Прэзыдыюм вырашыў правесьці пазачарговы зьезд Фэдэрацыі 31 ліпеня – 1 жніўня. Вось як пракамэнтаваў гэтую ініцыятыву нашаму радыё старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:
(Вітко: ) “Набліжаная дата зьезду ў сувязі з тым, што вельмі дынамічна разьвіваюцца працэсы ў прафсаюзным руху, вельмі актыўна паводзяць сябе ўлады ў дачыненьні да “рэфармаваньня” (паводле іхнага прадстаўленьня) прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю. Улады хочуць рукамі саміх жа прафсаюзаў разбурыць сыстэму, якая сёньня рэальна існуе і зь якой яны ня хочуць лічыцца. Я маю на ўвазе Фэдэрацыю прафсаюзаў, што аб’ядноўвае галіновыя прафсаюзы. І таму мы павінны вырашыць, што рабіць далей: з улікам вось гэтых працэсаў”.
(Карэспандэнт:) “Чым, на ваш погляд, выкліканы новы наступ уладаў на правы прафсаюзаў?”
(Вітко: ) “Новы наступ уладаў выцякае з таго, што першапачатковыя мэты ўладаў не былі рэалізаваныя. Наперадзе ж нас чакаюць і скарачэньне штатаў на прадпрыемствах, і банкруцтва некаторых зь іх. Таму задача ўладаў — выкарыстаць стварэньне новых прафсаюзаў як інструмэнт свайго ўплыву ў працоўных калектывах”.
На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму былі агучаныя шматлікія факты ўмяшальніцтва вэртыкалі ў прафсаюзную дзейнасьць. Прычым гэты працэс назіраецца ва ўсіх рэгіёнах. У прыватнасьці, намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Аляксандар Кавіцкі паведаміў, што ва ўсіх раёнах распачаўся працэс прымусовага стварэньня новых структураў.
Старшыня галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў выступіў на паседжаньні з ініцыятывай правесьці акцыі пратэсту.
(Бухвостаў: ) “Мы зь Фядынічам прапанавалі паставіць пікеты да зьезду пра парушэньне правоў прафсаюзаў. Але гэтая прапанова не была ўхваленая. Аднак я мяркую, што многія прафсаюзы ўсё ж такія акцыі правядуць і ня будуць выконваць указаньне Лукашэнкі пра пераўтварэньне прафсаюзаў.
Цяпер прадстаўнікі ўладаў мусяць ісьці ў працоўныя калектывы, каб агітаваць за пераход у новыя прафсаюзы. Пры гэтым маюць месца затрымкі заробкаў, таму ўлады могуць і галаву зламаць. Цяпер толькі пачатак націску. Я не выключаю жорсткага супраціву ў абарону самастойнасьці прафсаюзаў, якія будуць сапраўдным рухавіком дэмакратычных пераўтварэньняў у рэспубліцы”, — мяркуе Аляксандар Бухвостаў, лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу.