Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ХАВАЮЦЬ МАСАВАЕ СКАРАЧЭНЬНЕ НАСТАЎНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У Міністэрстве адукацыі ўстрымліваюцца ад афіцыйнага прызнаньня таго, што ідзе масавае скарачэньне школьных настаўнікаў. Вось што зазначыў сёньня нашаму радыё кіраўнік галоўнага ўпраўленьня сярэдняй адукацыі міністэрства Мікалай Фяськоў:

(Фяськоў: ) “Мы не гаворым, што ідзе скарачэньне. Мы гаворым, што зьмяніўся навучальны плян у сувязі зь перагрузкай вучняў і пераходам на 5-дзённы навучальны тыдзень. А скарачэньне навучальных плянаў прыводзіць да скарачэньня ў навучальнай нагрузцы. Рэч яшчэ і ў тым, што кожны год у нас мае месца зьмяншэньне вучняў. Летась, напрыклад, зьменшылася ў нас на 57 тысяч вучняў. Сёлета мяркуецца скарачэньне на 50–52 тысячы. Аднак пра зьмяншэньне колькасьці настаўнікаў яшчэ гаварыць рана, бо працэс камплектаваньня яшчэ ідзе. І казаць, што ідзе скарачэньне, нельга”.

Інакш лічаць у настаўніцкім прафсаюзе. У прыватнасьці, намесьніца старшыні Цэнтральнага камітэту галіновага прафсаюзу адукацыі Алена Морава паведаміла нашаму радыё наступнае:

(Морава: ) “Гэты навучальны год будзе вельмі цяжкі для настаўніцтва рэспублікі. Штодзень у прафсаюзны камітэт тэлефануюць зь месцаў, што там на месцах вялікае скарачэньне настаўнікаў. Такое скарачэньне закранула фактычна ўсе рэгіёны краіны, пачынаючы са сталіцы. На што скардзяцца настаўнікі? У нас ёсьць такія сыгналы, што там, дзе няма сродкаў на скарачэньне ў адпаведнасьці з Працоўным кодэксам — з выплатай трох сярэднямесячных заробкаў, дык нават назіраюцца спробы прымусіць настаўнікаў звольніцца па ўласным жаданьні. Па нашых падліках, гэта выкліча скарачэньне 6 тысяч пэдагагічных ставак”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле вашых зьвестак, ці ёсьць дзяржаўная праграма працаўладкаваньня скарочаных настаўнікаў?”

(Морава: ) “Можа яна і ёсьць, але я такой ня ведаю”, — зазначыла Алена Морава, адна зь лідэрак Беларускага прафсаюзу адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG