Гісторыя аднаго з удзельнікаў сёньняшняй урачыстасьці Яфіма Пярэдні і падобная, і розьніцца ад дзясяткаў іншых: цягам усёй вайны гадаваў у сваёй сям’і двух габрэйскіх дзяцей Мікалая й Зіну. Іхную маці Іціну Двэйра хаваў у лесе, дзе яна нарадзіла хлопчыка Мікалая. Дзякуючы сялянскай сям’і Пярэдняў — Яфіму й Маланьні — габрэйская сям’я ацалела ўся. Да сёньняшняга сьвята жонка 80-гадовага Яфіма Пярэдні не дажыла, таму ўзнагароду з рук ізраільскага амбасадара ён атрымліваў адзін.
(Карэспандэнтка: ) “Адкуль вы прыехалі?”
(Пярэдня: ) “Зь вёскі Юхнаўка. Я й жыву зараз там. Ня змог сам, дык брата папрасіў, каб памог прыехаць да вас сюды”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці спадзяваліся, што дажывяце, каб прыехаць і атрымаць узнагароду?”
(Пярэдня: ) “Дзе ж я спадзяваўся. А вось бачыш, як у жыцьці прыйшлося”.
(Карэспандэнтка: ) “Прыемна, што не забыліся на вас?”
(Пярэдня: ) “А як жа! Дзіва што, прыемна”.
Разам са спадаром Яфімам на ўрачыстасьць прыйшоў і Ўладзімер Максімаў — той самы, якога падчас нараджэньня разам з маці Іцінай беларускія сяляне хавалі ў лесе. Калі распавядалі пра гісторыю выратаваньня ягонай сям’і, спадар Уладзімер ня мог стрымаць сьлёзаў. Паводле ягоных словаў, грамадзянскі ўчынак гэтых людзей варты ўвагі ня толькі ўратаваных, але й дзяржавы, у якой яны жывуць. Гаворыць Уладзімер Максімаў:
(Максімаў: ) “Выратаваныя пайперш павінныя клапаціцца пра гэтых людзей. Але й дзяржава можа праявіць ініцыятыву. Бо дружба між народамі — значыць мацнейшая краіна”.
На урачыстай цырымоніі ўшанаваньня праведнікаў сьвету прысутнічалі прыкладна дваццаць чалавек, але толькі трое зь іх былі тыя, хто падчас вайны, рызыкуючы жыцьцём хаваў суседзяў, сваякоў ці нават незнаёмых людзей. За тых, хто не дажыў, узнагароды атрымлівалі іх блізкія сваякі.
Так, Лілія Дзежнавец, якая атрымала дыплём і мэдаль за свайго дзеда Адольфа Жалубоўскага, была прыемна зьдзіўленая і ўражаная, што ўрад Ізраілю празь дзясяткі гадоў не забыўся на грамадзянскі ўчынак простых людзей у далёкай Беларусі, і гэтая ўзнагарода — найвялікшая рэліквія для іх сям’і. Гаворыць Лілія Жалубоўская:
(Жалубоўская: ) “Гэта вельмі вялікая справа, якую я ўсхваляю, як толькі магу. Бо вельмі важна, каб добрыя справы не былі забытыя. У Ізраілі цяпер гэтулькі праблемаў, але ж бачыце: яны знаходзяць час, каб ушаноўваць нашых беларусаў. Вучыцца трэба добрым справам і нашай краіне, і іншым”.
Падчас цырымоніі амбасадар Мартын Пэлед-Флэкс сказаў, што сёньня ён узнагароджвае асаблівых людзей, якія ў цяжкі час зрабілі выбар паміж дабром і злом. Такіх у Беларусі мэдалём “Праведнік народаў сьвету” амбасада Ізраілю ўзнагародзіла больш за 300 чалавек. І сёньняшняя ўрачыстасьць далёка не апошняя.