Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЖУРНАЛІСТЫ ПАТРАБУЮЦЬ, КАБ УЛАДЫ СКАСАВАЛІ ПРЫСУДЫ МАРКЕВІЧУ І МАЖЭЙКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У заяве, якую падпісалі некалькі дзясяткаў рэдактараў і cупрацоўнікаў цэнтральных ды рэгіянальных недзяржаўных выданьняў, адзначаецца, што Беларусь ёсьць апошняй дзяржавай у Эўропе, дзе журналістаў перасьледуюць за прафэсійную дзейнасьць.

Нягледзячы на тое, што міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед журналістаў “Пагоні”, расправа над Маркевічам і Мажэйкам не спынілася. Журналісты лічаць, што беларускае кіраўніцтва распачало вайну зь незалежнымі мэдыямі, бо падобнае абвінавачаньне выставілі галоўнаму рэдактару газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча. Таксама арыштаваныя рахункі газэты “Народная Воля”.

Аўтары заявы лічаць, што падобнае абвінавачаньне заўтра можа быць выстаўленае любому чалавеку, які ня згодны з палітыкай уладаў. Таму журналісты патрабуюць ад кіраўніцтва Беларусі неадкладна перагледзець прысуд Маркевічу й Мажэйку, спыніць крымінальны перасьлед Івашкевіча й выконваць забавязаньні, якія ўлады прынялі як сябры міжнародных арганізацыяў.

Гэтая заява накіраваная ва ўсе журналісцкія й праваабарончыя міжнародныя арганізацыі, а таксама ў рэдакцыі дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх СМІ. Гаворыць адзін з аўтараў заявы кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ прафэсар Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Лічу, што заява можа паспрыяць перагляду прысуду, і магчыма ўлады адмовяцца ад гэтага кроку, які яны зьдзейсьнілі. Увесь сьвет глядзіць на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Можа гэта нейкім чынам паспрыяе лёсу Маркевіча й Мажэйкі”.

А вось меркаваньне галоўнага рэдактара газэты “Рэгіён-весьці” са Сьветлагорску Мікалая Пасецькі:

(Пасецька: ) “Гэта вельмі важная заява. Сёньня гэта Маркевіч і Мажэйка, заўтра ўсе мы. Прынятая заява дазваляе нам быць у гэты час разам. Прыняцьце заявы дэманструе нашую сілу, нашую сьвядомасьць. І ў якіх бы цяжкіх варунках мы б ні былі, мы заўсёды будзем разам”.

Галоўны рэдактар газэты “День” Аляксандар Тамковіч падзяляе думку свайго калегі:

(Тамковіч: ) “Мы будзем змагацца, бо добра разумеем, што справа Маркевіча й Мажэйкі ёсьць палітычнай. Ціск на незалежную прэсу будзе працягвацца. Сёньня ёсьць такі момант ісьціны — калі мы здолеем цяпер стаць сябар каля сябра і сказаць: не, калі здолеем адстаяць свае правы, то незалежная прэса спраўдзіцца. Калі не, то празь некалькі месяцаў ня будзе ў Беларусі ніводнага незалежнага выданьня. Гэта зразумела”.

Кіраўніцтва Маладога Фронту прыняло рашэньне правесьці 3 і 27 ліпеня дні абароны свабоднай прэсы. У гэтыя дні маладафронтаўцы правядуць шэраг акцыяў у падтрымку асуджаных журналістаў “Пагоні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG