У сёньняшнім выпуску:
- дэпрэсія, сымтомы, наступствы і спосабы яе лячэньня,
- а таксама найноўшыя парады Real Age.
У Злучаных Штатах вялікай папулярнасьцю карыстаецца кніга Эндру Саламона “Дэман сярод белага дня – анатомія дэпрэсіі” (Andrew Solomon – “The Noonday Demon: an Anatomy of Depression”). Зацікаўленьне кнігай тлумачыцца тым, што кожны год 17 мільёнаў амэрыканцаў пакутуюць ад клінічнай дэпрэсіі. Аўтар разглядае ўсе аспэкты гэтай хваробы, прычыны і формы, спрабуе даць адказ, якія народы асабліва падатлівыя на гэтую хваробу. Для апісаньня гэтай хваробы Саламон, які сам зьведаў яе, ужывае шэраг мэтафараў, у тым ліку параўноўвае хваробу да анёла і чорта. Жалоба – гэта той лагодны анёл, які дазваляе нам лепш асэнсаваць стан нашага духу, а дэпрэсія – гэта той дэман, той кашмар, які сярод белага дня пакідае чалавека сам на сам зь ягонай трывогай.
Папулярнасьць кнігі ў ЗША тлумачыцца тым, што дэпрэсія становіцца адным з найбольш пашыраных у сьвеце псыхічных расстройстваў. Дэпрэсія адбіваецца на сямейным і прафэсійным жыцьці, прыводзіць да сямейных крызысаў, зьмяншае працаздольнасьць. У выніку людзі з дэпрэсіяй часьцей карыстаюцца сацыяльнай дапамогай, маюць ніжэйшы матэрыяльны статус. Ацэньваецца, што ў ЗША штогод на дэпрэсію хварэюць 17 мільёнаў чалавек. Эканамічныя страты з гэтай прычыны скаладаюць 53 мільярды даляраў у год. Дзясятая частка насельніцтва стала прымае супрацьдэпрэсійныя лекі. Статыстычна на дэпрэсію часьцей хварэюць людзі старыя і самотныя, але яна не абмінае нікога. У Амэрыцы, паводле Эндру Саламона, больш маладых людзей паміраюць ад дэпрэсіі, чым ад СНІДу, пнэўманіі, раку і інсульту разам узятых. Згодна з дасьледаваньнямі, 15% хворых на дэпрэсію, якія цягам 10 гадоў не лячыліся, канчаюць жыцьцё самагубствам.
Ва ўсім сьвеце на дэпрэсію хварэюць 340 мільёнаў чалавек, гэта значыць, 10% працаздольнага насельніцтва. На гэтае недамаганьне падатлівы кожны адзін з 10-ці мужчынаў, чвэрць усіх жанчынаў і 5% падлеткаў. Існуе гэтак званая “ зімовая дэпрэсія”, зьвязаная з кліматам і колькасьцю сонца. У Вялікай Брытаніі дэпрэсія здараецца ў чатыры разы часьцей, чым на Фларыдзе, але ў большай або меншай ступені яна закранае ўсіх, незалежна ад краіны, культуры і сацыяльнага становішча. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, дэпрэсія зьяўляецца чацьвертай па важнасьці праблемай аховы здароўя. Гэта зьвязанае з падоўжаньнем жыцьця, міграцыяй, пачуцьцём нестабільнасьці і самотнасьці, а таксама з большай колькасьцю лекаў, якія спрыяюць дэпрэсіі. Арганізацыя лічыць, што да 2020 году дэпрэсія стане асноўнай мэдычнай праблемай у высокаразьвітых краінах і другой асноўнай прычынай сьмерці або няздольнасьці да працы.
Паводле спэцыялістаў, прычынай дэпрэсіі зьяўляецца, як правіла, сума трох асноўных чыньнікаў: псыхалягічных, сацыяльных і біялягічных. Найперш гэта індывідуальная схільнасьць да трывогі і пэсымізму, няўменьне самастойна спраўляцца са сваімі праблемамі, нізкая самаацэнка, перабольшваньне такіх праблемаў, як сьмерць блізкай асобы, страта працы, эміграцыя і гэтак далей. Да гэтага дадаюцца істотныя генэтычныя чыньнікі, некаторыя хваробы, як рэўматызм, а таксама некаторыя лекі. Паводле навукоўцаў, дэпрэсію выклікае расстройства лучнасьці паміж часткамі мозгу, якія, так-бы мовіць, “назіраюць” за апэтытам і лібіда. Дэпрэсія залежыць ад гэтак званых нэўра-пераказчыкаў ў мозгу, найперш сэратаніну, узровень якога, у сваю чаргу, залежыць ад іншых чыньнікаў, напрыклад, ад ўзроўню халестырыну ў крыві.
Паводле вызначэньня Амэрыканскай Асацыяцыі Псыхіятрыі, з дэпрэсіяй маем дачыненьне тады, калі як мінімум цягам двух тыдняў назіраюцца прынамсі 5 зь 9 сымптомаў, пры тым абавязкова два першыя:
- настрой прыгнечанасьці, пастаяннае пачуцьцё смутку, трывогі і пустаты,
- занадта даўгі або празьмерна кароткі сон,
- страта або павелічэньне апэтыту і вагі,
- страта зацікаўленьня або адчуваньня прыемнасьці ад штодзённых заняткаў,
- унутраны неспакой і раздражнёнасьць,
- пастаянныя фізычныя сымптомы, якія не паддаюцца лячэньню,
- цяжкасьці з канцэнтрацыяй, памяцьцю і прыманьнем рашэньняў,
- пачуцьцё стомленасьці і страта энэргіі,
- адчуваньне віны, безнадзейнасьці і бязвартаснасьці,
- думкі пра сьмерць або самагубства.
Паводле амэрыканскіх навукоўцаў, дэпрэсія бывае выяўленая толькі ў траціны пацыентаў. Справа ў тым, што толькі палова хворых зьвяртаецца да лекара, а зь іх ліку палова атрымлівае правільны дыягназ і затым адпаведнае лячэньне. Прычны ў тым, што неаднойчы клінічную дэпрэсію цяжка адрозьніць ад звычайнай прыгнечанасьці, што ўспрыймаецца, як нармальная рэакцыя на жыцьцёвыя праблемы. Своечасовы, трапна пастаўлены дыягназ дазваляе зьмякчыць пакуты хворага і вылячыць яго. Зараз існуе некалькі дзясяткаў супрацьдэпрэсіўных лекаў, зь якіх у ЗША найбольш папулярны Prozac і мэлатанін. Фармакалягічнае лячэньне, як правіла, спалучаецца з псыхатэрапіяй.
Спецыялісты раяць хвораму на дэпрэсію наступнае:
- Дэпрэсія – гэта не часовая прыгнечанасьць. Гэта хвароба. Не чакай, што яна сама пройдзе. Правядзі гарманальнае абсьледаваньне, у прыватнасьці, дасьледаваньне шчытападобнай залозы, і пасьля ацэнкі твайго стану зьвярніся да спэцыяліста.
- Абмяжуй колькасьць спажыванага цукру, кафэіну і алькаголю,
- Рэгулярна праводзь фізычныя заняткі. У сонечныя дні выходзь на даўгі шпацыр.
- Зьвярніся да псыхааналітыка, які дапаможа табе зьняць стрэс і распрацуе зьмену парадку дня.
- Паспрабуй, нават з дапамогай лекаў, добра высыпацца.
Паводле спэцыялістаў, адпаведная тэрапія ў 80% адсоткаў прыводзіць да поўнага вылячэньня.
А цяпер да іншай тэмы. Лета – традыцыйны час адпачынкаў. Сёлета таксама ня ўсе паедуць на Канары або на Кіпр, дзе будуць жыць у дарагіх гатэлях. Хутчэй, большасьць будзе адпачываць ў палатках па-над айчыннымі рэкамі і азёрамі. Там, як правіла, няма доступу да цёплай вады, ні да лядоўні, да якіх мы прызвычаіліся дома. З прычыны высокай тэмпэратуры ежа хутка псуецца, што можа закончыцца хваробай.
Перад ад’ездам на адпачынак на прыродзе ня трэба браць з сабою шмат харчаваньня. Прывезенае з дому варта зьесьці як мага хутчэй, бо астатняе можа сапсавацца. Садавіну і гародніну трэба дакладна мыць, асабліва, калі іх спажываем сырымі. На вакацыі пад намётам звычайна бярэм з сабою мясныя і рыбныя кансэрвы ў банках. Перш чым адкрыць такую банку, трэба паглядзець, ці яна не зрабілася пукатая. Калі адкрываем такую банку і пачуем сычэньне, гэта знак, што ў ёй бактэрыі. Трэба пазьбягаць таксама пірожных з крэмам і сьмятаны.
Захаваць асабістую гігіену бяз доступу да цёплай вады цяжка, але мінімум гігіены магчымы і ў экстрэмальных варунках: мыцца ды купацца можна і ў крынічнай, або азёрнай вадзе. Аднак, як правіла, гэтая вада не надаецца для піцьця, нават калі яна падаецца чыстай. Нават крыштальна чыстая крынічная вада можа быць сапсутая бактэрыямі і хімікаліямі. Кіпячэньне гэтай вады забівае мікраарганізмы, але не атрутныя рэчывы. Таму, едучы на адпачынак на прыроду, далёка ад гатэляў і крамаў, трэба ўзяць з сабою як мага болей мінэральнай вады ў бутэльках.
А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age. Ці вы калі небудзь думалі пра зьмену ў сваёй прафэсійнай кар’еры? Згодна з найноўшымі дасьледаваньнямі, пасіўная, рутынная праца, якая не патрабуе ад чалавека прадпрымальнасьці, можа быць некарысная для вашага здароўя. Наадварот, праца, якая якая дае стымул да дзееньня, якая мае для вас глыбокі сэнс і якая патрабуе ўменьня прымаць рашэньні, можа падоўжыць вашае жыцьцё. Паводле Real Age, калі вы цягам ўсяго жыцьця нечаму вучыцеся, ваш біялягічны ўзрост будзе на 2,5 гады маладзейшым.
Калі вы хочаце, каб вушы служылі вам і ў старэйшыя гады, менш карыстайцеся навушнікамі. У сытуацыі паўсюднага шуму і гоману страта слуху становіцца хутчэй праблемай моладзі, чым старэйшага пакаленьня, паколькі маладыя людзі надта часта слухаюць гучную музыку. Каб не пашкодзіць слых, слухаючы ў навушніках музыку, сьцішайце яе, калі ня чуеце, што да вас гавораць іншыя, або калі людзі вакол вас чуюць тое, што вы слухаеце. Паводле Real Age, калі будзеце дбаць пра сваё здароўе, ваш біялягічны ўзрост будзе на 12 гадоў маладзейшым.