Большасьць уцекачоў з Афганістану — каля пяцісот афганскіх грамадзянаў – атрымалі статус уцекача ў Беларусі. Другое месца займаюць прадстаўнікі Грузіі — 64 чалавекі, потым ідуць Таджыкістан і Этыёпія — па два дзясяткі чалавек.
У 1990-я гады плыня мігрантаў, што ідуць празь Беларусь, стала вялізная, і ў Менску нават адкрылася прадстаўніцтва вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. Яно дзейнічае дагэтуль. Між тым, людзей, якія шукаюць прытулку непасрэдна ў Беларусі, паменела. Пільней сталі сачыць за межамі адпаведныя органы, а сама Беларусь недастаткова прывабная краіна для тых, хто страціў радзіму. Гэтак лічыць кіраўнік прадстаўніцтва камісара ААН у справах уцекачоў Багдан Нагайла:
(Нагайла: ) “Беларусь прываблівае адносна малую колькасьць тых, хто зьбіраецца застацца тут. Гэта нягледзячы на спакойны стан у краіне і магчымасьць жыць дастаткова нармальна. Безумоўна, патокі мігрантаў празь Беларусь ідуць вялікія, але тых, хто вырашае тут застацца, становіцца ўсё меней — цяпер ня больш за 200 чалавек штогоду. Таму мы не чакаем пагаршэньня стану. Ён, на нашую думку, застаецца пад кантролем”.
Кіраўнік прадстаўніцтва камісара ААН у справах уцекачоў Багдан Нагайла ня бачыць праблемы ў тым, што толькі кожны чацьверты заяўнік атрымлівае ў Беларусі пажаданы статус — на ягоную думку, гэта норма. У параўнаньні зь міграцыйнымі службамі балтыйскіх краінаў беларускія службы больш лагодна ставяцца да ўцекачоў, лічыць прадстаўнік ААН.
Але ў Беларусі вельмі цяжка адбываецца інтэграцыя ў грамадзтва, дзе шмат унутраных праблемаў. Найперш гэта беднасьць. Паводле дэпартамэнту міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прыкладна паўгода трэба чакаць атрыманьня статусу ўцекача, які фармальна дае аднолькавыя грамадзянскія правы з жыхарамі Беларусі — у тым ліку права на працу. Але большасьць уцекачоў ня ведаюць мовы і таму разьлічваць нават на дрэнную працу ім не даводіцца. Невялікай грашовай дапамогі ААН, якую атрымліваюць некаторыя сем’і ўцекачоў, хапае толькі на ежу.
“Людзі да нас тут добра ставяцца, вось толькі працу знайсьці цяжка, а неяк жыць жа трэба. Я ў Менску прадавала плоў ды лаваш, дык увесь час затрымлівалі за тое, што няма адпаведных папераў”, — згадвае Руна Махамад Акбар з Афганістану, якая знайшла прытулак у Стоўпцах. Разам з мужам-інвалідам і двума дзецьмі яна жыве ў невялікім пакойчыку ў інтэрнаце, трымаецца на маленькую пэнсію ААН і чакае лепшай долі.
Калісьці гэтая жанчына з вышэйшай адукацыяй працавала ў Кабуле ў банку, а цяпер яна марыць пра тое, каб далі працу на гародніннай базе у райцэнтры. “Там хоць бульбай расплачваюцца, а мае дзеці яе ядуць з задавальненьнем”, — кажа Руна Мухамад Акбар. Яна хоць і ўдзячная беларусам за тое, што далі прытулак, аднак марыць вярнуцца дамоў, калі ў Афганістане стане спакайней.
Паводле назіраньняў адмыслоўцаў, ня менш як палова ўцекачоў сярэдняга веку зьехала б зь Беларусі на радзіму, калі б стан там палепшыўся. Што да дзяцей легальных імігрантаў, то многія зь іх лічаць Беларусь сваёй радзімай і зьвязваюць зь ёй сваю будучыню.