“Паштовая скрынка-111”
У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка-111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Станіслаў Лінь з Зэльвы, Ніна Ярмалінская з Салігорску, Андрэй Паско зь Берасьця, Лука Мудроў з Бабруйску і Леанід Усюкевіч зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– разважаюць пра музычныя і вершаваныя творы, што прапанаваныя грамадзянам Беларусі як варыянты будучага дзяржаўнага гімну;
– выказваюць стаўленьне да праблемы ўшанаваньня памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Беларусі;
– распавядаюць пра тое, як мяняецца стаўленьне людзей да незалежнасьці краіны;
– дзеляцца думкамі наконт зьместу асобных праграмаў беларускай Свабоды.
“Палітычная геаграфія”: Верхнядзьвінск (паўтор перадачы 13 чэрвеня)
Верхнядзьвінск стаіць на дзьвюх рэках: Заходняй Дзьвіне і Дрысе. Як найменей пяць стагодзьдзяў горад так і называўся – Дрыса. Але за савецкім часам некаму з прышлых начальнікаў гэтая назва падалася недастаткова мілагучнай, i Дрыса стала Верхнядзьвінскам.
Яшчэ ў 16-м стагодзьдзі ў горадзе была заснаваная адна зь першых беларускіх мытняў. У чарговым выпуску “Палітычнай геаграфіі” Алесь Грыневіч распавядае пра жыцьцё памежнага Верхнядзьвінску.
“Беларуская Атлянтыда”: Сэксуальныя паводзіны чалавека ў Сярэднявеччы (паўтор перадачы 13 чэрвеня)
Царква імкнулася да рэглямэнтацыі шлюбнага жыцьця і сэксуальных паводзінаў чалавека ў адпаведнасьці з хрысьціянскай маральнасьцю. Дзяржава змагалася з прастытуткамі і зводнікамі. А фізычная прырода чалавека і ўлада грошай рабілі сваё – квітнелі дашлюбнае полавае жыцьцё і прастытуцыя, разам зь імі распаўсюджваліся захворваньні на пранцы.
Сэксуальныя паводзіны чалавека ў Сярэднявеччы – тэма чарговай перадачы Вячаслава Ракіцкага “Беларуская Атлянтыда” з удзелам гісторыка Яна Шубанскага.