Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЧАМУ ЎЛАДЫ РАЗЬЯДНОЎВАЮЦЬ СЕМ’І?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Паганяйла: ) “З нашымі ўладамі афіцыйна ставіць пытаньне пра ўзьяднаньне сям’і — гэта тое самае, што патрабаваць ад таварыша Сталіна, Вышынскага ды іншых, каб зьбеглага за мяжу белагвардзейскага генэрала ўзьядналі зь сям’ёй, якая засталася ў кіпцюрах КГБ”.

Гэтак наш сёньняшні экспэрт, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, пракамэнтаваў выпадкі, калі беларускія ўлады пад рознымі падставамі адмаўляюць грамадзянам у праве выехаць за мяжу, каб аб’яднацца зь сем’ямі.

Паводле Гары Паганяйлы, у Беларускі Гельсынскі камітэт штогод з заявамі аб дапамозе па гэтай праблеме зьвяртаецца 4–5 чалавек. Звычайна гэта людзі, чые сваякі перасьледуюцца беларускімі ўладамі. Супраць большасьці зь іх распачатыя крымінальныя справы, як супраць былога супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы, які зьбег у Нарвэгію, калі спэцслужбам стала вядома, што ён займаўся асабістым расьсьледаваньнем зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Восем месяцаў Тацяна Ўгляніца ходзіць па міліцэйскіх установах, дамагаючыся патрэбных дакумэнтаў на выезд, але ёй зноў і зноў адмаўляюць. Пры гэтым раяць перадаць мужу, што яго чакаюць у беларускім консульстве ў Нарвэгіі. Адносна гэтага выпадку Гары Паганяйла перакананы, што былога супрацоўніка КГБ проста заманьваюць у пастку, каб прад’явіць яму абвінавачаньне і дэпартаваць як крымінальніка.

Між тым, у сёньняшняй Беларусі магчыма ня толькі не выпускаць чалавека з краіны насуперак ягонай волі, але і наадварот, выганяць таго, хто жадае жыць тут разам са сваякамі. Нашая карэспандэнтка Браніслава Станкевіч распавядае пра драматычную гісторыю, якая адбылася ў Віцебску з грамадзянінам Ізраілю:

(Станкевіч: ) “Чатыры гады таму, прыляцеўшы з Ізраілю ў Беларусь па турыстычнай візе, Ігар Рыжыкаў не зарэгістраваўся ў гатэлі, мяркуючы, што рэгістрацыя адбываецца адразу ў аэрапорце.

Па сканчэньні тэрміну візы ён вырашыў прасіць дазволу на часовае пражываньне на Беларусі, бо ў Віцебску захварэла ягоная маці. З гэтага моманту й пачаліся ягоныя непрыемнасьці. Паводле словаў Ігара Рыжыкава, супрацоўнікі пашпартна-візавай службы замест належных тлумачэньняў адно вымагалі ў яго хабар. Тым часам за пратэрмінаваньне візы Ігар Рыжыкаў быў гатовы заплаціць належны штраф, але хабару не даваў прынцыпова.

Нават апынуўшыся ўрэшце на нелегальным становішчы, замежнік Рыжыкаў спадзяваўся на справядлівасьць закону ды ня думаў хавацца або ўхіляцца ад рэгістрацыі. За час знаходжаньня Рыжыкава ў Беларусі ў яго скралі машыну ды грошы, а таксама спалілі гаспадарчыя пабудовы ў ягоным двары. Ніводнага злачынцы тады не адшукалі, і таму Ігар Рыжыкаў неаднаразова зьвяртаўся ў пракуратуру з патрабаваньнем пракантраляваць працу міліцыянтаў, таксама падаючы туды поўныя зьвесткі пра сваё месца знаходжаньня…

Але адзінай рэакцыяй з боку праваахоўных органаў сталася ягонае затрыманьне ды зьмяшчэньне ў ізалятар часовага ўтрыманьня за парушэньне пашпартнага рэжыму. Здарылася гэта толькі на трэці год ягонага знаходжаньня ў Беларусі.

У сьледчым ізалятары Ігар Рыжыкаў прабыў амаль чатыры месяцы, за гэты час яго не аднойчы зьбівалі ахоўнікі. Ігар Рыжыкаў пісаў новыя скаргі ды спадзяваўся — спадзяваўся ня толькі законным шляхам атрымаць нарэшце права на часовае жыхарства, але й дамагчыся пакараньня ўсіх сваіх крыўдзіцеляў. Нарэшце рашэньнем суду з ізалятара Рыжыкава выпусьцілі, але ў магчымасьці жыць у Беларусі адмовілі.

Грамадзянін Ізраілю Ігар Рыжыкаў будзе неўзабаве дэпартаваны ў Ізраіль пад вартаю. Наведаць Беларусь, дзе застаюцца ягоная хворая маці ды грамадзянская жонка з трыма дзецьмі, ён зможа толькі праз 10 гадоў”.


Гары Паганяйла на маю просьбу пракамэнтаваў гісторыю Ігара Рыжыкава, якую распавяла Браніслава Станкевіч. Наш экспэрт лічыць, што Рыжыкаў стаў ахвярай карумпаваных беларускіх чыноўнікаў, таму ягоную гісторыю нельга лічыць прыватным выпадкам. Карупцыя сярод міліцыянтаў, якія адказваюць за рэгістрацыю людзей, даволі распаўсюджаная зьява, мяркуе Гары Паганяйла.

Паводле ягоных назіраньняў, найбольш часта ахвярамі гэтай карумпаванасьці робяцца людзі, якія прыехалі ў Беларусь з гарачых кропак СНД ды іншых небясьпечных месцаў. З наплывам уцекачоў і мігрантаў сутыкаюцца ўсе краіны Эўропы, аднак асаблівасьць Беларусі ў тым, што тут заканадаўства рэагуе на новае становішча вельмі марудна, лічыць экспэрт.

(Паганяйла: ) “У адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі й канвэнцыямі, якія прызнае Рэспубліка Беларусь, грамадзяне маюць права вольна выяжджаць і прыяжджаць сюды, а далей паводле нашых законаў атрымліваць від на жыхарства, карыстацца роўнымі з усімі правамі. Але на самой справе гэтыя нормы не выконваюцца.

Між тым, тое, што тысячы людзей знаходзяцца быццам па-за законам, дрэнна для ўсіх нас. Бо гэтыя людзі вымушаныя парушаць законы, ісьці ў крымінал і гэтак далей. Паводле зьвестак з праваахоўчых структураў, распаўсюд па краіне наркотыкаў знаходзіцца ў руках нелегалаў, фальшывыя грошы таксама зьяўляюцца ў асноўным дзякуючы нелегалам, але ўлады робяць недастаткова, каб інтэграваць уцекачоў у грамадзтва. Відаць, з тых меркаваньняў, што бюджэт не вытрымае, калі пра іх прыйдзецца клапаціцца. Лягчэй пасадзіць у турмы тых, хто трапіўся на наркотыках. Вядома, што статус уцекача атрымліваюць адзінкі, хаця такіх людзей ў краіне каля 300 тысяч”.


* * *
Традыцыйна нагадаю галоўную навіну тыдня адносна справаў рэпрэсаваных палітыкаў. Магчыма, ёй варта лічыць тое, што сябры дэлегацыі ПАРЭ сустрэліся ў Менску са сваякамі зьніклых беларускіх палітыкаў і тым самым прадэманстравалі, што гэтая праблема Эўропай не забытая і будзе зноў і зноў уздымацца перад беларускімі ўладамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG