Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ РЭЗКА ПАДВЫСІЛІСЯ ЦЭНЫ НА АЎТАМАБІЛЬНАЕ ПАЛІВА


Ігар Карней, Менск

На аўтазалівачных станцыях па-ранейшаму нямала машынаў: сэзон адпачынкаў, людзі выяжджаюць на лецішчы, у вёскі. Але чэргі не зьбіраюцца, бо ўсе літаральна “цыркаюць” у бакі па 5–10 літраў. Розьніца паміж ранейшымі 550 рублямі за літар самага папулярнага АІ-92 і цяперашнімі 660 адчувальная.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчулі вы на сваім сямейным бюджэце, што бэнзын падаражэў дататкова істотна?”

(Кіроўца: ) “Так, адзназначна”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі максымальна зараз можаце дазволіць заліць у бак?”

(Кіроўца: ) “10 літраў, а то і 5”.

(Кіроўца сярэдняга ўзросту: ) “Адчуваю, што пасьля падаражэньня бэнзыну і ўсё астатняе пойдзе ўверх. Гарэлка ўжо двойчы за месяц даражэла”.

(Два таксысты: ) “Мы гаварыць ня ўмеем, яшчэ чаго напляцем непатрэбнага”.

(Карэспандэнт: ) “Ды толькі пра бэнзын!”

(Таксысты: ) “А, пра бэнзын? Лепей, каб гаварыць: на колькі ўпала, чым паднялося. У наш час гэтыя пад’ёмы вельмі адчувальныя... Так задушылі, што ня ведаюць, з чаго яшчэ зьдзерці. Хутка шкарпэткі будуць зьдзіраць у людзей. Гоняць, гоняць гэтыя цэны. Як так? Народу гэта ўсё ўжо астачарцела. А ў нас ніхто ні пра што не запытае, вось ты толькі. Што хочуць, тое і робяць: “Мы за народ, дзеля народу!” Як шырмай прыкрыліся народам... Любое падаражэньне — бэнзын, прадукты — гэта вельмі цяжка. А пэнсія не павялічваецца. Як было 80 тысяч, так і ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А для вашага бюджэту ці адчувальна падвышэньне коштаў на бэнзын?”

(Кіроўца сярэдняга ўзросту: ) “Адчувальна для ўсіх. Гэта адрэзануе і на абслугоўваньні аўтамабіля. На жаль, у нашай краіне ўсяго можна чакаць: заўтра ж зноў падымуць. Неяк хваліліся што з азэрбайджанцамі падпісалі пагадненьне — маўляў, будзе таньней... Можа, хоць унукі дачакаюцца”.

У канцэрне “Белнафтахім” чарговае падвышэньне цэнаў на паліва ўжо звыкла называюць вымушанай мерай. Маўляў, падвышае ўвесь сьвет, падвышаем і мы. Пры гэтым, узровень даходаў грамадзянаў у краінах, дзе бэнзын сапраўды дарагі, і ў Беларусі ніяк не параўноўваецца. Гаворыць кіраўнік дэпартамэнту гандлю “Белнафтахіму” Віктар Азараў.

(Азараў: ) “У Расеі цэны вырасьлі адсоткаў на 13.У нас жа сьветлае паліва ўсяго на 7%; мазут, нафтабітум, гудрон — на 10%. А тое, што ў Расеі па-ранейшаму паліва больш таннае — дык што ж вы хацелі? Свая нафта, свае транспартныя выдаткі, іншага і быць ня можа. Ці будуць некалі выраўненыя цэны? — ня ведаю, але пакуль сытуацыя такая. Паколькі рэзка вырасьлі цэны на нафту, працаваць са стратамі для сябе нашыя прадпрыемствы ня могуць. Таму і нам дзецца няма куды, і Расеі. Вымушаныя падвышаць.

Беларускай нафты здабываецца толькі 1,8 мільёна нафты штогод, а гэта 20% ад неабходнага. Запасы ўсе разьведаныя, канчаюцца. Таму купляць будзем надалей. Пра нейкае блізкае падаражаньне гаворкі пакуль няма. Можа, кошт і паменшыцца. Усё будзе залежаць ад сытуацыі на міжнародным нафтавым рынку”.

Жыхары памежных з Расеяй раёнаў не купляюць паліва ў Беларусі цягам ужо пяці гадоў: геграфічная блізкасьць той жа Смаленшчыны дае магчымасьць нядрэнна заашчадзіць. У прыватнасьці, гэтак робіць бальшыня матарызаваных жыхароў Воршы. Але апошнія тэндэнцыі на расейскіх аўтазалівачных станцыях беларусаў ня радуюць.

(Прадпрымальнік: ) “Апошнім часам кошты пачалі падымацца. Прыкладам, 92-гі бэнзын быў восем з паловай расейскіх рублёў — гэта 485 нашых. Зараз кошты крыху вырасьлі. Тое ж па салярцы: ёсьць ужо па 7.10, хоць два тыдні таму было 6.50. Але ўсё роўна сем рублёў — гэта 400 нашымі рублямі, тады як у Беларусі салярка ўжо 520. Калі многа заліваць і шмат езьдзіць, то адчувальная розьніца. Ва Ўкраіне ніжэйшыя за нашы кошты. І гэта тая Ўкраіна, якой Расея ніякай палёгкі ня робіць, патрабуе ў поўным аб'ёме грошы. Салярка — прыкладна 1 грыўна, альбо 360 беларускіх рублёў. Таму ў нас ніхто не заліваецца ў Воршы — балазе, да мяжы блізка. Едзеш на выходныя ў Смаленск па харчы, каністры ўзяў — заліў”.

Тым часам, абсалютная бальшыня беларускіх кіроўцаў вымушаная спажываць тое, што прапануюць залівачныя станцыі не суседніх краінаў, а сваёй радзімы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG