Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ГЕНЭРАЛ КГБ АЛЕГ КАЛУГІН АСУДЖАНЫ НА 15 ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ ПА АБВІНАЧАНЬНІ Ў “ЗДРАДЗЕ РАДЗІМЕ”


Віталь Тарас, Прага

Паводле расейскіх інфармацыйных агенцтваў, Калугін, абвінавачаны галоўнай вайсковай пракуратурай ў дзяржаўнай здрадзе (артыкул 275 КК Расейскай Фэдэрацыі), быў прызнаны маскоўскім гарадзкім судом вінаватым і асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі строгага рэжыму. Суд таксамам пазбавіў Алега Калугіна званьня генэрал-маёра і ўсіх дзяржаўных узнагародаў, атрыманых ім за амаль 40 гадоў службы ў КГБ.

Дарэчы, пракурор патрабаваў для яго яшчэ больш строгага пакараньня – 20 гадоў строгага рэжыму. У выраку сьцвярджаецца, што Калугін у сваёй кнізе “Першае ўпраўленьне” (якая была апублікаваная ў суаўтарстве з амэрыканскім журналістам) быццам бы выдаў сакрэтныя зьвесткі аб арганізацыі ды мэтадах выведкі СССР, а таксама зьвесткі пра агентаў у Канадзе, Аўстраліі, у спэцслужбах Францыі і г.д.

“Я асуджаны на 15 гадоў за злачынства, якога не зьдзяйсьняў”, - заявіў сёньня Алег Калугін у інтэрвію расейскай радыёстанцыі Радыё-1. Паводле ягоных словаў, “26 чэрвеня можна лічыць днём савецкага правасудзьдзя”. Ён зьвярнуў увагу на тое, што прысуд быў зачытаны ў той самы дзень, калі апраўдалі падазраваных у забойстве журналіста Дзьмітрыя Холадава. Наконт сваёй кнігі Калугін зазначыў, што ён ужо 22 гады не працуе ў выведцы і ў кнізе даў толькі самае агульнае апісаньне падзеяў.

Адвакат Калугіна Яўгені Бару катэгарычна ня згодны з рашэньнем суду і будзе яго абскарджваць. Ён лічыць, што ні сама кніга, ні дамова на яе выданьне, падшытая ў справу, ніяк ня служаць доказамі віны Калугіна. Сам працэс праходзіў у адстунасьці абвінавачанага. Атрымаўшы позву ў суд акурат тры месяцы назад, Калугін распісаўся ў яе атрыманьні, але заявіў, што нікуды не паедзе, бо “добра ведае савецкі суд”.

Імя Калугіна публічна пачало згадвалася ў прэсе ў 1990 годзе, у разгар гарбачоўскай перабудовы. Калугін, які тады займаў пост начальніка контрвыведкі, выступіў з шэрагам артыкулаў, у якіх заклікаў да рэформаў у КГБ. Ужо тады пракуратура абвінаваціла генэрала ў разгалошваньні дзяржаўнай тайны, яго пазбавілі званьняў, узнагарод, пэнсіяў. (Так што гісторыя, як бачым, паўтараецца.) Калугін быў абраны дэпутатам ад Краснадарскага краю, прычым за яго галасавалі больш як мільён выбаршчыкаў – лічба фантастычная па цяперашнім часе. Барыс Ельцын вярнуў Калугіну ўсе званьні і ўзнагароды. Але ж у 1995 годзе ён пераехаў у ЗША.

Прэзыдэнт Пуцін яшчэ падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі назваў яго “здраднікам”. У адказ Калугін напісаў Пуціну адкрыты ліст, у якім, у прыватнасьці, пісаў: “дух чэкізму – таталітарнага бальшавіцкага мысьленьня, зь ягонай нянавісьцю і нецярпімасьцю да іншадумства – ня толькі захаваўся, але апанаваў органы выведкі і бясьпекі Расеі”.

Варта дадаць, што ФСБ узбудзіла супраць Калугіна справу адразу пасьля прэм’еры вядомага фільма пад назвай “Замах на Расею” аб выбухах дамоў у Маскве і Валгадонску. У фільме Калугін гаворыць аб мэтадах дзеяньняў расейскай контрвыведкі. І яшчэ адна дэталь. Былы афіцэр ФСБ Аляксандар Літвіненка, які зараз жыве ў Лёндане, днямі таксама быў асуджаны завочна – праўда, яму тэрмін вызначаны ўмоўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG