На самым пачатку паседжаньня судзьдзя Тацяна Клімава адхіліла хадайніцтва абароны. Адвакат Сяргей Цурко прапанаваў прыпыніць працэс і спаслаўся на рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду аб закрыцьці газэты “Пагоня”, якое ён лічыць незаконным.
Першым суд заслухаў Аляксея Салея, які ў рэдакцыі займаўся вёрсткай газэты, а таксама абнаўляў сайт “Пагоні” у інтэрнэце. Пракурор Уладзімер Рабаў спрабаваў уплываць на яго, зачытваў нормы пакараньня за непраўдзівыя паказаньні. Адвакат Цурко расцаніў гэта як псыхалягічны ціск, і судзьдзя падтрымала ягоны пратэст.
Аляксей Салей расказаў, як пракуратура летась 5 верасьня арыштавала сыстэмныя блёкі рэдакцыйных кампутараў, якія не былі апячатаныя.
Ірына Салей і Сьвятлана Гібульская паведамілі пра тое, як рыхтавалі да друку тэксты арыштаваных пракуратурай двух нумароў “Пагоні”.
Супрацоўніц друкарні Натальлю Баравік і Натальлю Кавалеўскую пракурор распытваў наконт верша пад назвай “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць”. Верш — адзін з пунктаў абвінавачаньня. Ці чыталі яны яго? І ці не пазналі ў ананімным лірычным героі Аляксандра Лукашэнку?
Адзін з прысутных юрыстаў зазначыў, што думкі сьведкаў выкарыстоўваюцца ў якасьці доказаў. І што абвінавачаньне пабудавана на меркаваньнях, а не на доказах.
Супрацоўнік абласной управы КГБ Віталь Салавей паведаміў, як ён нібыта знайшоў у інтэрнэце арыштаваныя нумары “Пагоні”. Як скачаў інфармацыю на жорсткі дыск, затым на дыскету. Потым зноў на жорсткі дыск. У выніку надрукаваў тэксты, якія ня маюць інтэрнэт-адрасу. Усе гэтыя дзеяньні не былі задакумэнтаваныя, як належыць.
Гаворыць адвакат Сяргей Цурко:
(Цурко: ) “Я, шчыра кажучы, задаволены сёньняшнім працэсам. Таму што абвінавачаньне запрасіла ў якасьці сьведкі супрацоўніка КГБ, які раздрукаваў інфармацыю з інтэрнэту. І гэты сьведка пацьвердзіў пазыцыю абароны. Тое, што абвінавачаньне грунтуецца на адным факце распаўсюджаньня інфармацыі супраць прэзыдэнта Лукашэнкі праз інтэрнэт. Але якім чынам? Гэта патлумачыў сьведка з КГБ. Ён пацьвердзіў тое, што КГБ атрымаў інфармацыю з інтэрнэту з парушэньнем Працэсуальна-крымінальнага кодэксу. Не выносілася ні пастанова пра вынятку, ні пратакол выняткі, не было пры гэтым панятых, якія маглі б засьведчыць законнасьць гэтага дзеяньня. І таму гэтае сьледчае дзеяньне ня можа класьціся ў аснову абвінаваўчага прысуду. Нават абвінавачаньне ня мелі права прад’яўляць Маркевічу і Мажэйку. Таму што абвінавачаньне атрыманае з найгрубейшым парушэньнем закону. І таму, з пункту гледжаньня закону, калі суд будзе гэтым кіравацца, вынік сёньняшняга дня — гэта апраўдальны прысуд.
Прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Іван Лепешаў засьведчыў у судзе, што ў публікацыях “Пагоні” не было паклёпу на прэзыдэнта. Дарэчы, экспэртнае заключэньне апроч яго падпісалі яшчэ два выкладчыкі.