Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АФІЦЫЙНА ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ІНСТЫТУТ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Вольга, раскажыце, калі ласка, як паўстаў Інстытут?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “Пачалося з таго, што ў Варшаве сабраліся некалькі беларусаў і вырашылі рабіць што-небудзь файнае, каб паказаць палякам нашую культуру, нашую гісторыю. На пачатак зарганізавалі канцэрт Касі Камоцкай, на які прыйшло шмат людзей. Тады мы зразумелі, што гэта можа быць цікава і з гэтага можа нешта атрымацца.

Такія інстытуты існуюць у кожнай краіне. Іх падтрымліваюць міністэрствы замежных справаў. Прыкладам, у Варшаве ёсьць чэскі, славацкі, украінскі інстытуты. Яны займаюцца папулярызацыяй, рэклямай сваёй краіны, яе культуры і гісторыі. Мы вырашылі зрабіць нешта накшталт гэтых інстытутаў”.

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі, што іншыя краіны падтрымліваюць інстытуты нацыянальнай культуры за мяжой, разумеючы, што сваю культуру трэба прапагандаваць. А якія сувязі мае ваш інстытут зь беларусімі ўладамі? Ці цікавіцца беларуская амбасада ў Польшчы вашай дзейнасьцю?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “Адным з нашых прынцыпаў ад самага пачатку было ігнараваць цяперашнія афіцыйныя ўлады Беларусі. Што да іхнага стаўленьня да нас, дык на некаторых імпрэзах зьяўляюцца прадстаўнікі беларускай амбасады. Але гэта абсалютна неафіцыйна. Ніхто зь іх ніколі не падышоў і не сказаў, што ён зь беларускай амбасады і хацеў бы распачаць нейкія кантакты з Інстытутам”.

(Карэспандэнт: ) “Хто ўваходзіць у склад вашай арганізацыі?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “На пачатку нас было ўсяго некалькі чалавек. Але потым, па сканчэньні нашых імпрэзаў, да нас пачалі падыходзіць людзі – беларусы ці палякі, якія неяк зьвязаныя зь Беларусьсю ці цікавяцца нашай краінай. Падыходзілі нават са сваімі прапановамі. Так назьбіралася каманда з каля двух дзясяткаў асобаў, якія на добраахвотных пачатках актыўна працуюць у Інстытуце”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуючы Інстытуту, у Варшаве шырока вядомым стала сьвяткаваньне беларускіх Калядаў, а таксама Дня Волі. Гэтыя імпрэзы традыцыйна зьбіраюць шмат людзей. Што найбольш цікавага з іншых імпрэзаў вам прыгадваецца?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “Мне прыгадваецца спатканьне з маладымі беларускімі палітыкамі пад назвай “Беларусь заўтра”, якое паказала, што палякаў цікавяць ня толькі беларуская гісторыя і культура, але яшчэ, і нават у большай ступені, цяперашняя палітычная сытуацыя ў нашай краіне. У часе спатканьня ўсе ахвотныя не маглі зьмясьціцца ў залі”.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Вольга, ад самага пачатку існаваньня інстытут выдае інфармацыйны бюлетэнь. На якога чытыча ён разьлічаны?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “У нашым бюлетэні, які называецца “Інфарматар”, зьяўляюцца матэрыялы ў асноўным на польскай мове. Такім чынам мы імкнемся тлумачыць звычайным палякам на зразумелай для іх мове тое, што мы хочам ім сказаць”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне: на ваш погляд, чым адрозьніваецца Інстытут беларускай культуры ад іншых беларускіх арганізацыяў у Польшчы?”

(Гардзейчык-Мазярская: ) “Асноўная розьніца ў тым, што мы не аб’яднаныя паводле нацыянальнай прыкметы. Мы трымаемся разам не таму, што мы беларусы, тым больш, што частка сяброў інстытуту – палякі, а таму, што маем супольную мэту. Нас яднае пераважна тое, што мы ведаем пра Беларусь больш, чым ведаюць звычайныя палякі, і хочам гэтымі ведамі з палякамі падзяліцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG