(Караганаў: ) “Я лічу, што гэта нармальная заява, прычына якой – пэўнае неразуменьне прамаруджваньня рэформаў у Беларусі. Расея ня можа збліжацца зь Беларусьсю, калі ў Беларусі будзе захоўвацца цяперашні тып грамадзтва і эканомікі. Калі прэзыдэнт Лукашэнка будзе рабіць рэформы, тады збліжэньне зь Беларусьсю магчымае. Калі ня будзе прыватызацыі, калі ня будзе дэмакратызацыі, хай сабе нават у кітайскім варыянце, то база для расейска-беларускага збліжэньня будзе неглыбокаю. А грандыёзныя праекты ў гэтай сытуацыі выклікаюць неразуменьне.
У праекце, які вылучаны беларускім бокам, прапануецца стварыць новы наднацыянальны ворган , які зможа кіраваць сытуацыяй у Расеі і ў якім абодва бакі будуць прадстаўленыя на парытэтных асновах. Гэта несправядліва”.
На мінулым тыдні падчас сустрэчы ў Канадзе дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл зьвярнулся да расейскага міністра замежных справаў Ігара Іванова, каб Масква паўплывала на вырашэньня канфлікту афіцйынага Менску з АБСЭ наконт знаходжаньня групы АБСЭ ў Беларусі. Ці выканае Масква гэтую просьбу? Гаворыць Сяргей Караганаў.
(Караганаў: ) “Мы не зьбіраемся ажыцьцяўляць ціск, мы зьбіраемся па-сяброўску ўзаемадзейнічаць зь Менскам, які ёсьць сталіцаю дружалюбнай, пакуль паўсаюзнай з намі дзяржавы, каб Беларусь як мага хутчэй разам з Расеяй інтэгравалася ў Эўропу. Тое, што сказаў Колін Паўэл, азначае прызнаньне амэрыканцамі асобай ролі і асобай адказнасьці Расеі за сытуацыю ў Беларусі”.
Цікавы погляд на прычыны зьяўленьня заявы Пуціна выказаў вядомы крамлёўскі паліттэхноляг Глеб Паўлоўскі. “У адносінах з саюзам існуе такое паняцьце, як паліткарэктнасьць. Паколькі мы ўсе ведаем, што ў прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі падае рэйтынг. Гэта ня дрэнна і ня добра, гэта факт”, – заявіў Глеб Паўлоўскі. Паводле ягоных словаў менавіта таму Расея вымушаная удакладніць балянс сваіх адносінаў зь Беларусьсю. Дарэчы, у рэчышчы гэтых меркаваньняў сп. Паўлоўскага робіцца цалкам зразумелым, чаму беларускія ўлады так упарта спрабуюць узяць пад кантроль незалежную сацыялёгію.