Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ НЯ ВЕРАЦЬ ВЕДЗЬМАКАМ


Галіна Абакунчык, Менск

Значная частка маіх суразмоўцаў увогуле адмаўлялася паверыць, што на Шаркоўшчыне зьявіўся вядзьмак — і ня сам, а на запрашэньне мясцовых уладаў. Я прасіла паверыць мне на слова, і людзі камэнтавалі гэты факт па-рознаму: з гіроніяй і ўсур’ёз, але амаль усе адмоўна.

(Спадар: ) “Такога ня можа быць, што на Віцебшчыне ёсьць шаманы. Ня верыцца нават. Пакуль нічога не магу сказаць пра гэта”.

(Іншы спадар: ) “Я думаю, што гэта лухта. Я ня веру ў шаманаў”.

(Спадарыня: ) “Гэта ўсё ад Бога залежыць. Калі даў ён дождж, значыць так трэба, а калі не, то не заслужыў народ”.

(Спадар: ) “Няхай яшчэ з Марсу паклічуць каго-небудзь”.

(Спадарыня: ) “Вядзьмак — гэта кепска. Ён жа на добрае ня вядзьмачыць, а на благое”.

(Спадар: ) “Шаманства гэтае не дапаможа. Правільна, ім трэба ўраджай ратаваць, дык яны выклічуць каго хочаш. Гэта іхныя праблемы”.

(Спадарыня: ) “Шаман? А што можа зрабіць шаман, калі беларускі ўрад нічога зрабіць ня можа? Факт вельмі непрыемны для Беларусі. Шаман няхай шаманіць там, дзе ён і жыве, а не ў Беларусі”.

(Спадар: ) “Што я пра гэта думаю? Калі жабрацтва, дык якіх хочаш ёлупняў сюды навязуць. Вось што я думаю”.

(Спадарыня: ) “Можа, хто й верыць у звышнатуральныя сілы, але спадзявацца на іх, думаю, ня варта”.

Рэдкія зь мінакоў лічаць факт прысутнасьці на Віцебшчыне чараўніка зьявай станоўчай і плённай. Але й такія меркаваньні ёсьць.

(Спадар: ) “Вельмі станоўча стаўлюся. Калі вы пацікавіцеся гэтай зьявай, то зразумееце, што ніякае гэта не шарлятанства, а цэлая навука, якая ў нас, на жаль, ігнаруецца”.

(Спадар: ) “Калі цяжка, то ўсе сродкі добрыя. Я ўчора глядзеў тэлебачаньне й казалі, што сёньня дажджу ня будзе. А я ранкам выехаў зь Мядзелу, дык кіроўца з Паставаў казаў, што сёньня зранку там быў дождж. Так што, відаць, шаман ноччу добра папрацаваў”.

Рысу прашу падвесьці зьбіральніцу ахвяраў на патрэбы праваслаўнай царквы.

(Спадарыня: ) “Ніякі вядзьмак нічога не дапаможа. Адзінае — гэта калі царква распачне маліцца і ўсе людзі, якія вераць. Вось гэта будзе дапамога. Мы ўчора ўвесь дзень маліліся, і сёньня пайшоў дождж. Толькі адзін Госпад дапамог. Як сказана ў пісаньнях: прасіце Бога, і ён не адмовіць”.

Пры канцы размовы, калі мікрафон быў ужо выключаны, жанчына сказала, што вядзьмацтва — гэта цяжкі грэх, які цягне за сабой новую бяду. А затым папрасіла праз радыё заклікаць людзей паехаць на Шаркоўшчыну ды таго вядзьмака прагнаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG