Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭГРАЦЫЙНЫ СКАНДАЛ


Юры Дракахруст, Менск

Удзельнічаюць: Іван Антановіч, Сяргей Караганаў, Сяргей Маркаў, Міхаіл Марыніч, Міхаіл Пагрэбінскі, Дзьмітры Фурман

(Дракахруст: ) “Здаецца, упершыню за апошнія 7 гадоў кіраўнік Расеі, адкінуўшы ўбок дыпляматычныя ветлівасьці, ясна і надзвычай жорстка выказаўся наконт прыроды бясконцай інтэграцыйнай гульні і вызначыў расейскі погляд на межы і ўмовы інтэграцыі.

Гэтая заява расейскага лідэра прагучала ў кантэксьце іншых падзеяў у двухбаковых адносінах, якія яшчэ больш ярка вызначылі сэнс гэтага новага этапу беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Адлік варта пачаць з заявы намесьніка міністра эканомікі Беларусі Андрэя Тура, які паведаміў, што ўрад не зьбіраецца прадаваць кантрольныя пакеты беларускіх прадпрыемстваў ніводнаму з расейскіх алігархаў. Як і прагназаваў шэраг назіральнікаў, Аляксандар Лукашэнка вырашыў, што пагроза ягонай уладзе, якую нясе прыход расейскага бізнэсу, справа больш значная, чым тыя даброты, якія можа даць гэты прыход.

Аднак магчыма, што заява Андрэя Тура была не канчатковым словам беларускага боку, а хутчэй ходам у расейскай гульні беларускага кіраўніка. Такі, у прыватнасьці, пункт гледжаньня дырэктара расейскага інстытуту палітычных дасьледваньняў Сяргея Маркава”:

(Маркаў: ) “Заява міністэрства эканомікі пра тое, што беларускі ўрад ня хоча аддаваць кантрольныя пакеты акцыяў сваіх ключавых прадпрыемстваў расейскім кампаніям мне ўяўляецца зусім лягічным і заканамерным. Калі б краіны сапраўды аб’ядноўваліся, то тады буйныя расейскія кампаніі маглі б браць актыўны ўдзел у беларускім палітычным жыцьці і браць пад кантроль ключавыя сфэры беларускай эканомікі. А калі дзьве дзяржавы не аб’ядноўваюцца, то беларускі ўрад дэманструе занепакоенасьць, што расейскі бізнэс можа заняць надзвычай моцныя пазыцыі і потым аказваць ціск праз валоданьне беларускімі прадпрыемствамі. Урад будзе гандляваць гэтымі кантрольнымі пакетамі акцый на палітычным рынку і патрабаваць ад Расеі большых саступак і прыняцьця тых мадэляў інтэграцыі, якія больш сымпатычныя беларускаму кіраўніцтву. Таму гэтыя заява міністэрства эканомікі мне падаецца нармальнай з пункту гледжаньня гандлю, які вядзе Лукашэнка з Пуціным”.

(Дракахруст: ) “Фактычная адмова афіцыйнага Менску дапусьціць расейскіх інвэстараў да беларускай прыватызацыі сапраўды адбылася напярэдадні чарговай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. На ёй бакі меркавалі нарэшце вызначыцца з палітычнай канструкцыяй беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы: “у Беларусі чакаюць адказу на пытаньне, якім быць саюзу”, – казаў напярэдадні сустрэчы Лукашэнка. Але літаральна за дзень да спатканьня Лукашэнкі і Пуціна ў тым жа Санкт-Пецярбургу кіраўнікі Расеі, Украіны і Нямеччыны дамовіліся пра стварэньне кансорцыюма па перакачцы расейскага газу ў Эўропу праз Украіну. Тым самым амбіцыйны праект пракладкі газаправоду празь Беларусь быў калі ня цалкам пахаваны, то адкладзены ў даўгую скрыню.

Пра значэньне гэтага пагадненьня для Ўкраіны гаворыць дырэктар кіеўскага інстытуту канфлікталёгіі Міхаіл Пагрэбінскі.

(Пагрэбінскі: ) “Я мяркую, што гэтае рашэньне найперш прадыктаванае эканамічнымі меркаваньнямі. Аднак паколькі гэтае рашэньне тычыцца ня толькі сябраў СНД, але і эўрапейскіх партнэраў, гэта мае вялікае міжнароднае палітычнае значэньне. Праблема палягае ў тэхнічных дэталях, як кажуць, д’ябал хаваецца ў дробязях. Наколькі будуць абароненыя нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны ў гэтым кансорцыюме – мы яшчэ пабачым. Гэта будзе пэўным выпрабаваньнем для ўкраінскай палітычнай эліты – наколькі яны здолеюць адстаяць украінскія інтарэсы. Я спадзяюся, што змогуць.

Што тычыцца праекту газаправоду праз Беларусь, з камэнтароў ня вынікае, што на ім пастаўлены крыж. Паколькі патрэба ў газе ў Эўропе падвышаецца, то я ня выключаю, што да гэтага праекту вернуцца, але пазьней”.

(Дракахруст: ) “Цалкам магчыма, што і сапраўды рашэньне Масквы перапампоўваць газ праз Украіну, а не Беларусь, сталася вынікам эканамічнага разьліку. Аднак раней гаварылася пра надзвычайную выгаднасьць пракладкі новай веткі газаправоду менавіта праз Беларусь. Так што ў любым выпадку стварэньне расейска-украінска-нямецкага газавага кансорцыюма сталася знакам і геапалітычных прыярытэтаў Расеі, яна паказала, што Кіеў для яе калі не даражэйшы, то важнейшы за Менск.

Такое тло, на якім адбылася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, прымушала чакаць, што размова будзе цяжкою. Яна сапраўды мела рэкордную працягласьць – 10 гадзінаў. Беларускія дзяржаўныя мэдыі надалі вялікую ўвагу першай яе частцы, калі беларускі кіраўнік па звычцы прад’явіў Пуціну цэлы стос скаргаў і патрабаваньняў – ад вырашэньня праблемы ўскосных падаткаў да паставак у Беларусь расейскага цукру.

Аднак наконт вынікаў сустрэчы па пытаньні, аб’яўленым Лукашэнкай галоўным – аб палітычным лёсе саюзу, прагучалі даволі няўцямныя камэнтары. Лукашэнка распавёў, што Пуцін прапанаваў яму спачатку абраць саюзны парлямэнт, а потым прыняць на рэфэрэндуме канстытуцыйны акт. Беларускі кіраўнік адзначыў, што мае іншы падыход, але паабяцаў разгледзець расейскія прапановы на працягу двух тыдняў.

З гэтага камэнтару цяжка было штосьці зразумець. Як высьветлілася, гэтай няпэўнасьцю Лукашэнка спрабаваў прыхаваць велізарныя і прынцыповыя супярэчнасьці, якія надзвычай яскрава высьвеціла яго піцерская сустрэча з Пуціным. Аднак расейскі прэзыдэнт ужо ў чацьвер выказаўся больш чым пэўна, не выбіраючы выразаў.

Інтэграцыйныя падыходы Менску ён ахарактарызаваў, як “ідэалягічнае шалупіньне і кашу”, заявіў, што беларускае кіраўніцтва мусіць само разабрацца, якой яна бачыць саюзную дзяржаву: калі адноўленым СССР, то пра ніякі беларускі сувэрэнітэт, пра права вэта на агульныя рашэньні ня можа ісьці гаворкі – патлумачыў Пуцін. Ён выказаўся супраць стварэньня наднацыянальнага органу ўлады, прыгадаўшы досьвед вайны законаў паміж Вярхоўнымі Саветамі СССР і Расеі. Паводле яго словаў, Расея, ледзь наладзіўшы стуруктуру кіраваньня ў сябе, ня можа дазволіць сабе разбурыць гэтае дзяржаўнае адзінства. Фактычна ён выказаўся супраць стварэньня саюзнай дзяржавы на парытэтных пачатках, нагадаўшы, што беларуская эканоміка складае толькі 3% ад расейскай.

На думку былога амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча, заява Пуціна – гэта перамога беларускіх дэмакратычных сілаў.

(Марыніч: ) “Гэта вельмі добра, калі прэзыдэнт Расеі канчаткова зразумеў, што прэзыдэнта Лукашэнку не турбуе эканоміка нашай Радзімы. Ён дамагаецца кіраваць ня толькі Беларусьсю, але і Расеяй, і вельмі падштурхоўвае сваіх расейскіх паплечнікаў, каб хутчэй утвараць наддзяржаўныя органы ўлады. А Пуціну гэта ня трэба. Ён усьвядоміў, зразумеў, што беларусы жадаюць мець самастойную, сувэрэную краіну. Гэта – перамога дэмакратычных сілаў Беларусі. Я ўпэўнены, што Пуцін адступаць ня будзе”.

(Дракахруст: ) “Свае меркаваньні наконт заявы прэзыдэнта Пуціна выказваюць супрацоўнік Інстытуту Эўропы расейскай Акадэміі навук Дзьмітры Фурман і ўкраінскі палітоляг Міхаіл Пагрэбінскі”.

(Фурман: ) “Я магу толькі паўтарыць тое, што я пісаў і гаварыў шмат гадоў таму. Я гаварыў, што роўнапраўны саюз дзьвюх незалежных дзяржаваў Расеі і Беларусі пры такой велічэзнай розьніцы ў эканамічных, чалавечых і іншых рэсурсах проста азначаў бы падпарадкаваньне вялікай дзяржавы малой. Саюз такіх рознамаштабных дзяржаваў можа быць толькі падпарадкаваньнем Беларусі Расеі, уваходжаньнем Беларусі ў Расею. Але гэта ня хоча сам беларускі прэзыдэнт, бо падпарадкаваньне – гэта страта ягонай улады. Мяркую, што разам зь беларускім прэзыдэнтам гэтага ня хоча і беларускі народ, які не гатовы да страты сваёй дзяржаўнай самастойнасьці. Гэта можна было зразумець і 5, і больш гадоў таму. Але працягвалась гэтая дастаткова бязглуздая і бессэнсоўная гульня, калі людзі проста баяліся дадумаць нешта да канца, увесь час падманвалі адзін аднаго. Але працягваць гэтую гульню бясконца немагчыма. Тое, што Пуцін вырашыў гэтую гульню сканчаць, калі гэта сапраўды так, то гэта крок наперад. Ён абсалютна правы. І беларусам зараз трэба зразумець беспэрпэктыўнасьць гэтага курсу і пачаць думаць пра сваю будучыню не ў залежнасьці ад саюзу з Расеяй”.

(Пагрэбінскі: ) “Я мяркую, што здаровы сэнс мусіў перамагчы. І неадэкватныя прэтэнзіі Лукашэнкі быць роўным партнэрам з Масквою ніхто ў Расеі не ўспрымаў усур’ёз і ня мог успрымаць у прынцыпе. Эканамічныя і іншыя магчымасьці Беларусі ня большыя, чым у суб’екта Расейскай фэдэрацыі. І наданьне такому суб’екту нейкіх асаблівых прывілеяў, наданьньне яму статусу, роўнага з Масквою, – гэтыя спадзяваньні былі абсалютна нерэалістычнымі. І нарэшце настаў той час, калі Пуцін мусіў быў сказаць гэта і паставіць беларускае кіраўніцтва на месца, даць яму зразумець, якім шляхам інтэграцыйныя працэсы могуць ісьці, а якім шляхам яны ня могуць ісьці ў прынцыпе. Мне здаецца, што гэта падштурхне беларускую ўладную групу да больш рэалістычнай ацэнкі сытуацыі. А тое, што гэта прагучала сёньня, не праз год, гэта ёсьць вынікам хуткага тэмпу збліжэньня Расеі і Эўропы”.

(Дракахруст: ) “Варта адзначыць, што рэакцыя афіцыйнага Менску на заяву прэзыдэнта Расеі была даволі разгубленай, але па свойму лягічнай. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Леанід Козік не знайшоў нічога лепшага, як абвінаваціць нейкіх неназваных крамлёўскіх паркетных аналітыкаў, якія нібыта ўвялі ў зман Пуціна.

Былы міністар замежных справаў Беларусі Іван Антановіч, які зараз жыве і працуе ў Маскве, быў удзельнікам шэрагу інтэграцыйных перамоваў. Ён асьцярожны ў сваіх выказваньнях, аднак, паводле ягонай думкі, заява Пуціна пра беларуска-расейскія дачыненьні – не чыесьці інтрыгі, а знак новай расейскай палітыкі і новага разуменьня нацыянальнага сувэрэнітэту.

(Антановіч: ) “Я мушу сказаць, што гэтая заява тычыцца ня толькі беларуска-расейскай інтэграцыі. Гэта першая моцная і ўсеабдымная заява прэзыдэнта Пуціна пра тое, як ён разумее сувэрэнітэт.

Ён сказаў, што ня хоча ніякіх саюзных утварэньняў. Як вы памятаеце, калі ў 1990 годзе РСФСР абвесьціла, што законы Расеі вышэйшыя за законы СССР, тады і пачаўся распад СССР. Прэзыдэнт Пуцін вельмі добра вывучыў і прааналізаваў вопыт тых 10 гадоў, ён ня хоча аніякага саюзу, у якім сувэрэнітэт Расеі быў бы неяк ушчымлены ці гэтая праблема была б няясна вытлумачаная.

Дарэчы, я ня памятаю, каб беларусы калі-небудзь прапаноўвалі стварыць аналяг былога Савецкага Саюзу.

А што датычыць увогуле гэтай заявы прэзыдэнта, то яна мае геапалітычнае значэньне. Калі для прэзыдэнта абмежаваньне сувэрэнітэту ў магчымым саюзе Расеі і і Беларусі немагчымае, то, відаць, на бліжэйшы час ён ня думае аб шчыльнай інтэграцыі зь іншымі ўтварэньнямі, у тым ліку і з Эўразьвязам, дзе сувэрэнітэт краінаў-сябраў даволі істотна абмежаваны.

Гэта вельмі ясная новая палітычная філязофія прэзыдэнта. Я ўпэўнены, што ў Беларусі ніхто не зьбіраецца ўваходзіць у склад нейкай іншай дзяржавы. Мяркую, што і ў Расеі ніхто гэтага не чакае. Ідэя саюзу пакуль не парушаная, пакуль толькі вызначаныя пэўныя сумненьні і перасьцярогі, якія маглі б ёй перашкодзіць, і ёсьць заклік да сур’ёзнай аналітычнай працы і дыскусіі”.

(Дракахруст: ) “Падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу паміж Лукашэнкам і Пуціным адбыўся цікавы абмен сацыялягічнымі дадзенымі. Пуцін сказаў, што паводле апытаньняў палова беларускага насельніцтва за аб’яднаньне з Расеяй, аднак палова – за захаваньне беларускага сувэрэнітэту. У адказ Лукашэнка сказаў, што затое аб’яднаньня з Беларусьсю хочуць 80-90% расейцаў. Бакі нібыта памянялісь ралямі: расейскі лідэр зрабіў намёк на тое, што беларусы ня надта імкнуцца ў яго краіну, беларускі кіраўнік нагадаў, што затое расейцы надта хочуць далучыць да сябе ягоную краіну. У свой час гэтыя настроі расейскай масавай сьвядомасьці сапраўды моцна ціснулі на Крэмль і былі моцнай зброяй у руках беларускага інтэгратара. Чаму ж гэта не спрацавала зараз? Гаворыць расейскі палітоляг Дзьмітры Фурман”.

(Фурман: ) “Становішча Пуціна значна больш ўстойлівае і моцнае, чым становішча Ельцына. Таму ён у значна большай ступені незалежны ад грамадзкай думкі. Ельцын увесь час глядзеў на вынікі гэтых апытаньняў, увесь час думаў пра тое, як за яго прагаласуюць. З другога боку, у гэтых апытаньнях ёсьць пэўная супярэчнасьць. Сапраўды, пераважная большасьць расейсцаў за саюз. Але за які? Большасьць зь іх абасалютна правільна разумее, што гэты саюз – гэта проста падпарадкаваньне Беларусі. У гэтым сэнсе расейская масавая сьвядомасьць даволі рэалістычная. У беларусаў больш супярэчлівая сьвядомасьць. Велізарная колькасьць зь іх адначасна і за саюз, і за захаваньне сувэрэнітэту, гэта значыць, за тое, што ў гэтай сытуацыі немагчыма рэалізаваць адначасна”.

(Дракахруст: ) “Фактычна Пуцін паставіў Беларусь перад выбарам: ці быць часткаю Расеі, ці незалежнай краінаю. Але наколькі сам Крэмль аддае перавагу першаму варыянту, наколькі хоча яго? Ізноў гаворыць Дзьмітры Фурман”.

(Фурман: ) “Я ня думаю, што пэрспэктыва далучэньня Беларусі – зараз важная задача для Пуціна. Далучэньне Беларусі выклікала б зараз усё роўна вельмі нэгатыўную рэакцыю на Захадзе, сяброўства зь якім мы зараз вельмі цэнім. Гэта спарадзіла б велізарную колькасьць праблемаў і клопату. І я мяркую , што ідэальным для расейскай уладнай эліты была б Беларусь, эканамічна даволі шчыльна прывязаная да Расеі, спакойная і дружалюбная да Расеі. Фактычна паўвасальная дзяржава, але не анэксаваная, не далучаная да Расеі і якая не знаходзіцца з Расеяй ў фэдэратыўных ці канфэдэратыўных адносінах”.

(Дракахруст: ) “І нарэшце, яшчэ адзін сюжэт – дыялёг па беларускай праблематыцы, які адбыўся на гэтым тыдні паміж дзяржсакратаром ЗША Колінам Паўэлам і міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым. Паўэл папрасіў Іванова, каб Расея паўплывала на вырашэньне канфлікту паміж Беларусьсю і АБСЭ. Пра магчымасьць паўзьдзейнічаць на афіцыйны Менск праз Маскву гаварылася даўно і шмат. Неаднаразова выказвалася нават думка, што гэта ці не адзіная магчымасьць уплываць звонку на беларускія ўлады. Хадзілі чуткі пра тое, што беларуская тэма раз-пораз узьнімалася на сустрэчах лідэраў заходніх дзяржаваў з расейскім кіраўніцтвам.

Але варта адзначыць, што заява Паўэла – ці ня першы выпадак, калі Вашынгтон публічна заклікаў Маскву разабрацца са сваім саюзьнікам. Зьвяртае на сябе ўвагу і нагода такой просьбы : яна тычылася не агульнай палітыкі Лукашэнкі, скажам, у галіне правоў чалавека, а вузкага пытаньня – адносінаў Беларусі зь міжнароднай арганізацыяй, сябрамі якой зьяўляюцца і ЗША, і Расея. Пры гэтым паводле пэўных крыніцаў у свой час менавіта Расея ўгаварыла Лукашэнку прыняць групу АБСЭ. Такім чынам, цяперашняе выцісканьне групы зь Беларусі можа разглядацца і як адсутнысьць увагі да добрых парадаў Расеі.

Якія наступствы будзе мець зварот Коліна Паўэла – мы ўбачым ў хуткім часе. Але зараз варта зьвярнуць увагу на рэакцыю на гэтую падзею расейскіх мэдыяў. Інтэрнэт-выданьне “Газета.Ру” назвала зварот дзяржсакратара ЗША шантажом. Аднак іншыя назіральнікі ўбачылі ў такім звароце іншы сэнс. Вось меркаваньне старшыні расейскага дасьледнага цэнтру Рада зьнешняй і абаронай палітыцы Сяргея Караганава.

(Караганаў: ) “Гэты зварот Паўэла можа азначаць, апроч іншага, і прызнаньне адказнасьці Расеі за сытуацыю ў Беларусі”.

(Дракахруст: ) “З думкаю сп-ра Караганава згодны і Міхаіл Марыніч”.

(Марыніч: ) “Тое, што Паўэл зьвярнуўся да міністра Іванова, сьведчыць, што Амэрыка лічыць Беларусь несамастойнаю дзяржавай, на якую трэба ціснуць, палітыка якой збанкрутавала”.

(Дракахруст: ) “Значна больш груба тую ж думку выказала інтэрнэт-выданьне “Вести.Ру”, паводле якога “калі Крэмль падтрымаў Лукашэнку на выбарах, то мусіць несьці за яго адказнасьць. Як нясуць адказнасьць за чацьвяраногіх сябраў уладальнікі сабак: трэба выгульваць іх у пэўных месцах і трымаць у чалавечым асяродку на кароткім ланцужку і ў напысьніку”.

Гучыць гэта надзвычай абразьліва. Але на самой справе гэта ня больш, як адлюстраваньне абразьлівых шматгадовых гульняў з Расеяй на беларускую дзяржаўнасьць, спробаў пішчом, як той казаў, хоць тушкай, хоць чучалам, патрапіць у Маскву.

Пуцін, адкідаючы беларускія інтэграцыйныя прапановы, зыходзіў з расейскіх нацыянальных інтарэсаў, пра што, дарэчы, і сказаў адкрыта. Але парадаксальным чынам ён выступіў абаронцам і беларускіх нацыянальных інтарэсаў ад беларускага кіраўніка.

Каб ня быць аб’ектам маніпуляцыяў і абразаў, трэба найперш не абражаць саміх сябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG