Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ПОЛЬШЧЫ НАКІРАВАЛА НОТУ ПРАТЭСТУ Ў АМБАСАДУ БЕЛАРУСІ Ў ВАРШАВЕ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Інтэрвію зь міністрам замежных справаў Польшчы Ўладзімерам Цімашэвічам павінна было прагучаць на хвалях радыё «Сталіца» 11 чэрвеня. Аднак, паводле кіраўніка Дэпартамэнту сыстэмаў інфармацыі польскага МЗС Багуслава Маеўскага, Міністэрства замежных справаў было вымушанае адклікаць інтэрвію, бо «яно зазнала палітычную цэнзуру зь беларускага боку». Паводле польскага МЗС, з інтэрвію былі прыбраныя фрагмэнты, дзе Ўладзімер Цімашэвіч гаворыць пра недэмакратычны характар дзеяньняў выканаўчай улады ў Беларусі і перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку газэты «Пагоня.

Інтэрвію зь міністрам замежных справаў Польшчы для радыё «Сталіца» рыхтавалі журналісты Беларускай рэдакцыі Радыё «Палёнія». Яно мусіла стаць часткай сумеснай з радыё «Сталіца» праграмы, прысьвечанай Польшчы. Прычым, як паведаміла Радыё Свабода кіраўнік Беларускай рэдакцыі Радыё «Палёнія» Ніна Баршчэўская, яшчэ на пачатку дырэктар Радыё «Палёнія» Мацей Лэнтоўскі дамоўвіўся з радыё «Сталіца», што інтэрвію з Уладзімерам Цімашэвічам будзе мець апалітычны характар. Спадар Лэнтоўскі асабіста зарганізаваў супрацоўнікам беларускай рэдакцыі размову з Уладзімерам Цімашэвічам. Ужо запісанае інтэрвію некалькі разоў поўнасьцю прагучала на хвалях радыё «Палёнія». Але для сумеснай праграмы аб Польшчы беларускае радыё «Сталіца» пагадзілася ўзяць толькі кавалкі, не зьвязаныя з палітыкай. Гаворыць Ніна Баршчэўская.

(Баршчэўская: ) «Я паведаміла дырэктару Лэнтоўскаму, што «Сталіца» не пагаджаецца на выказваньні міністра замежных справаў Польшчы пра польска-беларускія стасункі, што было згоднае з нашай дамовай з радыё «Сталіца». Па кансультацыях дырэктара Радыё «Палёнія» з МЗС аказалася, што інтэрвію цалкам адкліканае. Толькі пазьней я даведалася ад кіраўніка Дэпартамэнту сыстэмаў інфармацыі польскага МЗС Багуслава Маеўскага, што ён атрымаў ад дырэктара радыё «Палёнія» інфармацыю аб тым, што выказваньні Цімашэвіча былі цэнзураваныя».

Беларуская рэдакцыя Радыё «Палёнія» накіравала ў польскі МЗС, беларускую амбасаду і ў мэдыі тлумачэньні, дзе гаворыцца аб тым, што радыё «Сталіца» не цэнзуравала Цімашэвіча, а паводле вядомай кіраўніцтву Радыё «Палёнія» папярэдняй дамоўленасьці згадзілася перадаць толькі адказы, не зьвязаныя з палітыкай. Спадарыня Баршчэўская лічыць, што ўся гісторыя выйшла з таго, што ад самага пачатку міністэрства замежных справаў Польшчы было няправільна праінфармаванае пра намеры журналістаў Радыё «Палёнія».

(Баршчэўская: ) «Можна сказаць, што гэта адно вялікае непаразуменьне. На маю думку, польскае МЗС атрымала несапраўдную інфармацыю».

Дырэктар радыё «Палёнія» Мацей Лэнтоўскі, аднак, лічыць, што інтэрвію міністра замежных справаў Польшчы, якое тычыцца міжнароднай сытуацыі, польскай палітыкі і стаўленьня польскай дыпляматыі да гэтай сытуацыі, ня можа быць апалітычным.

Польскае радыё таксама афіцыйна заявіла, што меркаваньні журналістаў Беларускае рэдакцыі радыё «Палёнія» ў гэтай справе не адлюстроўваюць пазыцыі кіраўніцтва Польскага радыё і радыё «Палёнія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG