Зь іншых крыніцаў удалося высьветліць, што нябожчыку ішоў 42 год. У Менску загадчыкам аддзелу арганізацыйнага забесьпячэньня сакратарыяту Савету Бясьпекі ён працаваў нядаўна і перавёўся туды, дарэчы, з Магілёва, дзе жывуць ягоныя бацькі.
У Магілёў Ігар Голубеў прыехаў у службовую камандзіроўку як адзін з арганізатараў сэмінару кіраўнічых кадраў. Сэмінар другі дзень праходзіць у гэтым абласным цэнтры, удзельнічае ў ім і Аляксандар Лукашэнка. Учорашні дзень для арганізатараў сэмінару быў вельмі напружаны. Ёсьць вэрсія, што арганізатары пры канцы дня расслабіліся за чаркай, але ці быў Ігар Голубеў нападпітку — невядома.
“Каля 500 удзельнікаў сэмінару жыве ў гатэлі, усё было ціха і мірна. Але сярод такой колькасьці знаёмых людзей безумоўна ўзьнікаюць кампаніі, якія бавяць час і ў застольлі. Такое магло быць, але арганізаванага для ўсіх частаваньня ўчора не было”, — паведаміла мне адміністратарка гатэлю, якая не пажадала называць свайго імя.
Пры гэтым, паводле яе інфармацыі, учора ўвечары Ігар Голубеў наведваў сваіх бацькоў і вярнуўся ў гатэль позна. “Сюды прыходзіла ягоная знаёмая, яна плача, кажа, гэта быў вельмі стрыманы і прыстойны чалавек”, — паведаміла мне адміністратарка.
Аднак мая суразмоўца не магла ўявіць, як можна выпадкова перакуліцца праз агароджу гаўбца. Паводле яе, вышыня гэтай агароджы 1 мэтар 10 сантымэтраў. “Гэта ня вельмі шмат, але ўсё роўна даросламу чалавеку дастаткова, каб адчуваць сябе ў бясьпецы. Магчыма, ён сапраўды пацягнуўся за дакумэнтамі, якія выпалі, але мне гэта цяжка ўявіць”, — сказала адміністратарка гатэлю. Яшчэ яна ўзгадала, што ў 1972 годзе, калі толькі адкрыўся гатэль “Магілёў”, з гаўбца таксама выпала жанчына, але тая была нападпітку.
Савет Бясьпекі ўжо назваў сьмерць свайго супрацоўніка “няшчасным выпадкам”.