Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: “РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКІ ДЫСАНАНС ВЫКЛІКАНЫ ЗАМЕЖНАЙ ПАЛІТЫКАЙ МЕНСКУ”


Алена Панкратава, Менск

Маскоўскі карэспандэнт “Neue Zuercher Zeitung” разглядае некалькі прычынаў, якія маглі б спрыяць падобнаму адмежаваньню Масквы ад Менску. Напрыклад, тое, што расейска-беларускі саюз ня мае вялікага сэнсу для Расеі — як з гледзішча палітыкі, так і эканомікі. Галоўная ж праблема, паводле аўтара, палягае ў замежнай палітыцы Беларусі.

Ня выключана, што ў цяперашняй надзвычай рэзкай для стрыманага Пуціна крытыцы Лукашэнкі можна ўбачыць гэтак званы вашынгтонскі сьлед. Сёньня Крэмль падкрэсьлена дэманструе, што ня мае ніякага дачыненьня да эсктравагантнай замежнай палітыкі Беларусі. Яго нібыта шакуе, што беларускае кіраўніцтва, з аднаго боку, імкнецца пазбавіцца ад місіі АБСЭ, а з другога — адкрыта ўмацоўвае свае стасункі з такімі апальнымі дзяржавамі як Ірак, Сырыя, Лібан, Куба.

Вядома, што менавіта на гэтую асаблівасьць зьвяртаў увагу ў часе перамоваў з расейскім кіраўніцтвам дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл. Вашынгтон неаднойчы выказваў сваю занепакоенасьць тым, паведамляе газэта, што Менск працягвае кантрабандныя пастаўкі зброі палестынскім экстрэмістам, што беларускія інструктары навучаюць ірацкіх вайскоўцаў.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, згодна з пажаданьнем Вашынгтону Пуцін ня мог не выказаць Лукашэнку сваёй заўвагі адносна небясьпекі падобнай палітычнай лініі, аднак, такая спроба, праўдападобна, аказалася беспасьпяховай, — піша выданьне. У выніку крамлёўскаму лідэру не заставалася нічога іншага, як адкрыта прадэманстраваць сваю дыстанцыю ў дачыненьні да Менску.

Як падкрэсьліваюць швайцарскія аглядальнікі, нельга не зьвярнуць увагі і на наступную акалічнасьць. Апошнім часам Пуцін усё больш настойліва падкрэсьлівае, што расейска-беларускі саюз ёсьць прадуктам мінулай ельцынскай эры. Час ад часу ўзгадваецца, што у расейска-беларускім аб’яднаньні шукалі пэўнага прыкрыцьця пэрсоны ня самай лепшай рэпутацыі — такія, як Беразоўскі і Барадзін.

З прыходам Пуціна да ўлады міждзяржаўнае аб’яднаньне рассыпаецца, як картачны дамок, ягонага бюджэту не хапае ні на амбіцыі асобных палітыкаў, ні на рэальныя праекты. Як піша швайцарскае выданьне, дысананс у расейска-беларускіх стасунках трэба тлумачыць у тым ліку і жаданьнем Пуціна дыстанцыявацца ад свайго папярэдніка Ельцына і гэтак званай “сям’і”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG