Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

На ўрачыстую цырымонію сабраліся болей за 10 тысячаў жыхароў гораду. Другі помнік з гэтай жа нагоды адкрыты ў Кіеве на тэрыторыі амбасады Ватыкану. 800-кіляграмовая бронзавая фігура Папы ўсталяваная на пастамэнце з чырвонага граніту. Статуя пантыфіка выкананая з бронзы ў поўны рост. Дадамо, што ў суседняй Польшчы ўжо ўзьвялі некалькі помнікаў свайму суайчыньніку – Папу Яну Паўлу Другому – пры ягоным жыцьці.

ЗША. Вялікі тэнар сучаснасьці Лучана Павароці абвесьціў дату, калі ён пакіне сцэну. У часе свайго выступу ў жывым эфіры тэлекампаніі СNN Павароці заявіў, што гэта здарыцца ў дзень ягонага сямідзесяцігодзьдзя – 12 кастрычніка 2005 году. Павароці паабяцаў, што стрымае слова і пасьля дня нараджэньня “ня будзе сьпяваць, калі нават будзе браць душ”. Чуткі пра канец кар’еры тэнару рэгулярна ўзьнікалі апошнім часам. А пасьля таго, як сьпявак адмяніў два спэктаклі ў Нью-Ёрку, журналісты наўпрост пісалі пра закат “таўстуна”. Павароці не аднойчы прызнаваўся, што пасьля сьмерці бацькоў адчувае дэпрэсію. І нават на ўсялякі выпадак разьвітаўся з публікай. Аднак пасьля правалу канцэртаў у Нью-Ёрку сьпявак удзельнічаў у традыцыйным канцэрце “Павароці і сябры”.

ГІШПАНІЯ. Учора споўнілася 150 год з дня нараджэньня вялікага гішпанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі, чые дзівосныя і незвычайныя праекты цалкам памянялі аблічча Барсэлёны і зрабілі гэты горад горадам Гаўдзі. Самы галоўны ягоны будынак, справа ўсяго жыцьця – велічэзны сабор Sagrada Familia – дабудоўваецца і ў нашыя дні. Забыты ў апошнія гады жыцьця, мастак сёньня стаў культавай асобай. Турыстам прапануюць адмысловыя экскурсіі па ягоных пабудовах, паўсюль прадаюцца паштоўкі, сувэніры, плякаты, кашулькі, кубкі з выявамі ягоных твораў.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Карціна Клёда Манэ “Гарлачыкі” была прададзеная на аўкцыёне “Сотбіс” болей чым за 13 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў – каля 20 мільёнаў даляраў. Гэткім чынам продаж працы францускага імпрэсіяніста стаў самай буйной зьдзелкай, якую брытанскі аўкцыён ажыцьцявіў сёлета. Прозьвішча чалавека, які купіў карціну, не паведамляецца. Апошнім разам “Гарлачыкі” выстаўляліся публічна ў 1925 годзе.

ЗША. У Музэі сучаснага мастацтва ў Сан-Францыска адкрылася выстава Ёкі Оны пад назовам “Yes”. На экспазыцыі прадстаўленыя працы мастачкі, створаныя за час ейнай саракагадовай кар’еры: ад раньніх канцэптуальных інсталяцыяў 1960-х гадоў, якія зрабілі яе значнай фігурай у пасьляваенным міжнародным актуальным мастацтве, да твораў апошняга часу. Наведвальнікі выставы “Yes” могуць пабачыць працы, створаныя сумесна з Джонам Ленанам, экспэрымэнтальныя фільмы, разнастайныя аб’екты, відэа і фотадакумэнтацыю канцэртаў і пэрформансаў, а таксама зусім новыя інтэрактыўныя інсталяцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG