Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТ ПАРЭ ПУБЛІЧНА ПРЫЗНАЕ, ШТО СРОДКІ ЎЗЬДЗЕЯНЬНЯ НА БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ВЕЛЬМІ АБМЕЖАВАНЫЯ


Уладзімер Глод, Менск

Спадар Бэрэндт як адмысловы дакладчык у справах Беларусі й кіраўнік групы дэпутатаў, што прыехала ў Менск, адзначыў на прэсавай канфэрэнцыі, што паляпшэньне стасункаў Беларусі з ПАРЭ немагчымае, пакуль беларускія ўлады ня вырашаць канфлікту з АБСЭ. Пасьля гэтага выказваньня журналісты адразу спыталіся ў спадара Бэрэндта, што можа зрабіць ПАРЭ дзеля разьвязаньня сытуацыі.

(Бэрэндт: ) “На жаль, сродкі, якія ў нас ёсьць для разьвязаньня праблемы, вельмі абмежаваныя. Мы можам толькі апэляваць да беларускіх уладаў, што мы й зрабілі ў сёньняшнім прэсавым рэлізе, заклікаць іх да супрацоўніцтва з АБСЭ, да пошукаў узаемна прымальнага рашэньня. Адзінае, што мы можам зрабіць — размаўляць з нашымі калегамі з АБСЭ і нацыянальных парлямэнтаў, перадаць ім тую інфармацыю, якую мы тут атрымалі”.

Паводле Вольфганга Бэрэндта, сёньня раніцай падчас сустрэчы міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў даў ясна і недвухсэнсоўна зразумець, што афіцыйныя ўлады настойваюць на пераглядзе мандату Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. Дэпутаты зь іншай міжнароднай арганізацыі ня могуць камэнтаваць гэтую сытуацыю, лічыць Вольфганг Бэрэндт. Але як дэпутат Бундэстагу, ён падзяляе пазыцыю ўраду Нямеччыны, сутнасьць якой у тым, што няма ніякіх падставаў для зьмены мандату.

Пасьля вяртаньня ў Страсбур спадар Бэрэндт ад імя дэлегацыі выступіць з кароткай справаздачай на паседжаньні бюро Парлямэнцкай Асамблеі. Паводле ягоных словаў, гэта будзе часткай той працы, якую вядзе бюро адносна Беларусі, і кожны там зможа выказаць свае думкі. Але асноўная дыскусія адносна беларускага пытаньня пройдзе ў Страсбуры ў верасьні.
Гаворыць віцэ-прэзыдэнт ПАРЭ:

(Бэрэндт: ) “Я спадзяюся, што ў верасьні ў асамблеі пройдуць сур’ёзныя і грунтоўныя дэбаты адносна Беларусі. А рашэньне аб вяртаньні статусу адмыслова запрошанага будзе абмяркоўвацца ў бюро. Я мяркую, што бюро будзе займацца гэтым пытаньнем таксама ў верасьні. Але тут ёсьць вельмі важная перадумова, пра якую я ўжо казаў — да гэтага часу неабходна вырашыць канфлікт, які ўзьнік паміж Беларусьсю і АБСЭ”.

Тут самы раз нагадаць, што рашэньне пра замарожваньне для Беларусі статусу адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы было прынятае 13 студзеня 1997 году менавіта бюро ПАРЭ. Такім чынам, у верасьні тое ж бюро можа альбо пакінуць сваё папярэдняе рашэньне бязь зьменаў, альбо вярнуць статус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG