Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ПАТРАБУЕ СПЫНІЦЬ ПЕРАСЬЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Акцыя прайшла на запрашэньне лідэраў АГП Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Дабравольскага і Леаніда Малахава, хаця ў ёй прынялі ўдзел і актывісты іншых партыяў, а таксама журналісты незалежных выданьняў, якія прыйшлі выказаць сваю салідарнасьць. Галоўны сэнс акцыі, паводле яе арганізатараў, – патрабаваньне спыніць крымінальны перасьлед журналістаў і ўціск прэсы з боку ўладаў. Гаворыць намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “У людзей усё менш магчымасьцяў застаецца пачуць праўду. А ў журналістаў, якія б хацелі гэтае слова сказаць, адымаюць апошнюю магчымасьць. Рэпрэсіі супраць журналістаў прынялі характар крымінальнага перасьледу, яны абураюць і мяне асабіста, як грамадзяніна, і я думаю, што нікога іншага ня можа задаволіць такая сытуацыя, калі ўжо нічога і сказаць нельга”.

Аляксандар Дабравольскі высока ацэньвае прафэсійную дзейнасьць журналістаў газэтаў "Пагоня" і "Рабочы":

(Дабравольскі: ) “Тое, што гэтыя людзі рабілі, вельмі неабходна беларускаму грамадзтву. Яны сапраўдныя грамадзяне і добрыя журналісты. І вось менавіта такія людзі становяцца перашкодай для ўлады”.

Удзельнік акцыі патрабавалі адмяніць незаконны, на іх думку, прысуд Ленінскага раённага суду Горадні ў адносінах да Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі з газэты "Пагоня":

(Удзельнік акцыі: ) “Газэта гэтая не асабліва выдзялялася сярод астатніх апазыцыйных выданьняў. І калі можна пасадзіць Маркевіча, то можна асудзіць і любога апазыцыйнага журналіста”.

(Удзельніца акцыі: ) “То людзі знікаюць, то ні за што судзяць журналістаў... Баліць душа жыць у гэтай краіне, якая засталася выспай сярод дэмакратычных дзяржаваў”.

Актывіст БНФ Сяргей Шынкевіч трымаў у руках партрэт рэдактара газэты "Рабочы" Віктара Івашкевіча:

(Шынкевіч: ) “Над Віктарам Івашкевічам зараз спрабуюць учыніць прысуд па такой жа справе – нібыта за абразу таварыша Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі 2001 году. Магчыма, што газэта "Рабочы", рэдактарам якой ён ёсьць, таксама будзе зачыненая, і жыхары Беларусі будуць атрымліваць сыстэму прамываньня мазгоў, у якую А. Лукашэнка пераўтварыў СМІ насуперак Канстытуцыі”.

Побач зь пікетам ад будынку адміністрацыі праходзілі чыноўнікі, міністры, кіраўнікі вэртыкалі, сябры так званага нацыянальнага сходу. Але ніхто зь іх да пікетоўшчыкаў не падышоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG