“Палітычная геаграфія”: Рэчыца
Рэчыца слынная броварам і радовішчам нафты. Яшчэ тут знаходзіцца адзіны ў Беларусі судабудаўнічы завод, які робіць морскія водаплавы. Аднак горад унікальны ня толькі гэтым: паміж тутэйшымі каталіцкім касьцёлам і праваслаўнай царквой самая малая ў Беларусі адлегласьць — усяго 50 крокаў. Менавіта тут пад ложкамі некаторых жыхароў гораду знаходзяцца сапраўдныя склады сярэднявечнай зброі. А на першай старонцы тутэйшай раённай газэты “Дняпровец” і сёньня можна пабачыць “Пагоню”.
Заўтра ў цыклі “Палітычная геаграфія” слухайце аповед Ягора Маёрчыка пра Рэчыцу.
“Беларуская Атлянтыда”: Конь у сялянскім побыце
Дзьве наступныя перадачы цыклю “Беларуская Атлянтыда” будуць прысьвечаныя каню.
Конь – на нацыянальным гербе “Пагоня”. Пра каня спрадвеку беларусы складалі вершы, сьпявалі песьні. Конь быў і застаецца сымбалем дабрабыту селяніна. Маючы каня, селянін захоўваў сваю адносную свабоду. Вось чаму бальшавікі, калі распачалі сваю калектывізацыю, найперш забаранілі селяніну мець ва ўласнасьці каня. Той адразу ж станавіўся жабраком і быў вымушаны ісьці ў калгас.
Пра гэта і шмат іншае, зьвязанае з коньмі ў беларускай гісторыі, распавядзе гісторык Алег Трусаў у дзьвюх наступных перадачах Вячаслава Ракіцкага “Беларуская Атлянтыда”. Тэма першай зь іх – конь у сялянскім побыце.