Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РАДЫЯЦЫЙНАЙ ЗОНЕ НАРЫХТОЎВАЮЦЬ КАРМЫ І КАЛГАСЫ, І ЛЮДЗІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што калгасы гаспадараць у зоне цалкам на законных падставах. У месцах, дзе ўзровень радыяцыйнага забруджваньня не перавышае 15 кюры, з дазволу Міністэрства сельскай гаспадаркі можна займацца земляробствам. І перш чым даць дазвол, і ў працэсе карыстаньня землямі ў зоне бяруцца пробы, запэўніваюць чыноўнікі ў Краснапольскім райвыканкаме.

(Шагаў: ) “У нас у грамадзкім сэктары няма выпадкаў здачы на перапрацоўчыя прадпрыемствы — маслазавод і мясакамбінат, радыяцыйна забруджанай прадукцыі, якая б перавышала рэспубліканскія межы. Затое ў прыватнікаў, насельніцтва такое здараецца”.

Людзям на забруджаных тэрыторыях вышэй за 15 кюры катэгарычна забараняецца весьці нарыхтоўку кармоў. Але яны настолькі прызвычаіліся да радыяцыі й перасталі зьвяртаць увагу на гэтую праблему, што часта парушаць забароны ды ігнаруюць угаворы спэцыялістаў.

Таму менавіта цяпер, у пару ўборкі кармоў, ва ўзмоцненым рэжыме павінны працаваць адміністрацыя і ахова зоны, мясцовая міліцыя, лясгас, вэтлябараторыя. Праўда, лясных сьцяжынак, якія вядуць на забароненыя землі, дастаткова, а карпатліва правяраць аддаленыя тэрыторыі прадстаўнікам улады не стае паліва і часу. Пробы прадукцыі прыватнікаў бяруцца рэдка, таму фактаў перавышэньня нормаў — адзінкі.

Хутка пачнецца ягадна-грыбны сэзон. Людзі, для якіх гэтая пара — адна зь нямногіх магчымасьцяў зрабіць крыху разнастайным вясковы рацыён харчаваньня, як правіла, не правяраюць ні грыбы, ні ягады. Больш таго, і ў Краснапольскім раёне вясковыя жыхары імкнуцца зарабіць на суседзтве з зонай і мяхамі прадаюць камэрсантам лісічкі.

Дарэчы, як для народу не існуе забаронаў, якія можна цішком абысьці, так і для сельскіх гаспадарак. Інфармаваныя крыніцы сьцьвярджаюць, што часам дзеля павышэньня паказчыку ўраджайнасьці калгасы на забруджаных тэрыторыях апрацоўваюць свабодныя землі.

(Шагаў: ) “У Японіі была падобная катастрофа, але ўсё ж японцы — больш цывілізаваныя за нашых людзей. Нашым цяжка растлумачыць і выпадае дзейнічаць сілавымі мэтадамі, пільнаваць ды прымушаць”, — так лічыць знаўца радыяцыйнай Краснапольшчыны.

У гэтым раёне зьявіўся нават такі тэрмін як “радыялягічная культура”. Менавіта ад яе залежыць, як чалавек будзе сябе паводзіць ва ўмовах радыяцыйнага забруджаньня, ці будзе труціцца няякаснай прадукцыяй сам ды труціць іншых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG