Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ ЗША ЗАГАДАЎ ПАДРЫХТАВАЦЬ ПЛЯН ЛІКВІДАЦЫІ РЭЖЫМУ ХУСЭЙНА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У артыкуле “Буш загадаў зрынуць Хусэйна”, які надрукавала сёньня “Washington Post”, аўтарытэтны журналіст Боб Вудворт цытуе фрагмэнты сакрэтнага загаду Буша. Прэзыдэнт ЗША прапануе ЦРУ дзеля зьвяржэньня Хусэйна выкарыстаць усе магчымыя сродкі. Спэцагенты, якія дзейнічаюць у Іраку, павінны актывізаваць фінансавую падтрымку ірацкай апазыцыі, дапамагаць апазыцыйным сілам зброяй, навучаць іх ваеннай справе, забясьпечваць разьведвальнайінфармацыяй. Яны павінны зьбіраць інфармацыю пра ўрад, ваенныя і выведныя службы Іраку і пра незадаволеныя рэжымам Хусэйна слаі ірацкага грамадзтва. Пры гэтым ЦРУ і іншыя спэцслужбы маюць выкарыстоўваць мэтады, падобныя тым, што былі пасьпяхова выкарыстаныя ў Афганістане пасьля нападаў на ЗША 11 верасьня. Спэцслужбам нават даюцца паўнамоцтвы фізычна зьнішчыць Хусэйна, хоць і з агаворкай, – у выпадку неабходнасьці самаабароны.

Крыніцы “Washington Post” заяўляюць, што на праграму выдзеленыя дзясяткі мільёнаў даляраў. Палітолягі адзначаюць, што загад Буша службам бясьпекі паказвае, што адміністрацыя прэзыдэнта пачала ўкладаць грошы і рэсурсы ў палітыку, якая дагэтуль уяўляла сабой публічную жорсткую рыторыку. Гэта толькі частка шырокай палітыкі Буша на зьнішчэньне Хусэйна, якая таксама ўключае эканамічны і дыпляматычны ціск на рэжым Хусэйна. Афіцыйныя асобы вераць, што ў выніку гэтая палітыка можа завершыцца і шырокамаштабнай ваеннай апэрацыяй. Ёсьць некалькі варыянтаў, якім чынам Пэнтагон гэта можна ажыцьцявіць, улучна з інтэрвэнцыяй на тэрыторыю Іраку ад 200 да 250 тысячаў вайскоўцаў. Але крыніцы паведамляюць, што падобная апэрацыя немагчымая да наступнага году.

“Washington Post” паведамляе, што з мэтай зьвяржэньня Хусэйна цягам апошніх гадоў ЦРУ разьвівае адносіны зь “Ірацкім нацыянальным кангрэсам”, вядучай апазыцыйнай групоўкай у Іраку, якая фінансуецца Злучанымі Штатамі. Існуюць кантакты яшчэ з адной апазыцыйнай групай “Ірацкая нацыянальная згода”, а таксама зь дзьвюма курдзкімі партыямі.

Зараз, паводле паведамленьня “Washington Post”, спэцагенты ЦРУ зьбіраюць падрабязную інфармацыю пра Садама, магчымыя ягоныя месцы знаходжаньня (рэзыдэнцыі, бункеры, палацы), маршруты перамяшчэньня, спосабы бясьпекі. Хусэйн, вельмі падазроны, увесь час мяняе сваё месцазнаходжаньне, выкарыстоўвае двайнікоў. Кожны зь яго атачэньня, хто заўважаецца хоць у невялікай неляяльнасьці, выдаляецца зь ягонага кола ці забіваецца.

Тым часам кіраўнік ЦРУ Джордж Тэнэт папярэджвае Буша і ягонае ваеннае ведамства, што калі ЦРУ будзе дзейнічаць само па сабе, без палітычных і эканамічных сродкаў узьдзеяньня на рэжым Хусэйна, то шанцы на посьпех апэрацыі ў зьвяржэньні Хусэйна не вышэй за 10-20%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG