Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ ПАД ПАГРОЗАЙ СКАРАЧЭНЬНЯ БАЯЦЦА “СКАЗАЦЬ ЛІШНЯЕ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Скарачаюцца настаўнікі й ліквідуюцца ўстановы адукацыі. Дзьве сельскія пачатковыя школы — Заазерская і Асман-Касаеўская зачыненыя паводле рашэньня Бялыніцкага райвыканкаму. Падстава для гэтага — малая колькасьць вучняў. У Асман-Касаеўскай школе засталося тры вучні, у Заазерскай — адзін.

Зрэшты, настаўніцы гэтых школаў задаволеныя. Кіраўнічка Асман-Касаеўскай школы трохі раней пойдзе на пэнсію, а маладая жанчына, якая летась вучыла трох дзяцей у Заазер’і, пайшла на павышэньне. Вольга Валевіч як малады спэцыяліст атрымала крэдыт, а таму за працу не хвалявалася. Вользе былі абавязаныя даць месца, каб выплаціць банку пазычаныя грошы. Ёй, у адрозьненьне ад іншых, пашанцавала.

(Валевіч: ) “Цяжка, канечне, застацца бяз працы. Але няхай ня страчваюць надзею. Усё будзе добра, і ўладкуюцца можа як-небудзь”.

Вёска Заазер’е, сапраўдная глыбінка, дзе цяпер жывуць амаль адны пэнсіянэры, ня вельмі заклапочаная закрыцьцём школы, а таксама і бібліятэкі. Большасьць зь іх прытрымліваецца наступнага меркаваньня:

(Бабуля: ) “Мне ўсё роўна, у мяне няма ні дзяцей, ні ўнукаў вучыцца. А вось што ФАП, кажуць, зачыняць зь першага ліпеня, дык гэта дужа будзе цяжка нам, старым. Хоць таблетку якую дзе набыць, і ня будзе куды”.

Шкаляры з Заазер’я езьдзяць у Эсьмонскую школу ўсяго некалькі разоў на тыдзень, бо далёка ня кожны дзень тут ходзяць аўтобусы.

(Хлопчык: ) “Лепш, вядома, пастаянна хадзіць, але далёка — 10 кілямэтраў”.

Эсьмонскую школу таксама закранулі скарачэньні. Пакуль настаўнікаў не чапаюць, а толькі тэхнічны пэрсанал. Скасуюцца групы падоўжанага дня. Але дырэктарка Людміла Салавей лічыць, што, як бы ні было балюча, але хутка давядзецца альбо скарачаць штатныя адзінкі, альбо працаваць усім на няпоўныя стаўкі.

(Салавей: ) “Вы ведаеце, гэта такая хвароба ў калектыве, і неспрыяльныя ўмовы тады складваюцца, і кіраўніку цяжка працаваць. Але што рабіць? У нас скарачаецца колькасьць дзяцей — ад 92 чалавек, а празь пяць гадоў будзе 70. А ў нас штат — 40. Так што калі памеркаваць, то пасунуць нас — і мы пасунемся”.

Сяргей Патрын — настаўнік пачатковых клясаў з Машчаніцкай школы — адзін з тых, каго ўжо пасунулі. У яго 11 гадоў стажу, жонка і двое дзяцей, але Сяргей упэўнены, што вырашальным для ягонага скарачэньня сталі дрэнныя дачыненьне з кіраўніцтвам раённага адзелу адукацыі. Таму цяпер, у чаканьні дапамогі дзяржавы на беспрацоў’е, ён шукае ня працы настаўніка, а іншую, якая б добра аплачвалася.

(Патрын: ) “Хачу, каб як раней, у Савецкім Саюзе, можна было б прыйсьці з працы і ня думаць пра тое, што трэба яшчэ недзе прыпрацоўваць”, — марыць былы настаўнік.

Хаця цяпер рэальнай крыніцай дадатковых грошай можа быць толькі рызыкоўнае прыватнае прадпрымальніцтва альбо нізкааплатаная праца ў сельскай гаспадарцы.

Іншыя бялыніцкія настаўніцы, якія засталіся бязь месца працы, катэгарычна адмаўляюцца размаўляць з журналістамі, ня хочуць казаць праўду пра звальненьні. Яны спадзяюцца, што ім раптам пашанцуе і добрае начальства прапануе ім хоць палову стаўкі — зарабіць на хлеб, бяз масла.

Баяцца сказаць лішняе і тыя настаўнікі, якія працу захавалі. Скарачэньні нарадзілі ў школах атмасфэру адданасьці кіраўніцтву, калі запярэчыць — значыць, падпісаць вырак на хуткае звальненьне. Дырэктары школаў прапануюць сваім падначаленым, каб пазьбегнуць скарачэньня, творча працаваць, што насамрэч азначае — працаваць як мага больш за любы заробак і дакладна выконваць усё, што патрабуе кіраўнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG