Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗКІ СУД ПАКІНУЎ БЯЗЬ ЗЬМЕНАЎ ПАКАРАНЬНЕ АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Бязь зьменаў пакінулі й прысуды двум саўдзельнікам Чыгіра-малодшага — Антону Яшыну і Зьмітру Юцкевічу. На судзе яны сьцьвярджалі, што падчас сьледзтва іх катавалі, каб дамагчыся прызнаньня сваёй віны й віны Аляксандра Чыгіра. Тое, што ў міліцэйскім пастарунку Чыгір, Яшын і Юцкевіч былі зьбітыя, пацьвярджалі даведкі мэдыкаў, аднак суд першай інстанцыі на гэта не зьвярнуў увагі. Цяпер і гарадзкі суд не заўважыў зьбіцьця абвінавачаных.

Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, камэнтуючы сёньняшняе паседжаньне, не хаваў свайго расчараваньня:

(Міхаіл Чыгір: ) “Улічваючы тое, што адбываецца ў нашай краіне, чым далей, тым менш даводзіцца спадзявацца на лепшае. Абарона ў судзе зноў даказала абсурднасьць прысуду, які раней быў вынесены Ленінскім раённым судом. Але, нягледзячы на гэта, гарадзкі суд пакінуў былое рашэньне.

Прывяду толькі адзін доказ невінаватасьці майго сына. Яшын і Юцкевіч абвінавачваюцца ў тым, што яны скралі машыну “Белтэлерадыёкампаніі”, а мой сын нібыта яе купіў. У судзе высьветлена, што мікрааўтобус “Белтэлерадыёкампаніі” быў 1996 году выпуску, ён ні разу не рамантаваўся, не фарбаваўся. Але запчасткі, якія пазнаў кіроўца, былі перафарбаваныя. Бакавіна, якую замяніць немагчыма, мае чатыры слаі фарбы, а дзьверы маюць пяць слаёў фарбы”.

Міхаіл Чыгір па-ранейшаму мяркуе, што сына арыштавалі і пасадзілі ў турму, каб пашкодзіць яму ў змаганьні за пасаду прэзыдэнта напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Экс-прэм’ер паўтарыў, што даўно мог зьехаць зь Беларусі, але ня зробіць гэтага, пакуль ягоны сын за кратамі “фактычна як закладнік”.

Адвакаты Аляксандра Чыгіра пацьвердзілі, што будуць працягваць барацьбу за перагляд прысуду, які яны лічаць незаконным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG