Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНГАРВЫКАНКАМ ЗНОЎ ПАГРАЖАЕ ЗНОСАМ РЫНКУ “БАЙКАЛЬСКІ”


Міхал Стэльмак, Менск

У людных месцах Заводзкага раёну днямі зьявіліся абвесткі пра ліквідацыю тут усіх міні-рынкаў. У тутэйшых прадпрымальнікаў гэта выклікала трывогу. Зноў захваляваліся гандляры “Байкальскага”, якія летась ужо пратэставалі супраць ліквідацыі рынку. Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё прадпрымальніца Вольга Селязьнёва:

(Селязьнёва: ) “Зноў працуем і ня ведаем. Нават адміністрацыя нічога ня ведае. На рынку складаюцца сьпісы, што будзе будавацца новы рынак, на будаўніцтва якога трэба ўнесьці тры тысячы даляраў. Такі кошт аднаго месца на новым рынку. Мы ўсе абураныя. У нас няма такіх грошай. Раней нам казалі, што ў выпадку ліквідацыі “Байкальскага” ўлады дадуць рабочыя месцы на іншых рынках. А цяпер усё заблытана. З аднаго боку, усе рынкі зачыняюць, а з другога — ніхто нічога не гаворыць, а толькі складаюць сьпісы пра ўнясеньне грошай”.

Што чакае наперадзе гандляроў рынку “Байкальскі”? Начальнік галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менскага гарвыканкаму Міхаіл Еўтухоўскі сёньня так адказаў на гэтае пытаньне:

(Еўтухоўскі: ) “Што тычыцца рынку “Байкальскі”, то ён будзе зьнесены. Усіх жа гандляроў мы разьмесьцім на іншых рынках. Па іх жаданьні. Прынятая гарадзкая праграма пра разьвіцьцё рынкавага гандлю. Яна прадугледжвае, што павелічэньня рынкаў на тэрыторыі гораду ня будзе, а будзе толькі іх упарадкаваньне”.

Хто зьбірае грошы на будаўніцтва новага рынку замест “Байкальскага”, чыноўнік не патлумачыў. Ён абвінаваціў прадпрымальнікаў у неразуменьні палітыкі ўладаў. Як вынікае зь ягоных словаў, наступ на рынкі й знос прадпрымальніцкіх шапікаў адпавядае інтарэсам жыхароў Менску.

Інакш лічыць кіраўніцтва Беларускага саюзу прадпрымальнікаў. Дзеяньні сталічных уладаў у дачыненьні да прадстаўнікоў дробнага бізнэсу тут кваліфікуюць як неабгрунтаваныя і незаконныя. Віцэ-прэзыдэнт прадпрымальніцкага саюзу Сяргей Стрэльчык так пракамэнтаваў пазыцыю Менгарвыканкаму:

(Стрэльчык: ) “Калі ў прадпрымальніка ёсьць ліцэнзія, калі ёсьць абавязкі Менгарвыканкаму, то ён павінен іх выконваць. Чаму свае абавязкі Менгарвыканкам не выконвае — таварыш Еўтухоўскі ня кажа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG