Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ПАДАЎ ІМ РУКУ ДРУЖБЫ, А ЯНЫ Ў ГЭТУЮ РУКУ ПАКЛАЛІ КАМЯК БРУДУ”


Валянцін Жданко, Менск

Цягам усяго мінулага тыдня многія нашыя слухачы хто са зьдзіўленьнем, хто з крыўдай, а хто і не без задавальненьня сачылі за абменам недружалюбнымі выказваньнямі і ўзаемнымі папрокамі паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Прынцыповыя рознагалосьсі наконт будучыні “саюзнай дзяржавы” даўно насьпявалі і ўрэшце сталі яўнымі. Якія наступствы гэта будзе мець для Беларусі, для яе замежнай палітыкі, а ўрэшце — і для трываласьці рэжыму Лукашэнкі?

Вось як на гэтыя пытаньні адказвае ў сваім лісьце наш слухач Аляксей Смаляк зь Менску:

“Адбылося тое, што рана ці позна павінна было адбыцца. Пуцін паставіў на месца амбітнага і хітрага саюзьніка, які з дапамогай саюзу імкнуўся кіраваць ня толькі даведзенай ім да ручкі Беларусьсю, але і магутнай Расеяй, якая цьвёрда стала на шлях рынкавых рэформаў і дэмакратыі. Лукашэнку ў гэтай сытуацыі адказаць няма чым — застаецца моўчкі глытаць сьлёзы і азірацца па баках.

А сяброў на гарызонце ня бачна. Хіба што такія ж пакрыўджаныя лёсам — Іран, Ірак, Куба, Паўночная Карэя... Але яны далёка, да таго ж бедныя, як царкоўныя мышы. Зь імі саюз не пабудуеш... Цікава, што адчуваюць цяпер тыя людзі, якія галасавалі за Лукашэнку на ўсіх шматлікіх выбарах і рэфэрэндумах? Няўжо ня бачаць, куды завёў нас гэты, так бы мовіць, Іван Сусанін?”, — напісаў Аляксей Смаляк зь Менску.

На пытаньне слухача пра тое, што адчуваюць цяпер колішнія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, часткова адказвае ў сваім лісьце Ларыса Пашко са Слуцкага раёну:

“Вы разам з Пуціным зьдзекуецеся з Лукашэнкі, а мне яго шкада. Чалавека загналі ў кут, б’юць і з Захаду, і з Усходу. Ці да твару Пуціну, прэзыдэнту магутнай вялікай краіны, прыніжаць свайго самага блізкага саюзьніка? Лукашэнка дзеля гэтага саюзу ахвяраваў, можа, самым дарагім — плюнуў на Захад і на яго абяцанкі, восем гадоў езьдзіў не па парыжах і лёнданах, а па расейскай глыбінцы. Наведаў і нафтавікоў Цюмені, і ліпецкіх калгасьнікаў. Ён ведае, чаго хоча просты чалавек. А яму за гэта адплацілі чорнай няўдзячнасьцю, піхнулі тварам у гной.

Я б на месцы Лукашэнкі плюнула цяпер на Маскву. Ён ім падаў руку дружбы, а яны ў гэту руку паклалі камяк бруду. Ня хочуць сябраваць — і ня трэба. Паставіць ім цяпер мяжу за Воршай — і няхай купляюць беларускія візы й плацяць за тое, што едуць па нашай зямлі. Колькі можна зь імі цацкацца”.

Думаю, Ларыса, з вашымі цьверджаньнямі многія не пагодзяцца. Аляксандар Лукашэнка ня езьдзіў на Захад не таму, што не хацеў туды ехаць — проста на Захадзе яго перасталі прымаць з прычыны ягонай эксцэнтрычнай палітыкі, якой ён кінуў выклік цывілізаванаму сьвету.

Што да матываў, якія прымушалі Лукашэнку адзін час вельмі актыўна езьдзіць па расейскіх правінцыях, то на гэты конт шмат супярэчлівай інфармацыі. Фактам ёсьць тое, што гэтыя паездкі былі вельмі частымі тады, калі аслабела ўлада Ельцына і калі тэарэтычна Лукашэнка меў шанцы ўзначаліць новую саюзную дзяржаву. Адметна, што гэтыя ваяжы фактычна спыніліся адразу пасьля прыходу да ўлады Пуціна.

Што да закрыцьця мяжы на ўсход ад Воршы, то гэта сёньня наўрад ці магчыма. Выбраўшы арыентацыю толькі на Расею і апынуўшыся фактычна ў ізаляцыі ад Захаду, беларускі лідэр на сёньня пазбавіў сябе выбару. Ён змушаны цярпець ад Крамля нават зьнявагі.

Ліст ад Валянціны Епіфанавай з Тулы, з Расеі:

“Часта слухаю вашае радыё і атрымліваю асалоду ад мілагучнай беларускай мовы, якую я ў асноўным разумею. А вось што да зьместу вашых праграмаў, дык, прызнацца, да апошняга часу я не пагаджалася з вашай крытыкай Аляксандра Лукашэнкі.

Узяць, да прыкладу, тое ж моўнае пытаньне. Мне здавалася: што кепскага ў тым, што Лукашэнка дамогся, каб у расейскай мовы былі такія ж правы, як у беларускай?

Але нядаўна я ўпершыню ў жыцьці пабывала ў Менску і была проста ў шоку. Я не чакала, што беларуская мова ў вас у такім стане. Па-беларуску са мной не гаварылі ні ў крамах, ні ў кавярнях, ні ў райвыканкаме, ні ў школе — нідзе. Я пачувала сябе гэтак жа, як у роднай Туле. Што ж гэта за двухмоўе такое... І якія дзяржаўныя гарантыі для беларускай мовы?

Увогуле, мне крыўдна за беларусаў, за тое, што яны дазволілі з сабой зрабіць. А ваша радыё я цяпер слухаю з асаблівым пачуцьцём, па-іншаму ацэньваючы многія з тых зьвестак, якія вы паведамляеце”.

Адметна, што спадарыню Епіфанаву ўразіла тое, да чаго многія ў Беларусі ўжо прызвычаіліся і не ўспрымаюць як нешта надзвычайнае. Пры тым, сем гадоў таму, калі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі пачалася гэтая кампанія пад лёзунгамі двухмоўя і абароны расейскай мовы, і сацыёлягі, і мовазнаўцы, і палітыкі папярэджвалі, што зыход будзе менавіта такі: на паперы — двухмоўе, а ў рэальным жыцьці — панаваньне расейскай мовы і поўны заняпад беларускай. Так што выбар уладамі менавіта такой палітыкі ў дачыненьні да беларускай мовы быў цалкам сьвядомым. Беларусы маюць тое, чаго і дамагалася ўлада.

Ліст ад нашага сталага слухача і аўтара, выпускніка сярэдняй школы Зьмітра Панкаўца зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну:

“Пры канцы навучальнага году ў нашай школе вучняў пятае клясы прымалі ў піянэры. Прыйшоў і я паглядзець на гэтае відовішча. На жаль, не магу параўнаць савецкія мерапрыемствы гэтага кшталту зь цяперашнімі, але, як мне падаецца, гэта нешта падобнае.

Тыя самыя чырвоныя гальштукі (адно што ў некаторых зь зялёнымі палоскамі), тыя самыя клятвы пра маральную чысьціню (добра, што дзядулю Леніна ў абяцаньнях больш ня згадваюць). Той самы савецка-беларускі гімн, пад які прысутныя ў залі нават не падняліся з крэслаў. Ня ведаю, што на гэта сказалі б партыйныя функцыянэры 1950–80-х гадоў. Наогул, назіраць за ўсім гэтым было сьмешна, бо выглядала ўсё надта ж недарэчна”.

Далей Зьміцер Панкавец згадвае ўласны досьвед складаных дачыненьняў зь піянэрскай арганізацыяй:

“Калі ў 1996 годзе нас, пяціклясьнікаў, прымалі ў піянэры, уся кляса зь вялікім энтузіязмам успрыняла гэтую вестку, акрамя мяне. Ня ведаю, чаму, але мне ўжо тады не хацелася быць падобным да іх усіх. І ў выніку, нягледзячы на ўсе ўгаворы, я — адзіны з клясы — у піянэры не ўступіў. Чым увесь час вельмі ганарыўся. А піянэрважатай з гэтай прычыны не далі прэмію.

Гледзячы сёньня на гэтых так званых “юных піянэраў”, я думаў, ці не давядзецца ім ужо ў самым блізкім часе пашкадаваць пра зроблены выбар”.

Зьміцер Панкавец сёлета закончыў сярэднюю школу, і гэтак некалькімі сказамі апісвае сьвята апошняга званка:

“Было крыху крыўдна і агідна. А яшчэ, натуральна, сумна. Сумна таму, што скончыў школу. А крыўдна за выступоўцаў (і школьнікаў, і настаўнікаў), якія не сказалі ні слова па-беларуску. Адзіным чалавекам, які выступіў на роднай мове, была мая першая настаўніца Марыя Іванаўна Пятровіч, маці вядомага барысаўскага перакладчыка Бібліі. За што ёй вялікі дзякуй”.

У сыстэме адукацыі й працы з моладзьдзю ўлада паспрабавала зрабіць тое ж, што зрабіла і ў эканоміцы, і ў дзяржаўным будаўніцтве — аднавіць, крыху падправіўшы, старую савецкую сыстэму. У выніку замест камсамолу — БПСМ, замест піянэраў-ленінцаў — піянэры-патрыёты. Унутраны стрыжань гэтых арганізацыяў застаўся ранейшым: яны культывуюць аднадумства, не дапускаюць крытыкі ўлады, служаць інструмэнтам адміністрацыі ў змаганьні зь іншадумцамі. Але загнаць так, як гэта было за камуністамі, усіх дзяцей ды падлеткаў у піянэры і камсамольцы, не ўдаецца. І ня толькі ў горадзе, але, як сьведчыць досьвед Зьміцера Панкаўца, і ў вёсцы.

На заканчэньне — ліст ад Алега Куніцкага зь Віцебску:

“Што ні месяц — жыцьцё ўсё цяжэйшае. А ўлады ўсё хлусяць пра нейкую стабілізацыю, каторы год кормяць абяцанкамі пра саюз з Расеяй. Цэны тым часам не зьніжаюцца, а ўвесь час растуць, у адрозьненьне ад заробкаў.

Добра, што хоць ты, Свабода, сярод гэтых патокаў уладнай хлусьні гаворыш праўду, не баючыся, што яна не спадабаецца высокім начальнікам. Ад гэтага неяк лягчэй на сэрцы, бо не зьнікае надзея, што засталіся яшчэ ў Беларусі сумленныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца, і ведаюць, як з гэтай багны выбрацца”, — напісаў Алег Куніцкі зь Віцебску.

Дзякуй вам, спадар Алег, за добрыя словы. Сумленных людзей, якія цьвяроза ацэньваюць тое, што адбываецца, і не баяцца праўдзіва казаць пра гэта, увогуле шмат вакол нас. Іншая справа, што не яны прымаюць у дзяржаве рашэньні. Відавочна, з гэтай прычыны і многія беды.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Леакадзія Камейша зь Ліды, Міхаіл Леках з Рыгі і Аляксей Мабус з Салігорску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG