Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІ КАНГРЭС ВЫКАЗАЎ ПАДЗЯКУ ЎЛАДАМ ПАЎДНЁВАЙ КАРЭІ І ЯПОНІІ ЗА КЛОПАТ У СПРАВЕ БЯСЬПЕКІ НА ЧЭМПІЯНАЦЕ СЬВЕТУ


Віталь Тарас, Прага

Сёньня ў Сэуле перад матчам Кітай – Турэччына каля 200 чалавек заблякавалі дарогу, што вядзе на стадыён. Яны скандавалі “Няхай жыве Фалун Гонг!” Гэта былі прыхільнікі рэлігійнага руху пад назвай Фалун Гонг з Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Тайваню і некалькі чалавек – з Кітайскай Народнай Рэспублікі, дзе гэтая сэкта забароненая.

Многія з кітайскіх заўзятараў памылкова прымалі дэманстрантаў за адмысловую групу падтрымкі, усьміхаліся ім і фатаграфавалі. Між тым, у КНР Фалун Гонг лічыцца шкоднай сэктай, і яе сяброў жорстка перасьледуюць. Арганізатары акцыі ў Сэуле, паводле іх словаў, хацелі паказаць, што Фалун Гонг ёсьць нармальным рухам, які не забаронены ў дэмакратычных краінах. Дарэчы, падобная акцыя адбылася і перад футбольным матчам Кітай – Коста-Рыка ў Кванджу, і паліцыя дала на яе дазвол, але паводле правілаў ФІФА ўсе падобныя акцыі могуць праходзіць не бліжэй як за кілямэтр ад стадыёну.

Такім чынам ФІФА стараецца запабегчы магчымым сутыкненьням паміж заўзятарамі розных камандаў. Праўда, кітайскія заўзятары сваёй камандзе не дапамаглі – пасьля трэцяй паразы, гэтым разам ад зборнай Турэччыны, зборная КНР выбыла з турніру. Выбыла і зборная Коста-Рыкі, якая прайграла Бразіліі, можна сказаць, годна – зь лікам 2-5. Наагул, гэтая каманда з маленькай краіны Цэнтральнай Амэрыкі пакінула прыемныя ўражаньні сваёй гульнёй.

Бурнай была рэакцыя аргентынскіх заўзятараў на тое, што зборная Аргентыны пакінула чэмпіянат. Звыш 60 чалавек былі арыштаваныя па ўсёй краіне у выніку беспарадкаў, учыненых пьянымі заўзятарамі. Дарэчы, розьніца ў часе паміж Аргентынай і Японіяй 12 гадзінаў, таму мільёны прыхільнікаў футболу напярэдадні матчу Аргентына – Швэцыя ляглі спаць апоўдні, каб у начы назіраць за матчам. Але абуджэньне пасьля гэтай “фіесты” для мільёнаў аргентынцаў, якія фанатычна любяць футбол, сталася сапраўдным шокам. Натуральна, швэды адзначылі нічыю з аргентынцамі, якая вывела іх у адную восьмую фіналу, шумнымі сьвяткаваньнямі. Газэты пішуць, што многія заўзятары ў Стакгольме скокалі на радасьцях у фантаны. Увесь цэнтар гораду быў літаральна забіты машынамі зь людзьмі, якія размахвалі нацыянальнымі сьцягамі і дзьмулі ў горны.

Дарэчы, заўтрашні матч Бельгія –Расея выклікае вялікія апасеньні ў Маскве. Як вядома, пройгрыш Расеі камандзе Японіі зь лікам 0-1 скончыўся пагромам у цэнтры сталіцы. У сутыкненьнях загінулі адзін заўзятар і адзін міліцыянт. Былі арыштаваныя 100 чалавек. І хаця спачатку гучалі заклікі спыніць прагляды матчаў на гіганцкім экране, усталяваным на Манежнай плошчы, бо расейскія заўзятары яшчэ не навучыліся сябе паводзіць цывілізавана, вулічны паказ адбудзецца і заўтра. Сталічны мэр Лужкоў, які і быў ініцыятарам гэтых паказаў, узяў пад абарону маскоўскую міліцыю, заявіўшы, што міліцыянты дзейнічалі правільна.

Заўтра, дарэчы, стануць вядомыя ўсе ўдзельнікі адной восьмай фіналу. Пэўныя папярэднія высновы можна рабіць ужо зараз. Па-першае, гэта чэмпіянат нечаканасьцяў. Ніякія мінулыя заслугі не бяруцца пад увагу – як гэта сталася з экс-чэмпіёнамі сьвету французамі ці з аргентынцамі. І па-другое, калі падсумоўваць папярэднія вынікі, дык усе кантынэнты панесьлі страты на першым этапе. Але найбольшыя яны ў Афрыкі – нягледзячы на гарачае надвор’е, дарэчы. Зь пяці афрыканскіх краінаў барацьбу працягвае толькі Сэнэгал. Зборнай ПАР, напрыклад, не дапамог і шаман, пра якога пісалі ў прэсе. Як бачым, шаманства – кепскі сродак ня толькі дзеля барацьбы з засухай, як гэта здарылася ў Беларусі на Віцебшчыне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG