У арабскай мове існуюць 7 відаў графічнага пісьма. Пры новым музэі будуць праводзіцца конкурсы і выстаўкі твораў каліграфаў, а таксама будуць дзейнічаць курсы аматараў прыгожага пісьма. Кожныя два гады эмірат праводзіць міжнародныя выставы жывапісу. Да Асацыяцыі Прыгожых Мастацтваў эмірату належыць 500 чалавек. Лідэрам ёсьць доктар Аль Касімі, вучоны-гісторык, аўтар 7 манаграфіяў і ганаровы сябра 30-ці Міжнародных Акадэміяў Навук. У 99-м годзе ЮНЭСКА абвясьціла Шарджу Культурнай сталіцай арабскага сьвету.
МАСКВА. 21 чэрвеня ў Маскве адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця 24-га Міжнароднага кінафэстывалю. У ліку замежных зорак, які прыбылі на фэстываль, Сынды Кроўфорд і рэжысэр Боб Райфэльсон.
У часе 9-дзённага агляду, які праходзіць ў шэрагу маскоўскіх кінатэатраў, агулам будуць паказаныя 200 фільмаў, у тым ліку ляўрэаты міжнародных фэстываляў ў Бэрліне, Канах і Вэнэцыі. Адбудзецца таксама рэтраспэктыва, прысьвечаныя творчасьці “апошняга гіганта” кіно Стэнлі Кубрыка. Учора прадусар фільмаў Кубрыка Ян Харлан паведаміў, што ён прывёз на фэстываль дакумэнтальны фільм пра выдатнага рэжысэра, які ён назваў “Стэнлі Кубрык: Жыцьцё ў кіно”. У ролі вядучых у гэтых фільме здымаліся Том Круз і Ніколь Кідман, якія выконвалі галоўныя ролі ў апошнім фільме Кубрыка “Шырока заплюшчаныя вочы”.
НЮРНБЭРГ. На адной з мастацкіх выставаў гэтага баварскага гораду BZ-HAUS зьявілася фотаэкспазыцыя пад назовам “Мужчынскія ўпрыгожаньні”. Яе аўтар Юрген Вольф, сябар рады гораду Нюрнбэрг, “зялёны” паводле палітычных поглядаў і гомасэксуаліст паводле сэксуальнай арыентацыі, прапанаваў галерэі некалькі дзясяткаў фотаздымкаў, на кожным зь якіх паказаныя голыя мужчыны ад пояса да пятак. Наведвальнікі галерэі, сярод якіх пераважалі жанчыны, палічылі сябе абражанымі “мужскімі ўпрыгожаньнямі” і засыпалі скаргамі ня толькі адміністрацыю галерэі, але і паліцыю. Нягледзячы на тое, што пачалося сьледзтва ў справе выставы, Юрген Вольф кажа, што ён ня бачыць у сваіх здымках нічога “непрыстойнага” і будзе змагацца за тое, каб выстава працягвалася да 12 ліпеня, як і раней плянавалася.
ЛЁНДАН. Фанаты фільмаў пра Гары Потэра атрымалі магчымасьць паглядзець 5-хвілінны трэйлер новага фільму “Гары Потэр і сакрэтная комната”, які зьявіцца на экранах сёлета ў лістападзе. У трэйлеры былі сабраныя самыя драматычныя моманты новай стужкі. Цэнтральным сюжэтам відэароліка стала папярэджаньне эльфа Добі аб небясьпецы, якая чакае Гары ў школе для чарадзеяў. Выканаўцам ролі нэгатыўнага героя, лорда Валдэморта, у экранізацыі чарговай кнігі Джоан Роўлінг быў абраны малавядомы актор Крыстыян Коўлсан. Роля яшчэ аднаго “чорнага характару” – Малфоя – выпала актору Джэйсану Айсаку, вядомаму з баевікоў “Патрыёт” і “Падзеньне чорнага ястраба”. Здымкі новага фільму праходзілі ў Шатляндыі. Мяркуецца, што новая прэм’ера паб’е рэкорд, устаноўлены першым фільмам пра Гары Потэра. Паводле папулярнасьці ён займае другое месца пасьля звышпапулярнай мэлядрамы “Тытанік”.
ПЭКІН. Прынята лічыць, што назоў Кітаю, які па ангельску гучыць “China”, паходзіць ад кітайскага слова “сі”, што азначае “ фарфор”. Дарэчы, на Захадзе фарфоравыя вырабы заўсёды асацыяваліся з Кітаем. Аднак лінгвіст-тыбэтоляг Ван Сяо Сун, які ўзначальвае Інстытут Тыбэталёгіі правінцыі Юнь-Нань, выказаў гіпотэзу, што слова “Чайна” паходзіць ад слова “чай” на тыбэцкай мове. Тыбэтцы заўсёды называлі Кітай “джыаля” – “Радзімай чаю”. Разам зь іншымі вучонымі ён знайшоў старажытны караванны шлях, які вучоныя назвалі “дарогай чаю і коней”. Дарога пралягала з правінцыяў Цінхай і Сычуань, дзе здаўна вырошчвалі чай, праз Тыбэт, Нэпал, Індыю, а затым далей на Захад. Па гэтым караванным шляху, які ўзьнік тысячы гадоў таму, цягам стагодзьдзяў з Кітаю вывозілі чай, а прывозілі коней. Гэткім чынам, на Захад чай паступаў нашмат раней, чым фарфор па гэтак званым “Шаўковым шляху”. На гэтай падставе Ван Сяо Сун лічыць, што назоў Кітая паходзіць менавіта ад тыбэцкага слова “джыя” – гарбата, а не ад “сі”, што азначае фарфор.
ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Плёткі зьявіліся мільёны гадоў таму і дажылі да нашых дзён таму, што з дапамогай гэтага “інструмэнту” жанчыны абыходзілі канкурэнтак у барацьбе за харчаваньне і сэкс, – лічыць каліфарнійскі антраполяг – Нікол Гэс. Яна заявіла часопісу “New Scientist”, што паклёп у якасьці зброі дапамагаў першабытным пляткаркам падарваць сацыяльны статус канкурэнтак і гарантаваць больш ежы і матэрыяльных дабротаў сабе і сваім дзецям. Пры дапамозе спэцыяльна апрацаванага тэсту Гэс даказала, што жанчыны больш баяцца чутак пра іх, чым фізычнага гвалту. У мыжчынаў усё наадварот.