Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМ ЧЫНАМ РЭФАРМУЕЦЦА НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК?


Ганна Соусь, Менск

Амаль дзевяць месяцаў Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі кіруе былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч, якога на гэтую пасаду прызначыў Аляксандар Лукашэнка. Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі Міхаіл Мясьніковіч распавёў, што Акадэмія навук будзе супольна й шчыльна працаваць разам зь Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам. “Моцны не баіцца моцнага”, — гэткім чынам пракамэнтаваў Міхаіл Мясьніковіч гэтую ініцыятыву.

А вось меркаваньне на гэты конт рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Казуліна:

(Казулін: ) “На навуковым савеце БДУ прынятае рашэньне, што адным з галоўных прыярытэтаў ягонай дзейнасьці будзе максымальнае аб’яднаньне з Акадэміяй навук. Сёньня мы рыхтуем сумеснае паседжаньне прэзыдыюму Акадэміі навук з навуковым саветам БДУ, з рэктаратам. Сёньня многія нашыя інстытуты, буйныя навукоўцы актыўна абмяркоўваюць з навукоўцамі Акадэміі навук, як дзейнічаць сумесна”.

Акадэмія навук цяпер — гэта амаль 10 тысяч супрацоўнікаў, сярод якіх 7 тысяч навукоўцаў. Паводле Міхаіла Мясьніковіча, сярэдні заробак навуковага супрацоўніка ў Акадэміі — 185 тысяч рублёў, прафэсара — 300–350 тысяч рублёў. Але, як распавёў для Радыё Свабода прафэсар Інстытуту фізыкі Юры Хадыка, многія навукоўцы вымушаныя працаваць на палову стаўкі.

(Хадыка: ) “Больш зарабляюць толькі тыя, якія могуць атрымаць галоўным чынам замежныя гранты на выкананьне якіх-небудзь дадатковых дасьледаваньняў. Беларускі фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў таксама знаходзіцца ў крызысе. Я сам таксама цяпер сяджу на паўстаўкі, таму што ў маёй лябараторыі ёсьць цяжкасьці з атрыманьнем дамоваў, за якія нехта можа заплаціць. Тры чалавекі атрымліваюць поўны заробак, астатнія — паўстаўкі”.

Паводле Юрыя Хадыкі, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя скарачэньняў навукоўцаў, у іхным інстытуце — на 10%. Міхаіл Мясьніковіч распавёў Радыё Свабода пра крытэры, паводле якіх вядуцца скарачэньні:

(Мясьніковіч: ) “Мы правялі рэвізію навуковых кірункаў і вырашылі, што многія зь іх зьяўляюцца непэрспэктыўнымі, зыходзячы са структуры нашай нацыянальнай эканомікі й сацыяльна-культурнага жыцьця. Паводле нашага меркаваньня, многія зь іх ня могуць быць запатрабаваныя й міжнароднай супольнасьцю. Таму плянуецца ў нейкай ступені зьвярнуць гэтыя кірункі дзейнасьці дзеля таго, каб канцэнтраваць матэрыяльны й навуковы патэнцыял у пэрспэктыўных кірунках. Мы павінны арыентавацца на мікраэлектроніку, на інфармацыйныя тэхналёгіі, біялягічныя працэсы, хімію новых матэрыялаў, нанатэхналёгіі”.

Дарэчы, пад гэтак званыя непэрспэктыўныя кірункі падпадаюць і тэмы, якімі дагэтуль займаўся палітоляг Вячаслаў Оргіш з Інстытуту сацыялёгіі й сацыяльных тэхналёгіяў, які апошнім часам актыўна друкуецца ў незалежнай прэсе.

Урэшце, за той час, што Акадэміяй навук кіруе Міхаіл Мясьніковіч, навукоўцы адзначаюць пэўныя станоўчыя моманты, асабліва ў параўнаньні з тым пэрыядам, калі прэзыдэнтам быў Аляксандар Вайтовіч. Гаворыць навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры Іван Саверчанка:

(Саверчанка: ) “За гэтыя дзевяць месяцаў можна казаць, што сфармаваны высокапрафэсійны апарат упраўленцаў Акадэміі навук. У нас у прэзыдыюме апарат паводле сваёй кваліфікацыі не слабейшы за апарат адміністрацыі ці апарат Саўміну. Што да асобы прэзыдэнта, то пакуль што выяўляецца энэргія, накіраваная, дарэчы, на стваральную працу. Але гэта пакуль што ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG