Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІ БПСМ ЗЛАВІЛІ НА СКАЖЭНЬНІ СПРАВАЗДАЧНАСЬЦІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў, што Магілёўская абласная арганізацыя БПСМ істотна сказіла ў бок павелічэньня колькасьць сваіх першасных арганізацыяў і сяброў.

У Мсьціслаўскім раёне кантралёры не далічыліся анкетаў амаль паўтысячы членаў БПСМ і 13 першасных арганізацыяў. У Бабруйску ў члены БПСМ прыпісалі 800 чалавек. У Крычаўскім раёне, акрамя некалькіх соцень сяброў, так і не знайшлі 9 першасных арганізацыяў.

Але з самым вялікім размахам дзейнічалі лідэры патрыятычнага саюзу моладзі ў Магілёве. У трох раёнах прыпіска склала больш за 3 тысячы сяброў.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю зрабілі выснову: калі фактычна ў абласной арганізацыі БПСМ значна менш сяброў, чым гэта дакляравалася, то і апарат абкаму залішне вялікі, і зашмат выдаткоўваецца грошай на яго ўтрыманьне.

Наяўнасьць вакантных пасадаў у абкаме дазволіла яго супрацоўнікам атрымліваць неблагія прэміі. Праўда, дзеля гэтага некаторым лідэрам БПСМ даводзілася мяняць пасады ў абкаме два–тры разы на год і пераходзіць “па коле” на вакантныя. Сёньня чалавек быў, напрыклад, начальнікам аддзелу патрыятычнага выхаваньня, а праз тры месяцы — галоўным спэцыялістам арганізацыйна-кадравай работы. Такая ўнівэрсальнасьць тлумачыцца тым, што дзяліць грошы можна было толькі ад тых пасадаў, якія вакантныя менш за тры месяцы.

Асобны эпізод праверкі — гэта заробак першага сакратара абкаму. Прэміі яму выплачваліся да 219% ад акладу. З матэрыяльнай дапамогай таксама не разьменьваліся на дробязі. Таму часам галоўны бэпээсэмавец Магілёўшчыны атрымліваў заробкі, якія перавышалі ягоны аклад у 5–8 разоў. Напрыклад, у сьнежні заробак першага сакратара склала 580 тысяч рублёў.

Вынікі праверкі, сьцісла выкладзеныя і распаўсюджаныя “Інтэрфаксам”, раззлавалі абласное кіраўніцтва. Аднак чыноўнікі сталі ганьбаваць ня лідэраў БПСМ, а Камітэт дзяржкантролю і журналістаў, якія абнародавалі інфармацыю пра падман.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз, які курыруе пытаньні ідэалёгіі, паабяцаў разабрацца і з “Інтэрфаксам”, і з кантралёрамі. У адказ супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю паабяцалі перадаць у СМІ канчатковыя вынікі праверкі БПСМ, якая ўсё яшчэ працягваецца. Абяцаюць, што там будуць такія факты, якія зробяць яшчэ большае ўражаньне на падаткаплатнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG