Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛГАС “ДРЫБІНСКІ” ДАБІВАЕЦЦА ЗАРОБКАЎ СТРАЙКАМІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Паводле словаў галоўнай бугальтаркі калгасу “Дрыбінскі”, мэханізатары зарабілі на сёлетняй пасяўной каля 200 тысяч рублёў месячнага заробку. Страйкавала і патрабавала заробкаў каля 40 чалавек. “Людзі хочуць есьці й адправіць дзяцей на летні адпачынак”, — растлумачыў іхныя матывы старшыня калгасу Аляксандар Трапуцін.

Калгас “Дрыбінскі” — вядомая гаспадарка ў вобласьці, вядомая найперш актыўнай грамадзянскай пазыцыяй тутэйшых працаўнікоў. Колькі гадоў яе ўзначальваў актывіст БНФ Мікалай Юркоў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён пайшоў з пасады старшыні, але нават абласное кіраўніцтва бачыць у сытуацыі ў “Дрыбінскім” уплыў Юркова. Таму што гэты працоўны калектыў, у адрозьненьне ад іншых сельскіх гаспадарак, не маўчыць, а гучна патрабуе выканання сваіх законных правоў.

Дрыбінскія чыноўнікі зараз гавораць, што ў гэтым калгасе ня самая горшая сытуацыя з выплатамі заробкаў. Большасьць грошай за сакавік у “Дрыбінскім” атрымалі. Але мэханізатары і іхныя сем’і лічаць любыя затрымкі незаконнымі.

Прадстаўнікі рады калгасу мелі з гэтай нагоды сустрэчу з кіраўніцтвам райвыканкаму. Чыноўнікі скардзяцца, што ім пагражаюць страйкам і раздражнёна камэнтуюць, што выканаўчая ўлада адказвае за выплату заробкаў у недзяржаўных арганізацыях, якімі зьяўляюцца калгасы, толькі ўскосна.

Справа ў тым, што калгас “Дрыбінскі” ня можа выплаціць заробкі сваім працаўнікам у сувязі зь вялікай запазычанасьцю перад ім масласырзаводу і мясакамбінату. На сёньняшні дзень гэта 70 мільёнаў рублёў, амаль двухмесячны заробак. Але прадпрыемствы не вяртаюць грошай калгасу, бо ў іх няма збыту прадукцыі. Платаздольнасьць беларускага насельніцтва нізкая, дарагое масла, казэін і каўбаса не патрэбныя і за межамі краіны.

Гэтая сытуацыя абвастраецца ня першы раз. Калгас “Дрыбінскі” зьбіраўся страйкаваць пры канцы красавіка з патрабаваньнем лютаўскага заробку. Тады страйк зь мітынгам у райцэнтры “вэртыкаль” прадухіліла, частку запазычанасьцяў гаспадарцы аддалі. Цяпер — новы “віток” супрацьстаяньня.

Самае дрэннае, лічаць дрыбінскія чыноўнікі, што бунтарскі калгас падае, як яны кажуць “дрэнны прыклад” іншым установам. Паводле апошняй інфармацыі, пачалі ўголас наракаць на хранічнае безграшоўе і супрацоўнікі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Сельгасхімія” Дрыбінскага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG