Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ ВАСІЛЮ БЫКАВУ СПАЎНЯЕЦЦА 78 ГАДОЎ


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Васіль Уладзімеравіч, ваш лёс у вялікай літаратуры пачаўся з цкаваньня. Пасьля публікацыі ў 1966 годзе ў “Новым міры” Твардоўскага аповесьці “Мёртвым не баліць” у органе ЦК КПСС газэце “Правда” зьявіўся разгромны артыкул Уладзімера Сеўрука, а затым – дзясяткі падобных артыкулаў у газэтах рангам ніжэйшых. Вам білі вокны, за вамі сачыла КГБ. Але тады частка Саюзу пісьменьнікаў Беларусі ўпершыню выступіла супраць тагачасных ідэалягічных схемаў, уступіўшы ў канфлікт з уладамі, – падпісаўшы калектыўны ліст у вашую падтрымку. Тое, што не ўдалося ўладам зрабіць сорак гадоў таму, зроблена сёньня. Сеўрук зроблены адным з ідэолягаў, а беларускія пісьменьнікі пастаўленыя ў крытычныя умовы, калі гаворка ідзе ўжо не пра магчымасьць выдавацца, а пра магчымасьць выжыць. Але ці засталася магчымасьць ствараць? Бо можна ж пісаць у стол… Дык ці можа пісьменьнік “пісаць у стол”?

(Быкаў: ) “Ну, пісьменьнік, канечне, можа ўсё, што патрэбна і што ён захоча. Усё-ткі пакуль што літаратурная творчасьць ня мае адзнак прамысловай творчасьці, гэта індывідуальны працэс, і натуральна, што ў гэтым сэнсе пісьменьнікі вольныя выбіраць. Але справа ў тым, што – якая пэрспэктыва таго?

Я думаю, што той працэс, які зараз адбываецца наагул у сусьветнай культуры, нейкім чынам гіпэртрафаваўся у нашай нацыянальнай культуры, бо нашая нацыянальная культура нішчыцца, апроч таго, палітычнымі мэтадамі. І я ня думаю, што пад татальным націскам масавай культуры, аб’яднаным зь дзяржаўніцкім дэспатызмам, можна было нейкім чынам выстаяць.

Якая тут можа быць пазыцыя нацыянальнай культуры і яе дзеячоў? Найперш, я думаю, ня даць панішчыць наш клясычны нацыянальны плён, здабыты ў ранейшыя часы, у тым ліку і савецкія. Захаваць яго ад панявечаньня, дыскрымінацыі, а тое і фізычнага вынішчэньня, спадзеючыся на віртуальнае адраджэньне, што, аднак, дужа сумнеўна. Але ўсё роўна – не саступіць з пазыцыяў праўды і справядлівасьці – нават калі ўсе абставіны будуць супраць – памятаючы, што ісьціна за намі. За імі перамога, можа быць, але за намі ісьціна, якая, як пісаў разумны і сумленны сучасны філёзаф, вышэйшая за ўсё, нават за ачмурэлы народ”.

(Навумчык: ) “Васіль Уладзімеравіч, на пачатку 21-га стагодзьдзя зьмяніліся сродкі камунікацыяў пісьменьніка і чытача – можна абысьціся і без выдавецтва, і нават бяз кнігі ў яе клясычным “гутэнбэргаўскім” разуменьні – бо ёсьць Інтэрнэт, куды можна выставіць любы тэкст. І атрымаць тысячы чытачоў. Альбо – не атрымаць. Сучасныя тэхналёгіі – ці ўплываюць яны нейкім чынам на творчы працэс? Ці зрабілася вам прасьцей пісаць?”

(Быкаў: ) “Я ўсё-ткі думаю, што тэхнічныя сродкі, у тым ліку і сусьветнае сеціва, кепска дастасуюцца да характару традыцыйнай культуры. Усё-ткі, мабыць, гэтае сеціва – добрая рэч у справе інфарматыкі, але “Дон Кіхот” і “Новая зямля” створаныя прымітыўнымі сродкамі. Лазэрныя, кампутарныя ды іншыя сродкі выяўленьня не стварылі пакуль нічога, што магло б канкураваць з клясычнымі мадонамі і антычнымі статуямі, якія ствараліся адно душамі і чуйнымі рукамі мастакоў. Таму, каб у гэтым сэнсе спадзявацца на нейкія посьпехі, патрэбная, відаць, вялікая практыка, гістарычны час, а таго часу пакуль што ў нас прайшло вельмі няшмат. І таму я, напрыклад, ня маю ніякага захапленьня ад гэтых тэхнічных сродкаў, у тым ліку ад інтэрнэту. Мой асабісты вопыт адзін: нейкі момант – і ўсё гэтае можа быць панішчанае, чаго ня можа быць, не магло быць – амаль што не магло быць – у ранейшыя часы, калі ўсё гэта мела індывідуальны характар і не залежала ад масавай культуры, або нават масавай цывілізацыі”.

(Навумчык: ) “Нехта з празаікаў, здаецца, Валянцін Катаеў, заўважыў, што мэта літаратуры й наагул мастацтва – “служыць зьмякчэньню нораваў”. Мо і сапраўды, каб не было Леанарда, Сэрвантаса, Моцарта, чалавецтва засталося б у скалах… Аднак цяпер інфармагенцыі штодня даносяць нам зьвесткі пра такія чалавечыя ўчынкі, на якія нэандэрталец мо быў бы і няздольны. Дык выглядае, што мастацтва, увесь гэты шматтысячагадовы пласт мастацтва – бездапаможны. Дык усё ж, што вас прымушае амаль штодня сядаць за пісьмовы стол? Якія ў вас яшчэ засталіся спадзяваньні, што нехта нешта пачуе і нехта нешта зьменіць?”

(Быкаў: ) “Я думаю, што пачуюць, усё-ткі яшчэ пакуль што можна чуць, што пішуць мастакі і ствараюць мастакі. Але справа нават ня ў гэтым. Нават калі нічога ніхто не пачуе, усё роўна наш абавязак, абавязак творцаў – гэта тварыць, памятаючы, што ісьціна ўсё-ткі за намі. За імі, тымі, хто выступае супраць, – перамога, а за намі – ісьціна. У гэтым сэнсе, я думаю, вельмі важнае даўняе выслоўе расейца Талстога: “Рабіцьме, што трэба, і хай будзе, што будзе”. Вось у гэтым і ёсьць абавязак і, можа быць, апошняе спадзяваньне мастака ў наш час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG