Сойм БНФ сёньня абмяркоўваў тры асноўныя пытаньні: палітычную ды эканамічную сытуацыю ў Беларусі, а таксама падрыхтоўку да мясцовых выбараў. Галоўным пытаньнем натуральна стала апошняя рэзкая заява расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна на адрас кіраўніцтва Беларусі. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Пасьля вядомага краху Лукашэнкі ў часе ягоных візытаў у расейскія сталіцы стала відавочна, што ягоная палітыка зайшла ў тупік. Тое ключавое пасланьне да беларускага народу, што, маўляў, у саюзе з Расеяй мы будзем жыць шчасьліва, больш ня мае ніякай сілы й сэнсу. Сёньняшні Сойм пацьвярджае, што ў БНФ на ўльтыматум Пуціна: альбо правінцыя Расеі, альбо дачыненьні паміж дзяржавамі паводле прынцыпаў міжнароднага права, у БНФ на гэты ўльтыматум ёсьць адказ — незалежная дэмакратычная Беларусь у складзе эўрапейскіх інстытуцыяў”.
Сябры Сойму аднак лічаць, што ня варта перабольшваць сказанае спадаром Пуціным, бо зьмена расейскай палітыкі адносна Беларусі адбылася дзякуючы ціску дэмакратычных краінаў Захаду. Пакуль сябраў БНФ насьцярожвае тое, што Расея можа аказваць уплыў на сытуацыю ў Беларусі пры дапамозе эканамічных рычагоў.
Разам з тым заява спадара Пуціна стала вынікам працы і беларускай апазыцыі, якая пяць апошніх гадоў даводзіла кіраўніцтву ЗША і эўрапейскіх краінаў, што рэальны ўплыў на паводзіны Аляксандра Лукашэнкі мае толькі Масква. Не задаволеныя актывісты БНФ і непасьлядоўнасьцю заявы Ўладзімера Пуціна, бо ў ёй не было нічога сказана пра парушэньні ў Беларусі правоў чалавека, перасьледу апазыцыі й г.д.
Разам з тым, у сваёй заяве сябры Сойму БНФ гавораць пра жаданьне захаваць прыязныя добрасуседзкія стасункі з Расеяй, але галоўнай мэтай Беларусі бачаць інтэграцыю ў эўрапейскія структуры. Кіраўніцтва БНФ таксама лічыць, што заява Ўладзімера Пуціна фактычна ставіць крыж на жаданьні Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум па пытаньнях стварэньня саюзнай дзяржавы й працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Таму сябры БНФ будуць браць актыўны ўдзел у будучых мясцовых выбарах.
Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка:
(Хадыка: ) “Мяркуючы па ўсім, калі Лукашэнку прыйдзецца саступаць нешта ў сваёй сфэры непадзельнай улады, то першае, што ён мусіць здаць, — гэта мясцовае самакіраваньне. Таму праблема ўдзелу ў мясцовых выбарах набывае рэальны сэнс”.
Прынятае рашэньне браць актыўны ўдзел у гэтых выбарах разам зь іншымі партнэрамі па Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў.
Сябры Сойму і прафэсіяналы эканамісты таксама гаварылі пра фатальны стан беларускай эканомікі ды прынялі заяву ў абарону прыватных прадпрымальнікаў кіяскёраў і фармацэўтаў, якія апошнім часам зазналі брутальны наступ ўладаў на свой бізнэс. Сойм БНФ таксама выступіў з заявамі ў абарону беларускага настаўніцтва, якое чакае істотнае скарачэньне штатаў, і ў падтрымку правядзеньня восеньню кангрэсу беларускай інтэлігенцыі.