Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭГРАЦЫЙНЫ СКАНДАЛ: ЧЫНОЎНІКІ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ ВАЛЯЦЬ АДКАЗНАСЬЦЬ АДНО НА АДНАГО


Юры Дракахруст, Прага

Ужо ў мінулую пятніцу намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Леанід Козік заявіў, што, відаць, прэзыдэнта Расеі ўвялі ў зман нейкія крамлёўскія аналітыкі. У нядзелю ў праграме НТВ “Намедні” дзяржсакратар беларуска-расейскага саюзу Павал Барадзін назваў “лухтою” праект Канстытуцыйнага акту, прапанаваны афіцыйным Менскам. Барадзін таксама выказаў меркаваньне, што кіраўніка, у дадзеным выпадку беларускага, падставілі яго дарадцы.

Шчыраваньні сп-ра Барадзіна не засталіся без адказу. Зь Менску прагучаў заклік разабраццца, ці сваё месца займае гэты чыноўнік. Такую заяву, у прыватнасьці, зрабіў кіраўнік міжнароднай камісіі савету рэспублікі Мікалай Чаргінец. Ён сказаў, што Барадзін як дзяржсакратар саюзу атрымлівае заробак ад дзьвюх дзяржаваў і мусіць дзейнічаць у інтарэсах абедзьвюх краінаў. Упершыню з вуснаў сп-ра Чаргінца прагучалі абвінавачаньні на адрас Барадзіна ў фінансавых злоўжываньнях: “хацелася б задаць Барадзіну пытаньне, куды падзеліся некалькі сотняў тысячаў саюзных грошай, якія боўталіся па камэрцыйных структурах”, – сказаў Мікалай Чаргінец.

А сп-р Козік заявіў, што Барадзін – проста непісьменны чалавек, у якога не хапае адукацыі і элемэнтарных ведаў, каб займаць такую адказную міжнародную пасаду.

На абвінавачаньні сп-роў Чаргінца і Козіка адказаў у інтэрвію нашаму радыё прэсавы сакратар Паўла Барадзіна Іван Макушок.

(Макушок: ) “Я ўжо выказваў шкадаваньне з той нагоды, што сп-р Чаргінец апускаецца да звычайнага паклёпу. Ён кажа, што кадравая палітыка Барадзіна яго не задавальняе, што апарат дзяржсакратара, атрымліваючы грошы ад саюзнага бюджэту, працуе асабіста на яго. На каго на яго? Барадзін – гэта палітык саюзнага маштабу. Менавіта дзякуючы Барадзіну шмат праектаў, зьвязаных з пабудоваю саюзнай дзяржавы, былі пасьпяхова завершаныя. І Мікалай Чаргінец, пры ўсёй павазе да беларускага парлямэнту, зьяўляецца фігураю, непараўнальнаю з Барадзіным.

Другое абвінавачаньне – “некалькі сотняў тысячаў (чаго – таксама незразумела) боўтаюцца ў камэрцыйных струкутурах”. Праверкаю працы сталага камітэту саюзу займаецца і нашая падліковая палата, і дзяржкантроль Беларусі. І не было знойдзена ніякіх парушэньняў, акрамя падарункаў кветак супрацоўнікам на 500 расейскіх рублёў. Якіясьці сьмешныя лічбы.

Калі выказваньні робяцца салідным палітыкам, яны мусяць мець нейкі грунт. Грунту няма, ёсьць нейкая гістэрыя, зьвязаная, магчыма, з тым, што няправільна былі зразуметыя словы нашага ці беларускага прэзыдэнта. Што ж тычацца заяваў на адрас Барадзіна, яны ня робяць гонару беларускім парлямэнтарам. Спадзяюся, ня ўсе яны згодныя зь меркаваньнем сп-ра Чаргінца.

Прэсавы сакратар Паўла Барадзіна патлумачыў вызначэньне “лухта”, якое прагучала з вуснаў дзяржсакратара саюзу адносна беларускага інтэграцыйнага праекту.

(Макушок: ) “Мова ідзе аб падмене паняцьцяў. Праект Канстытуцыйнага акту, прапанаваны беларускім бокам, які ня быў узгоднены з камісіяй, утрымлівае масу недарэчнасьцяў. Журналісты выхапілі словы Барадзіна “лухта” з кантэксту. Я не апраўдваю Паўла Паўлавіча, ён чалавек вельмі эмацыйны, чым вельмі часта карыстаюцца журналісты. Але вы самі можаце паглядзець гэты праект, падрыхтаваны сп-ром Козікам. З аднаго боку ён піша, што Канстытуцыйны акт мусіць быць наддзяржаўным, абавязковым для выкананьня ў краінах, што ўваходзяць у саюзную дзяржаву. З другога боку, паводле праекту Козіка, кожная краіна, што ўваходзіць у саюзную дзяржаву, можа блякаваць саюзныя рашэньні.

Гэта – яўна недапрацаваны дакумэнт, які прапаноўваецца прэзыдэнтам. Былі і іншыя праекты, зробленыя сапраўднымі прафэсіяналамі, але яны не разглядаліся.

Прэзыдэнтам дзьвюх краінаў далі ня ўсе ўзгодненыя матэрыялы, а нейкія абрыўкі прапановаў па Канстытуцыйным акце, прапанаваныя толькі з аднаго боку тым жа Козікам. І нічога акрамя абурэньня гэта выклікаць не магло”.

Няма сумненьняў, што беларускі праект ня выклікаў бы ніякага абурэньня сп-ра Барадзіна, калі б не заява прэзыдэнта Пуціна. Ня маючы магчымасьці крытыкаваць наўпрост кіраўнікоў дзяржаваў, чыноўнікі з абодвух бакоў б’юць адзін аднаго.

Тут ня толькі жаданьне выслужыцца перад гаспадаром, але і жаданьне “захаваць сваю скуру”, ва ўзьнікненьні скандалу хтосьці мусіць быць вінаваты, не кіраўнікі ж дзяржаваў. Магчыма, ахвяраю скандалу стане сп-р Барадзін, магчыма, як груба напісаў у “БДГ” Аляксандар Фядута, “козьлікам адпушчэньня” зробяць Леаніда Козіка”.

Паводзіны чыноўнікаў з абадвух бакоў пацьвярджаюць, што інтэграцыйная гульня – забава глыбока нацыянальная, кшталту вясковай гулянкі, дзе п’яныя пацалункі гарманічна спалучаюцца з натхняльным мардабоем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG