Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БІРЖА ЭМІГРАНТАЎ


Сяргей Дубавец, Вільня

У мінулым ХХ стагодзьдзі беларускі горад Бабруйск быў настолькі габрэйскім, што, здаецца, ужо ніяк не асацыяваўся з тым звычайным беларускім бабром, які і даў яму назву. Сёньня Бабруйск ужо даўно не такі. Але гэтая назва і гэты вобраз перасяліліся ў культуру, сталі знакам і сымбалем аднаго з найбуйнейшых цэнтраў у так званай рысе аседласьці – для жыдоўства, якому гэтая рыса закрывала шлях у Расею.

Расея спрадвеку вызнавала дзяржаўны антысэмітызм, як зрэшты, ня толькі Расея. Што да нашых краёў, дык тут жыдоўства сялілася спрадвеку. Аж да таго, што менавіта яно ў Беларусі ўзяло на сябе клопаты ўрбанізацыі і гарадзкога самакіраваньня. Мне згадваецца дзед францускай пісьменьніцы Наталі Сарот, які ў Бабруйску стварыў з гараджанаў пажарную каманду "на грамадзкіх пачатках".

Мой калега віленскі журналіст Віталь Каракорскі, які нарадзіўся і вырас у Бабруйску, кажа пра тое, што горад зьведаў тры страты свайго жыдоўскага насельніцтва – з прыходам савецкай улады, калі з гораду зьніклі тыя калярытныя габрэі з пэйсамі. Пасьля – фашыстоўскі генацыд часоў мінулай вайны. Нарэшце, позьнесавецкі і пасьлясавецкі ад'езд жыдоў у Ізраіль. Сам Віталь засьпеў толькі гэтую апошнюю хвалю. Ён, дарэчы, наведаўся быў да сваякоў на гістарычную радзіму, але зразумеў, што – эўрапеец, і ягонае месца тут. Дапускаю, што гэта пэўны вынік беларускага савецкага выхаваньня. Вось едзе чалавек туды, эмігруе, а тады разумее, што ўсё ягонае – тут і што сам ён чалавек тутэйшы.

Сёньня ў “Вострай Браме” – новыя згадкі Віталя Каракорскага пра Бабруйск, гэтым разам – пра горад ягонага юнацтва, калі галоўнай тусоўкай тамтэйшае жыдоўскае моладзі была так званая Біржа, дзе гаварылі пра рознае, але галоўным чынам пра адно – пра ад'езд на гістарычную радзіму.

(Каракорскі: ) "Маё імя – Ёсіф, – кажа высокі рыжы дзяцюк ды цісьне маю руку так, што зараз сьлёзы пацякуць. – Ёсіф Рэвелеў.

– Заві яго Ёсіф, – усьміхаецца іншы хлапец. Ён не такі высокі, каржакаваты, і хоць сілы ў ягоных руках ніяк ня менш, рукапоціск атрымліваецца ледзь не пяшчотны. – Ён – Ёсул, а я – Яўген, Жэня.

Марацік, які, уласна кажучы, нас і знаёміць, нічога ня кажа, толькі галавой ківае. Дарэчы, гэта для мяне ён – Марацік. Ёсіф зь Яўгенам зьвяртаюцца да яго як да Марка. Магчыма, яны думаюць, што Марк гучыць больш па-жыдоўску. А ўсё, што па-жыдоўску, цяпер у пэўных колах прэстыжна. Вось і Марацік мой сьцьвярджае, што ён – сіяніст, і, як скончыць школу, зьедзе ў Ізраіль. Калі выпусьцяць, зразумела. А не, дык стане адмоўнікам, дысыдэнтам, вязьнем Сіёну...

– Хадзем на Біржу – прапануе Яўген. Рацыя! Біржа – менавіта тое месца, дзе можна ўдосталь наразмаўляцца пра Ізраіль, сіянізм, АВІР, выклік, візу, адмову, КГБ і гэтак далей.

Тое, што мы называем Біржай, мае і афіцыйную назву – сквэр імя Бахарава. Два такія гайкі-блізьняты ёсьць у горадзе: бахараўскі – бліжэй да рынку, і імя Чалюскінцаў – насупраць фабрыкі імя Дзяржынскага. У сярэдзіне чалюскінскага сквэру – былая праваслаўная царква, перабудаваная ў басэйн. А ў цэнтры сквэру імя Бахарава стаіць танк. Сапраўдны савецкі танк Т-34, легенда вялікае айчыннае вайны. Побач з танкам пахаваны генэрал Бахараў, у гонар якога ўлады і назвалі гэтае месца. А каля ягонай – магілы яшчэ двух танкістаў. Калі падумаць, дык менавіта на могілкі мы зараз зь Ёсіфам, Маркам ды Яўгенам ідзем. Дарэчы, у іншым, чалюскінскім сквэры таксама былі могілкі. Спачатку праваслаўныя, што цалкам натуральна побач з царквой. Потым, у вайну, немцы ставілі тут крыжы на магілах сваіх жаўнераў. Яшчэ потым Саветы ўсё гэта зруйнавалі, а праз квартал паставілі танк Бахарава. Дык вось, пра танк. Тут, на Біржы, кажуць, што раз на год ён страляе – гэта калі перад ім цэлка пройдзе...

Калісьці тут была сапраўдная біржа. Наўрад ці фондавая – мой горад, зразумела, добра ведаюць у сьвеце, але ён усё ж не Нью-Ёрк, ня Лёндан і, тым больш, ня Токіё. Біржа працы была тут хутчэй за ўсё, і па хлеб наш будны зьбіраліся тут у чэргі беспрацоўныя. Зьбіраліся да таго дня, калі савецкая ўлада абвясьціла, што "беспрацоўя ў нас няма". Цяпер тут зьбіраецца моладзь, пераважна жыдоўскага паходжаньня. Сядзяць на лаўках, стаяць ля агароджы сквэру, так сабе стаяць і ходзяць туды-сюды шматлікія Мішы, Грышы, Боры, Ілюшы, Аркадзі, Лёні, менш папулярныя Фімы ды Леўкі, досыць распаўсюджаныя Сашы, Воўкі, Жэні, ніводнага Сяргея, экзатычны Віталь...

Гэта імёны. А прозьвішчы якія! Сыны ваўкоў і тыграў – Вальфсоны ды Кацнэльсоны, кіндэры сваіх матак – Рыўкіны, Раскіны. – Залкінд сёньня яшчэ не прыходзіў?.. Шэйны ды Штэйны, і мадыфікацыя апошніх – Бранштэйны, Бэрнштэйны, Бэрэнштэйны, Бурштэйны, Блуўштэйны.

– Вы чулі, у космас паляцеў жыдоўскі касманаўт па прозьвішчы Кранштэйн!

Ці, калі ласка, вывучай сабе па прозьвішчах на Біржы геаграфію рысы аседласьці: Вільнер, Віленскі, Віленчык, Пінскер, Пінчук, Коўнер, Слуцкер, Слуцкі, Гарадзінер, Гарадзецкі, Магілёўскі, Гомельскі...

Вось браты Дынабурскія ці Лёня Дзьвінскі – продкі іхныя, як вы разумееце, зь цяперашняга Даўгаўпілсу.

Ці мой новы прыяцель – Ёсіф Рэвелеў – рэвельскі ён, гэта значыць, з Таліну, з Эстоніі. Ці стары прыяцель майго новага прыяцеля Рэвелева – Марык Выбарг! Слушна, Эстонія зь Фінляндыяй насамрэч павінны сябраваць!

Гэты Выбарг – студэнт, навучаецца ў Менску, у палітэхнічным інстытуце. Большасьць жыдоўскай моладзі з майго гораду навучаецца менавіта ў БПІ. Мы, старшаклясьнікі, ужо ведаем, што БПІ – гэта "бардак Пятра Іванавіча", у гонар рэктара Палітэха. Крыху менш студэнтаў – з Тэхналягічнага. Але, здаецца, менавіта туды будзе паступаць увосені мой Ёсіф.

Ёсіф – малодшы зь вялікай радзіны Рэвелевых. Бацька – Мэндэль, ці Міша, як яго ўсе навакол называюць – гадзіньнікавы майстар, гадзіньнікі на рынку рамантуе. Матка – у хаце працуе, варэннай загадвае, каб яна калі-небудзь слоўца якое сказала – я, напрыклад, ніколі ня чуў. Сёстры значна старэйшыя за Ёську, абедзьве не вучыліся, замуж павыходзілі: адна жыве ў Менску, другая ў далёкім Ашгабадзе. Мужыкі і ў першай, і ў другой – гоі, гэта значыць, не жыды – украінец ды туркмэн.

