Фармальна супрацоўнікі Першамайскай міліцыі Менску спаслаліся на тое, што бацька дзяцей ня даў дазволу вывозіць іх за мяжу. Між тым, дзеці зьбіраюцца ехаць якраз да бацькі, які іх чакае і даслаў адпаведную паперу ў Менск.
(Інэса Ўгляніца: ) “Я заношу дакумэнты, а мне іх вяртаюць, і гэтак шмат разоў. Увесь час іх нешта не задавальняе. Муж у нарвэскага натарыюса зацьвердзіў сваю згоду на выезд дзяцей за мяжу, я занесла гэтую паперу ў АВІР, а там цяпер кажуць, што згоду трэба зацьвердзіць яшчэ і ў беларускім консульстве ў Нарвэгіі, — маўляў, такі парадак для ўсіх грамадзянаў за мяжой. Але, як вы лічыце, хіба ён можа туды пайсьці?”
Паводле Інэсы Ўгляніцы, муж не прыходзіць у консульства, бо баіцца, што яго там затрымаюць і пад прымусам вывезуць у Беларусь. Можа падацца, што такая апэрацыя часу халоднай вайны цяпер немагчымая, але ў былога супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы на гэта іншае гледзішча. Баючыся нядаўніх калегаў, ён нават жонцы не паведамляе свайго цяперашняга адрасу.
Нагадаю, былы супрацоўнік аддзелу КГБ па Менску і Менскай вобласьці Генадзь Угляніца ўцёк у Заходнюю Эўропу пасьля публічных абвінавачаньняў на адрас кіраўніцтва краіны ў датычнасьці да выкраданьня вядомых апазыцыянэраў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гэтыя абвінавачаньні Ўгляніца абгрунтаваў вынікамі асабістага расьсьледаваньня справы Ганчара і Красоўскага, якое ён вёў разам з актывістам арганізацыі “Край” Андрэем Жарнасекам.
Паводле Ўгляніцы і Жарнасека, яны нават знайшлі месца, дзе злачынцы схавалі аўтамабіль, у якім былі захопленыя Ганчар і Красоўскі. Але раптам пра расьсьледаваньне стала вядома беларускім спэцслужбам — тады Ўгляніца і Жарнасек вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Цяпер яны жывуць у Нарвэгіі, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў, вывучаюць нарвэскую мову і плянуюць зьяднацца зь сем’ямі. Генадзю Ўгляніцу гэта пакуль не ўдаецца.
Жонка Андрэя Жарнасека Тацяна празь месяц пасьля ад’езду мужа нарадзіла трэцюю дачку і цяпер занятая выхаваньнем дзяцей. Тацяна Жарнасек не выключае, што і яе чакаюць тыя ж праблемы, зь якімі сутыкнулася Інэса Ўгляніца, калі сабралася ў Нарвэгію да мужа.