Літоўская Геральдычная камісія зьвярнулася ў Сойм Літвы з прапановай ўзаконіць старажытны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага і старажытную выяву Вялікага гербу ВКЛ у якасьці дзяржаўных сымбаляў сучаснай Літвы. Геральдычная камісія прапануе Сойму спачатку прыняць пастанову адносна законнага статусу гэтых сымбаляў, а пасьля зьмяніць Канстытуцыю Літоўскай Рэспублікі, каб надаць адпаведны статус Дзяржаўнаму сьцягу і Вялікаму гербу ВКЛ паводле старажытнага ўзору.
Першы намесьнік старшыні Літоўскага Сойму Чэсловас Юршэнас прадставіў прапанову Геральдычнай камісіі на разгляд Сойму. У дакумэнце паведамляецца: “Да цяперашняга часу без увагі заставаліся бясспрэчныя сымбалі Літоўскай дзяржаўнасьці. Гэта – старажытны сьцяг Літоўскай дзяржавы (маецца на ўвазе ВКЛ) і Вялікі герб з дэвізам і ўсімі іншымі аздобамі, якія даўней часта выкарыстоўваліся для рэпрэзэнтацыі краіны ў часе найважнейшых імпрэзаў”.
Прапанаваны сьцяг цалкам чырвоны з выявай белай Пагоні, вершнік трымае чорны шчыт з жоўтым крыжам, хвост каня ўзьняты ўверх. Гэткаму сьцягу мяркуецца надаць афіцыйны статус “дзяржаўнага гістарычнага сьцяга”. У гістарычнай сымболіцы, што была прынятая на Беларусі, хвост каня апушчаны ўніз, дакладна паводле гістарычнай выявы Пагоні (як на вядомым малюнку 1575 г.).
Паводле 1-га артыкула Канстытуцыі ЛР, дзяржаўны сьцяг Літвы – трохколерны, з жоўтай, зялёнай і чырвонай паскамі, а дзяржаўны герб – белая выява Пагоні на чырвоным тле.
На гэтай выяве хвост у каня пад вершнікам апушчаны ўнііз. Для ўзаконьваньня новага сьцягу, які ў Літве называюць старажытным сьцягам Літоўскай дзяржавы, патрэбны рэфэрэндум, бо 1-ы артыкул Канстытуцыі можа быць зьменены толькі гэткім чынам.
Праект Дзяржаўнага сьцягу створаны мастаком Арвідасам Каждайлісам і экспануецца у фае Сойму, а ў інтэрнэце выявы сьцяга ёсьць на старонках інфармацыйных агенцыяў ЕLTA, BNS, Delfi.
У Літоўскіх мэдыях і ў інтэрнэце тым часам ўжо з’яўляюцца артыкулы пра падабенства цяперашняга літоўскага трохколернага сьцяга на сьцягі афрыканскіх краінаў – маўляў, як ісьці ў Эўразьвяз са сьцягам, які выглядае па колерах гэдак жа, як сьцягі Сэнэгала, Малавіі ці Конга.