На пачатку сустрэчы кіраўнікі дзяржаваў у прысутнасьці прэсы абмяняліся рэплікамі, якія можна ўспрымаць неадназначна. Пуцін заявіў, што, паводле сацыялягічных зьвестак, пераважная большасьць жыхароў Беларусі выступае за больш цесны саюз з Расеяй. Аднак 50% выступаюць за захаваньне сувэрэнітэту Беларусі, — зазначыў расейскі прэзыдэнт, нібы выступіўшы такім чынам у ролі абаронцы беларускага сувэрэнітэту.
На гэтую заўвагу Лукашэнка адказаў таксама даволі двухсэнсоўна:
(Лукашэнка: ) “У нас у Беларусі чакаюць адказу, якім быць нашаму саюзу ў будучым. І я ўжо гаварыў, што ці то на жаль, ці то на шчасьце нам выпала адказваць на гэтае пытаньне. Пытаньне цяжкае — таму “на жаль”, а “на шчасьце” — бо час выбраў нас”.
На гэтую тэму — шчасьце ці шкадаваньне выклікае саюзная дзяржава — кіраўнікі Беларусі й Расеі размаўлялі каля трох гадзінаў, значна даўжэй, чым было прадугледжана графікам сустрэчы.
Яшчэ перад сустрэчай Пуцін паведаміў, што падчас размовы будзе абмеркаваная праблема ўнутраных расейскіх цэнаў на энэрганосьбіты для Беларусі, а таксама пытаньні падаткаабкладаньня і далейшай уніфікацыі мытных тарыфаў.
Як адзначылі расейскія тэлеканалы, Пуцін адразу даў зразумець, што на першы плян трэба вылучаць пытаньні эканамічнай інтэграцыі. Яны і сталі галоўнымі ў часе перамоваў. Як паведаміла прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, беларускі кіраўнік зьвярнуўся да Пуціна з просьбай разгледзець комплекс праблемаў, зьвязаных з эканамічнай сфэрай.
Ліст Лукашэнкі пра стан выкананьня шэрагу беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў уключае ў сябе некалькі пунктаў — пастаўка газу, прыняцьцё рашэньня пра набыцьцё беларускай аграпрадукцыі за кошт пагашэньня беларускай запазычанасьці, а таксама пастаўка нафты, цукру ды іншых пытаньняў. Іншыя тэмы сустрэчы — падрыхтоўка Канстытуцыйнага акту і рэалізацыя дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, як паведамляе Натальля Пяткевіч, будуць абмяркоўваць падчас другой часткі перамоваў.