(Рабаў: ) “Некалькі фактараў зрабілі ўплыў на апошняе абвастрэньне сытуацыі. Адзін з галоўных – гэта яўнае нежаданьне прэзыдэнта Пуціна, які падзяляе лібэральны падыход да эканамічных рэформаў, каб рэспубліка, эканоміка якой складае толькі 3% расейскага ВВП, атрымала б роўныя з Расеяй палітычныя правы. Гэты падыход заўсёды падтрымліваўся рэфарматарскімі сіламі ў Расеі. Тым больш, што перад вычыма няўдалы прыклад такога аб’яднаньня – мы бачым канчатковы распад “малой” Югаславіі, якая ўвосень спыніць існаваньне і фактычна распадзецца на вялікую Сэрбію і маленькую Чарнагорыю. Пуцін падышоў да гэтага пытаньня як прагматык.
Мяркую, што і пасьля цяперашняга канфлікту далейшая інтэграцыя мусіць працягвацца, ёсьць пэўная інэрцыя, ёсьць праблема стварэньня ўніфікаванага мытнага заканадаўства, увядзеньня праз 5 гадоў адзінай валюты.
Што тычыцца прэзыдэнта Беларусі, то ён зрабіў некалькі няўдалых спробаў знайсьці ва ўсясьветнай супольнасьці іншыя кропкі апоры, чым Расея. Гледзячы па ўсім, пра гэта даведаліся ў Маскве, што толькі ўзмацніла недавер да беларускага прэзыдэнта.
Так што справа тут ня столькі ў тым, што Лукашэнка перашкаджае Расеі збліжацца з Захадам. Гэты канфлікт спароджаны ўнутранаю лёгікаю разьвіцьця беларуска-расейскага саюзу. Таму мне здаецца, што далей сытуацыя на палітычным ўзроўні будзе замарожаная, бо без узаемнага даверу двух прэзыдэнтаў гэтая структура разьвівацца ня будзе. У той жа час з выкарыстаньнем і новага мытнага заканадаўства, і іншых юрыдычных магчымасьцяў будзе працягвацца экспансія расейскіх капіталаў у Беларусь”.
Ці мае сп-р Лукашэнка альтэрнатыўныя варыянты палітыкі, ці можа ён пайсьці на збліжэньне з Захадам, з краінамі Поўдню, стаць зацятым беларускім нацыяналістам? Экспэрт маскоўскага фонду Карнэгі Андрэй Рабаў лічыць, што для гэтага ў беларускага кіраўніка замала рэсурсаў:
(Рабаў: ) “Такія спробы ўжо спрабавалі ажыцьцявіць. І ў атачэньні прэзыдэнта ёсьць як прыхільнікі інтэграцыі, гэтак і прыхільнікі нэакамунізацыі Беларусі, ёсьць і жорсткія нацыяналісты. Але каб разыграць адну з гэтых палітычных картаў па-за збліжэньнем з Расеяй, у Лукашэнкі не хапае рэсурсаў. Адносны дабрабыт беларускай эканомікі ў апошнія гады кіраваньня Ельцына ў значнай ступені забясьпечваўся тым, што рэспубліка атрымлівала розныя, у тым ліку і прыхаваныя віды дапамогі з Расеі. Відавочна, тады ў Маскве былі сілы, якія лічылі, што калісьці на зьмену старому Ельцыну спатрэбіцца новы лідэр, і цалкам магчыма, што Лукашэнка разглядаўся гэтымі сіламі як адзін з магчымых кандыдатаў.
Пасьля прыходу да ўлады Пуціна відавочна, што гэтыя меркаваньні адышлі на другі плян. Адпаведна і эканамічная падтрымка Беларусі з боку Масквы істотна скарацілася. Таму Лукашэнка, безумоўна, будзе спрабаваць гуляць нейкія камбінацыі. Але праблема ў тым, што ўласных рэсурсаў малавата, а атрымаць падтрымку звонку малаверагодна. Бо ёсьць Расея і Эўразьвяз. Эўразьвяз, я мяркую, ні пры якіх умовах ня будзе аказваць падтрымку Лукашэнку, якія б зьмены і рэформы ён ні абяцаў. Таму яму наканавана рушыцца па вызначанай траекторыі са скандаламі і абвінавачваньнем расейскіх уладаў і неафіцыйнымі спробамі дамовіцца з расейскімі ўладамі”.