(Навумчык: ) “Спадар Генадзь, спэцслужбы – сфэра закрытая, і тым ня менш, сталі вядомыя некалькі самагубстваў супрацоўнікаў КГБ у апошнія гады. Колькі гадоў таму з балкону дома на Нямізе ў Менску выкінуўся начальнік зьнешняй выведкі палкоўнік Жукавец, сёлета 15 красавіка застрэліўся палкоўнік КГБ Юры Ламека.
Адметна, што робяць сабе сьмерць даволі высокапастаўленыя супрацоўнікі – у званьні палкоўнікаў. Зразумела, што ў спэцслужбы людзей падбіраюць паводле пэўных крытэрыяў, сярод іх і псыхічная ўстойлівасьць, а тут раптам – такія нечаканыя ўчынкі. Што можа быць за гэтым?”
(Угляніца: ) “У чалавека могуць быць нейкія асабістыя праблемы... Але таксама і праблемы па службе. Супрацоўнікі спэцслужбаў паводле сваёй дзейнасьці ведаюць шмат пра што. І падвойнае, патройнае жыцьцё вядуць. Вельмі цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Нават сьледзтва, калі яно будзе весьціся, яно будзе закрытае, і наўрад ці ўсю праўду будуць ведаць нават родныя і блізкія загінулага”.
(Навумчык: ) “Дарэчы, ці маюць сем’і загінулых супрацоўнікаў спэцслуцслужбаў сацыяльныя гарантыі?”
(Угляніца: ) “Так, сацыяльныя гарантыі ёсьць, але ў Беларусі яны не такія ўжо і вялікія, ва ўсялякім разе, сям'я загінулага ня можа разьлічваць на ранейшы ўзровень жыцьця. І потым, калі чалавек сыходзіць з жыцьця, шмат хто ў спэцслужбах забывае яго праз год, праз два, акрамя мо сяброў”.
(Навумчык: ) “Ігар Голубеў, які сёньня загінуў у Магілёве, быў супрацоўнікам Рады Бясьпекі. Якія адносіны паміж КГБ ды Радай Бясьпекі?”
(Угляніца: ) “Рада Бясьпекі была створаная як спэцслужба ў супрацьвагу КГБ. Лукашэнка і ўлада маюць рычагі ўзьдзеяньня і, як правіла, сталківаюць іх ілбамі, а ў выніку ўлада трымае спэцслужбы ў руках”.
(Навумчык: ) “Выпадкі суіцыду былі частай зьявай у НКВД у трыццатыя гады, калі сёньня чэкіст дапытваў “ворага народу” і расстрэльваў, а заўтра сам рабіўся “ворагам” і падзялаў лёс учорашняй ахвяры. Вядома, што і ў пяцідзясятыя, пасьля ХХ зьезду, калі пачалася рэабілітацыя, былі выпадкі самагубстваў сярод супрацоўнікаў дзяржбясьпекі – відаць, баяліся суду. Ці бачыце вы нейкія паралелі зь цяперашняй сытуацыяй, у якой апынуліся спэцслужбы ў Беларусі?”
(Угляніца: ) “Усё можа быць... Ніхто ня ведае, чым займаюцца спэцслужбы, акрамя саміх спэцслужбаў. Рада Бясьпекі, якая была створаная ў мэтах выкананьня асабістых загадаў Лукашэнкі, быць яго кішэннай спэцслужбай, яна можа выконваць розныя загады. Тыя ж зьнікненьні палітычныя ў Беларусі. Невядома, ці чалавек сам сыходзіць з гэтага жыцьця, ці яму “дапамагаюць”. Бо сапраўды, у спэцслужбы звычайна набіраюць людзей, якія маюць адпаведныя псыхалягічныя якасьці, яны тэстуюцца, штогод праходзяць мэдычную атэстацыю. Так што людзі, у якіх бы “здавалі нэрвы” ці якія б не маглі валодаць сваім псыхічным станам – рэдкая зьява. Хутчэй, на такі крок чалавека вымушае нешта. Ці то ўнутраныя, ці то зьнешнія абставіны”.