Уся надзея ў старога Мэндэля на малодшага, на Ёську: і што ў інстытут паступіць, і што жыдоўскую нявестку ў хату прывядзе. Хоць і ня цалкам кашэрных унукаў сваіх Мэндэль вельмі любіць, кажа, па жыдоўскіх законах яны ўсё роўна такія ж жыды, як і ён сам, таму што маткі іхныя – жыдоўкі. Жыдоўскія законы Мэндэль трохі ведае, але, галоўнае, ён ведае мову ідыш, і ў хаце сваёй уласнай з жонкай размаўляе толькі на ідыш, каб і Ёська ведаў гэтую мову.

Але дарэмна Мэндэль спадзяецца на свайго Ёську. Што да ідыш, дык тут Рэвелеў-малодшы пагаджаецца з Марацікам-Маркам: трэба вывучаць іўрыт і ехаць у Ізраіль. Праўда, Ёсіф не сіяніст, хутчэй інтэрнацыяналіст, ды й кабеты яму больш падабаюцца славянскага тыпу. Вучыцца Ёсіф лёгка і добра, і ў інстытут, безумоўна, паступіць, але, прадчувае маё сэрца, навучацца яму там будзе вельмі складана, таму што ўжо сёньня ён вельмі падабаецца кабетам славянскага тыпу. А якая тут можа быць вучоба пры такім супадзеньні такіх сымпатыяў!

Дарэчы, зусім не самотны Ёсіф Рэвелеў у сваіх сымпатыях. Кабеты славянскага тыпу падабаюцца калі ня большай, дык значнай частцы тых, хто прыйшоў сёньня на Біржу, каб спачатку паразмаўляць пра Ізраіль, сіянізм, АВІР, выклік, візу, адмову, КГБ, а потым, прыблізна праз паўгадзіны, – пра авантуры, сапраўдныя ці не, з кабетамі славянскага тыпу".

(Дубавец: ) “У сёньняшняй перадачы віленскі журналіст Віталь Каракорскі распавядае пра горад свайго нараджэньня, дзяцінства і юнацтва – Бабруйск. Акурат пра той Бабруйск, які нават у маім родным і, бадай, ня менш жыдоўскім Мазыры або ў Менску 1970-х лічыўся агульнапрызнанай сталіцай жыдоўства ў нашых краях.

Сапраўды, мы, можа быць, і ня думаем пра гэта, але ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя Беларусь сваім складам насельніцтва істотна адрозьнівалася ад сёньняшняй. Нягледзячы на генацыд мінулае вайны, у нас было шмат жыдоў. Вось, да прыкладу, здымак маёй менскай школьнай клясы – палова вучняў – жыды, чаго сёньня нават уявіць сабе немагчыма. Альбо вось на здымку 20 дзяўчат навучальнае групы мазырскае музычнае вучэльні, якую сканчала мая сястра. З тых дваццаці толькі яна адна беларуска.

Мне думаецца пра тое, што мы яшчэ прыйдзем некалі да асэнсаваньня жыдоўскага чыньніка ў фармаваньні нашай нацыі і нашай культуры. І гэта будзе аналіз без юдафобства ці юдафільства. Гэта будзе вельмі патрэбны нам аналіз, безэмацыйны. А пакуль я прапаную вам вярнуцца ў Бабруйск сярэдзіны сямідзясятых, каб, можа быць, нешта дадатковае зразумець у нашым сёньняшнім жыцьці і ў сабе саміх. Віталь Каракорскі працягвае:

(Каракорскі: ) "Сэзон на Біржы пачынаецца пры канцы траўня, калі зь Менску (а таксама з Магілёву, з Гомеля, з Горадні, менш – з Масквы і Піцера) прыяжджаюць студэнты. Але ня толькі яны прыходзяць сюды да пачатку восені. Тут і тыя, хто з майго гораду ня зьехаў. Напрыклад, спартоўцы. Спорт у нас – жыдоўская справа. Адзіны генэрал Эхт чаго варты! Мала што жыд – генэрал, дык ён яшчэ й першы чэмпіён Саюзу ў цяжкай атлетыцы. Ці баксёр Аксельрод... Ці дужбіт Худыш... А калі спартовец – гой, дык трэнэр ягоны абавязкова будзе – на сто адсоткаў!.. Як той жа Аксельрод у знакамітага Беразюка. Ці як Штэйнбук, зь якім у чэмпіёны Беларусі трапілі нашыя футбалісты ды хакеісты.

Яўген і Ёсіф – штангісты. Менавіта на спаборніцтвах яны й пазнаёміліся. А потым пачалі займацца ў аднаго трэнэра – у Гарадзецкага (ня блытаць са слынным Гарадзецкім – нашым чэмпіёнам Саюзу ў шашках!). Калі Ёсіф першы раз прывёў новага сябра да сябе дахаты, са старым Мэндэлем Рэвелевым ледзь інфаркт ня здарыўся. Рэч у тым, што калі Мэндэль, ён жа Міша, буркнуў жонцы (на ідыш, натуральна), што, маўляў, Ёська, замест каб сябраваць з жыдамі, пэўнага гоя ў хату прывёў, дык Яўген, ён жа Жэня, адказаў яму штосьці ў тым сэнсе, што ён, Жэня, вядома ж, гой, але, на ягоную, Жэні, думку, сын Мэндэля Ёсіф значна разумнейшы за самога Мэндэля.

Сказаў усё гэта Жэня, ён жа Яўген, на чысьцюткім ідыш, так што Мэндэль, ён жа Міша, на пэўны час страціў здольнасьць размаўляць ня толькі на ідыш, але й на ўсіх астатніх мовах, якімі валодаў (па-расейску і па-польску, як мінімум).

У першую паўгадзіну нашага зь ім знаёмства Яўген расказаў мне такі анэкдот: Прыходзіць да Брэжнева ўваскрослая Надзея Канстанцінаўна. – Штосьці я вас, мадам, успомніць не магу, – кажа Леанід Ільліч. – Крупская я, – кажа Крупская. – А! – кажа Брэжнеў, – памятаю! І мужа вашага, Крупскага, таксама памятаю!

Ці трэба дадаваць, што прозьвішча Яўгена было менавіта Крупскі?!

Шчыры беларус Яўген Крупскі бацьку свайго, Крупскага, ня помніў, а жыў са сваёй маткай Ганнай у двух пакойчыках на вуліцы Маскоўскай. Яшчэ два пакоі ў гэтай камуналцы займалі дзед і баба Глазманы. Дзяцей старыя страцілі пад час вайны, і малы Жэнька быў у іх і за сына, і за ўнука. Ганна, якая безнадзейна намагалася наладзіць сваё асабістае жыцьцё, гэтаму сяброўству не перашкаджала, і таму натуральна, што аднойчы я пачуў ад Яўгена:

– Ты беларускі жыд, а я – жыдоўскі беларус.

Жыў Яўген, як я ўжо сказаў, на вуліцы Маскоўскай, а на скрыжаваньні яе з Сацыялкай (то бок, вуліцай Сацыялістычнай) і знаходзіцца Біржа (то бок, сквэр імя Бахарава). Вельмі спадручная геаграфія: калі раптам ліў дождж ці сто грамаў трэ было выпіць, ці Ёсіфу патрэбны быў тэт-а-тэт з кабетай славянскага тыпу – дык калі ласка! – тры хвіліны і ты ў Жэнькі. І Ганна якраз увечары працуе на фабрыцы імя Дзяржынскага.

Цікава, што Ёсіф перад чарговым тэтатэтам з кабетай славянскага тыпу абавязкова папярэджваў нас:

– Я сёньня зьнікну на паўгадзіны...

Гэтая назва – "зьнікнуць на паўгадзіны" – так і замацавалася ў нашай кампаніі за той добрай справай, якую маскавала. Праз пэўны час пачаў "зьнікаць на паўгадзіны" ва ўласнай хаце і сам Яўген. А мне вось так і ня выпала "зьнікнуць" менавіта тут, на Біржы, а здарылася гэта пазьней, і нават не ў маім горадзе.

Трэба адзначыць, што на Біржы амаль што не было боек. Ня ведаю нават, чаму. Бойкі "вуліца на вуліцу", "раён на раён" былі ў той час вельмі папулярнай справай у маім горадзе. Цыгане зь Цітаўкі біліся з кацапамі з Фарштату. Плошча ваявала зь Мікрараёнам. Ствараліся часовыя кааліцыі, каб пабіць Шанхай. А вось на Біржу, на жыдоў, ніхто не хадзіў. Магчыма таму, што тут шмат спартоўцаў было, а можа зь якой іншай прычыны, ня ведаю.

Як ня ведаю дакладна, чаму менавіта ў гэтым месцы ў сярэдзіне сямідзясятых гуртавалася жыдоўская моладзь. Але пэўная вэрсія ў мяне ёсьць. Ніхто мне гэтага не гаварыў, але здаецца, што менавіта тут, прынамсі, у гэтым раёне ў вайну было жыдоўскае гета, і, як той казаў, фантомная памяць прымушала нас, жыдоўскіх юнакоў, прыходзіць сюды.

А вось яшчэ пытаньне: ці былі мы жыдоўскімі юнакамі? Не, думаю, хутчэй яўрэйскімі, г. зн. савецкімі, са славутым пятым пунктам у пашпарце. Але менавіта тут для таго, хто хацеў, пачынаўся шлях да сапраўднага жыдоўства: выклік, віза, адмова, КГБ, зноў выклік, зноў віза, АВІР, каму пашчасьціла – Ізраіль...

Менавіта тут, хацеў хто ці не, пачынаўся шлях у гэтак званае вялікае жыцьцё, ці проста ў жыцьцё, бо не для кожнага яно вялікае патрэбнае.

Марацік, ён жа Марк, пасьля школы зьехаў-такі з Саюзу, але не ў Ізраіль, у Амэрыку – такі ён быў сіяніст.

Ёсіф, ён жа Ёсул, інстытуту ня скончыў, ажаніўся з гойкай, але не славянскага, хутчэй татарскага тыпу па прозьвішчу Батырава, потым разьвёўся, потым ажаніўся зь ёй жа яшчэ раз. А паколькі ў перапынку ў яе быў яшчэ адзін муж, Ёсіф сьцьвярджае, што ён – трэці муж сваёй першай жонкі.

Яўген, ён жа Жэня, ажаніўся з жыдоўкай, зьехаў у Ізраіль, потым зь ёй жа і дачкой вярнуўся. Тыдзень таму я выпадкова даведаўся, што Яўген памёр. Сэрца штангіста ня вытрымала вялікага жыцьця".

(Дубавец: ) “Асабіста я не ўспрымаю беларускага нацыяналіста і пры тым антысэміта. Любоў, як той казаў, усяго толькі другі бок нянавісьці. Але ж не да аднаго й таго самага. Калісьці, калі я рабіў самыя першыя крокі ў беларушчыне, адзін з старэйшых, скажам так, кансультантаў (тады іх было зусім няшмат, адзінкі) распавёў мне пра жыдоў, якія на мылаваранай фабрыцы выпускаюць мыла з уплішчанай у кавалак назвай гэтага прадукту – Беларусь. Гэта каб беларусы штодня сьціралі дарагое імя пад кранам. Я й тады пасьмяяўся. А цяпер падобныя развагі выглядаюць інакш. Вось адзін знаёмец задае мне пытаньне: а ўяві сабе, каб немцы жыдоў не пастралялі. Цяпер нашыя гарады нагадвалі б Блізкі Ўсход. А я падумаў, што нават калі б замест жыдоў татальна перастралялі нас, беларусаў, нашы гарады ніколі б ня сталі блізкаўсходнімі і азіяцкімі. Жывучы побач, народы ўзаемапранікаюцца. І тут зусім неабавязкова гаворка ідзе пра кроў, пра мяшаныя шлюбы і падобнае. Яны пранікаюцца духоўна, а нават і псыхалягічна, каб урэшце, набыўшы незалежнасьць Беларусі, скласьці ўсе разам беларускую нацыю. Такую арыгінальную і непаўторную, якой яна склалася, узяўшы па кропельцы ад кожнага з нас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG