабіль “ВАЗ” шостае мадэлі, які ўжо год зламаны.

Старшыня СП Вольга Іпатава ня мае ніякіх прэтэнзіяў да пазову былое працаўніцы і лічыць усе гэтыя дзеяньні наўмысна справакаванымі ўладай.

(Іпатава: ) “Вінаватыя ў тым, што маёмасьць Саюзу пісьменьнікаў стала закладною за заработную плату, толькі ўлады. Гэты канфлікт справакаваны наўмысна. Я б сказала, што ён справакаваны з асаблівым цынізмам. Таму што звольніць людзей па тых адпісках, якія прысылаў міністар фінансаў Корбут, што ў яго няма магчымасьці выканаць бюджэтныя абавязкі па фінансаваньні Саюзу пісьменьнікаў, гэта было б незаконна... Паставілі пастку і цяпер спакойна праз гэтыя пазовы заганяюць туды саюз”.

Спадарыня Іпатава падала ў гарадзкі суд скаргу на гэтае рашэньне суду Партызанскага раёну. Там яе прынялі й да 12 ліпеня забавязалі заплаціць дзяржаўнае мыта за разгляд. Аднак дзеяньні раённага суду не прыпынілі.

Таму Вольга Іпатава падрыхтавала свой судовы пазоў да Міністэрства фінансаў. У гэтым пазове цікавая адна акалічнасьць: у Партызанскім судзе спадарыні Іпатавай сказалі, што яна мусіць да ліку адказчыкаў далучыць і Саюз пісьменьнікаў, іначай ён ня будзе прыняты да разгляду. Так што судзіцца Вольга Іпатава будзе з той самай арганізацыяй, якую ўзначальвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG