Сябры дэлегацыі ПАРЭ выказвалі шкадаваньне, што за доўгі час беларускім сьледзтвам ня выяўлена ніякай новай інфармацыі пра зьніклых, і што суд па справе зьнікненьня Зьмітра Завадзкага быў закрыты. Прананову пра накіраваньне Радай Эўропы незалежных экспэртаў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў успрыняў нэгатыўна.
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі быў больш дыпляматычны — ён сказаў прадстаўнікам ПАРЭ, што пры пэўных умовах гэтыя замежныя экспэрты маглі б кансультаваць беларускіх сьледчых. У цэлым жа парлямэнтары з Эўропы засталіся вельмі не задаволеныя вынікамі сустрэчы зь міністрам Навумавым. Гаворыць прадстаўніца Ліхтэнштэйну Рэнат Вольвэнд:
(Вольвэнд: ) “Я была вельмі ўзрушаная рэакцыяй міністра ўнутраных спвраў, які быў надзвычай агрэсіўны. Ён сказаў: пра каго вы тут гаворыце, за першыя пяць месяцаў гэтага году ў Беларусі тры тысячы чалавек зьніклі. Такім чынам, усе іхныя жонкі й маці прыходзілі на перамовы з вамі... Прабачце, калі ласка, але я лічу, што гэта сапраўднае глупства. Я была нават расчараваная, бо такія паводзіны зусім не пасуюць чалавеку такога высокага ўзроўню адказнасьці. Не было так шмат няветлівасьці ў ягонай прамове, але гэта не былі паводзіны дзяржаўнага чалавека, які прадстаўляе сваю краіну і народ сваёй краіны”.
Сяброўка дэлегацыі ПАРЭ Рэнат Вольвэнд лічыць, што яе арганізацыя можа дапамагчы жонкам зьніклых беларускіх палітыкаў тым, што будзе зноў і зноў дамагацца адказу ад беларускіх уладаў, падштурхоўваць іх у правядзеньні сьледзтва ды ўздымаць гэтую тэму на сваіх паседжаньнях.
Дэпутатка зь Нідэрляндаў Анс Цвэрвэр упершыню наведала Беларусь. Вось што яна сказала пра свае ўражаньні ад сустрэчаў:
(Цвэрвэр: ) “Я мела такое ўражаньне, нібыта наведала дзьве розныя краіны на працягу гэтых трох дзён візыту — настолькі вялікая розьніца паміж дзяржавай і беларускай грамадзянскай супольнасьцю”.
Італьянскі дэпутат Франка Даніэлі ня першы раз наведвае Беларусь, і цяпер ён заўважыў пэўны прагрэс:
(Даніэлі: ) “Я канстатаваў, што ёсьць пэўны прагрэс, бо ўчора на сэмінары мы чулі розныя думкі й пазыцыі. І мы чулі выказваньні добрай волі ад прадстаўнікоў улады. Відавочна, што гэтыя дэклярацыі цяпер трэба ўвасобіць у канкрэтныя факты”.
А вось прадстаўнік Літвы Ёнас Чэкуоліс ня мае такога аптымізму. Ён ня бачыць моцнай палітычнай волі дзеля выкананьня гэтых абяцаньняў.
(Чэкуоліс: ) “У студзені я чуў усё тое самае, што чуў цяпер у чэрвені. Тады казалі, што гэты закон ужо амаль гатовы, а прыехаў цяпер — кажуць, заўтра будзе. Гэтае “заўтра” цягнецца ўжо паўгода. А калі паглядзець іншыя дакумэнты, то можна знайсьці і больш раньнія абяцаньні”, — зазначыў сябра дэлегацыі ПАРЭ Ёнас Чэкуоліс зь Літвы.
Ён лічыць што Літве ўдалося вярнуць увагу Рады Эўропы да Беларусі, наладзіць больш кантактаў, аднак іншыя яе намаганьні па-суседзку дапамагчы Беларусі ў справе дэмакратызацыі пакуль плёну не далі.