Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЫСУД ЖУРНАЛІСТАМ “ПАГОНІ” ЁСЬЦЬ ПРЫСУДАМ СВАБОДЗЕ СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Два з паловай і два гады – дакладна столькі, колькі патрабаваў пракурор, атрымалі журналісты “Пагоні” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка. Усе назіральнікі пагаджаюцца, што гэта быў працэс палітычны, а вырак быў узгоднены з Лукашэнкам”, – гэта словы вядучай галоўнага выпуску навінаў першай праграмы польскага тэлебачаньня, якія прагучалі ў панядзелак. Нягледзячы на надзвычай вялікую колькасьць важных палітычных і эканамічных падзеяў, што гэтымі днямі адбываюцца ў самой Польшчы, пра расправу над беларускімі жуналістамі ўчора паведамілі таксама і іншыя дзяржаўныя і прыватныя тэлеканалы.

Матэрыялы аб выраку ў справе журналістаў “Пагоні” зьмяшчаюць сёньня і вядучыя польскія газэты.

“Беларусь – напаўадкрытая турма” – гэтак называецца артыкул, прысьвечаны суду над Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам, зьмешчаны ў найбольш масавым польскім выданьні “Gazecie Wyborczej”.

Штодзёньнік падрабязна распавядае пра закрыцьцё “Пагоні”, ход судовага працэсу, падае біяграфіі асуджаных журналістаў, цытаты з артыкулу, за які пацярпелі Маркевіч і Мажэйка, а таксама шэраг меркаваньняў у гэтай справе вядомых польскіх і беларускіх палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў.

“Вырак у справе “Пагоні” гэтаксама скандальны, як і бег усяго судовага працэсу. Ён сьведчыць аб тым, што Беларусь зьяўляецца асаблівым анклявам, дзе адсутнічаюць стандарты дэмакратычнай эўрапейскай культуры. Цяпер галоўнае – не забыць аб гэтай справе. Трэба, каб асуджаныя журналісты былі вязьнямі сумленьня, пра якіх памятае эўрапейская, і асабліва польская грамадзкасьць. Трэба таксама, у тым ліку і польскаму боку, зьвярнуць увагу АБСЭ і Рады Эўропы на надзвычайныя парушэньні правоў чалавека, пра якія яскрава сьведчыць вырак ў справе журналістаў “Пагоні”, – гэтак выказаўся на старонках “Gazetу Wyborczej” былы міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Гэрэмэк.

Іншы аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” у рэдакцыйным артыкуле піша: “Можна лічыць, што прысуд журналістам “Пагоні” адначасова ёсьць афіцыйным і сымбалічным прысудам для свабоды слова ў Беларусі... Лукашэнка ўзмацняе сваю дыктатуру, і ўсё менш гэта хавае... Усё больш небясьпечным становіцца супрацьстаяньне дэспату, для якога аптымальнай мадэльлю краіны ёсьць калгас, якім ён калісьці кіраваў”.

“Rzeczpospolita” заклікае палякаў не заставацца абыякавымі да падзеяў у суседняй краіне, бо жорсткая пазыцыя сусьветнай супольнасьці ў справе парушэньняў правоў чалавека можа значна паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG